Зямля бацькоў — зямля дзяцей

З чаго пачынаецца Радзіма?.. Адказ на гэтае пытанне з усім вядомай песні для кожнага чалавека свой. У час, які праходзіць пад знакам Года малой радзімы, ён становіцца  як ніколі актуальным і па-сапраўднаму хвалюе юныя душы.

Інтэрактыўная экскурсія па фотазоне.

Наш педагагічны калектыў разумее, што рух да вызначанай мэты — фарміравання грамадзянскіх якасцей і каштоўнасных жыццёвых арыенціраў навучэнцаў — будзе больш паспяховым з прымяненнем доўгатэрміновых комплексных форм работы. У пачатку Года малой радзімы творчай групай педагогаў быў распрацаваны агульнашкольны праект “Зямля бацькоў — зямля дзяцей”, ідэя якога заключаецца ў арганізацыі выхаваўчай работы ў рамках разнапланавых модуляў. Іх назвы дадзены згодна з літарамі ў словазлучэнні “МАЛАЯ РАДЗІМА” і дакладна адлюстроўваюць мэтавыя ўстаноўкі і зместавае напаўненне кожнага: “Марафон маладых“, “Аўтабіяграфія: Раскажы  мне пра сябе” , “Лабараторыя творчасці”, “Абітурыент — прафесіянал”, “Я — асоба, я ў маім горадзе”, “Род і сям’я — мае карані і сіла”, “Ад абеліска — да абеліска”, “Дружба па-за фарматам”, “Ініцыятыва — роднай школе і гораду!”, “Мая спадчына”, “ProАктыўнасць”.

Адкрыццё музейнай экспазіцыі.

З чаго ўсё пачалося?

Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікае гісторыя іх сем’яў, у якіх жылі і працавалі першабудаўнікі нашага любімага горада Наваполацка, што з’явіўся на карце Беларусі ў 1958 годзе. Навучэнцы з відавочнай цікавасцю разглядаюць старыя чорна-белыя фотаздымкі, пытаюцца ў бацькоў, якія кнігі тыя чыталі ў дзяцінстве, якую музыку слухалі. Ім хочацца дакрануцца да рарытэтных прадметаў побыту, адкрыць накрыўку радыёлы, разгледзець пласцінку, пагартаць стары бабулін буквар, бо гэта — глыбокі пласт гісторыі, хаця і здаецца, што 60 гадоў — зусім няшмат! Менавіта фотазона “Вераснёвы ранак у сям’і першабудаўнікоў” дала ідэйны штуршок і афіцыйны старт агульнашкольнаму доўгатэрміноваму праекту “Зямля бацькоў — зямля дзяцей”. Папулярызацыя гістарычна-культурнай спадчыны новапалачан — такой была задача фотазоны, якую старанна, карпатліва, з вялікай любоўю стварала ўся наша школьная сям’я: работнікі, дзеці і іх баць­кі. Сімвалічна, што яна з’явілася ў фае школы 1 верасня 2018 года — у Дзень ведаў і ў год 60-гадовага юбілею Наваполацка. Фотазона першапачаткова не планавалася для такога выкарыстання, але неўзабаве стала рабочай: на яе базе былі праведзены інтэрактыўныя экскурсіі, у ходзе якіх навучэнцы дэкламавалі ўрыўкі з кніг, узятых на кніжнай паліцы, гулялі ў шахматы незвычайнага выгляду, спявалі песні, прадстаўленыя на старых пласцінках…

Мітынг памяці на школьнай плошчы.

А калі азірнуцца назад?

За два гады столькі пройдзена… Паспрабуем азірнуцца назад і крыху расказаць, што адбывалася ў рамках розных модуляў праекта. У школе актыўна дзейнічае пярвічка БРСМ “Рэальная моладзь”. На яе рахунку — дзясяткі цікавых, карысных і добрых спраў. Падчас рэалізацыі праекта “Зямля бацькоў — зямля дзяцей” моладзі дабавілася работы: 29 кастрычніка 2018 года камсамол адзначаў стагадовы юбілей. І пярвічка арганізавала ў школе “Марафон маладых”, прысвечаны гэтай слаўнай даце. Школьнікі стварылі біяграфічны відэаролік з удзелам Л.У.Лашковай, старшыні Наваполацкай гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа, а раней — першага сакратара Наваполацкага гаркама камсамола. Ролік, дарэчы, удзельнічаў у гарадскім відэапраекце “Камсамол у маім лёсе, лёсе маёй краіны” і стаў яго абсалютным пераможцам. Цэнтральнай творчай справай у рамках “Марафону маладых” стала рэалізацыя міні-праекта “Камсамолу школы — 50!” па стварэнні віртуальнага музея школьнай камсамольскай арганізацыі, які зараз прадстаўлены на сайце пярвічкі brsmschool 3.blogspot.com.

Выхаванне грамадзяніна і патрыёта сваёй зямлі праз творчасць з’яўляецца асаблівым напрамкам у сістэме выхаваўчай работы нашай школы, таму што яна мае музычны ўхіл. Педагогі-прадметнікі, класныя кіраўнікі, выкладчыкі музычных дысцыплін — усе разам імкнуцца падрыхтаваць моладзь да такой жыццядзейнасці, калі прадметныя веды спалучаюцца з пазіцыяй грама­дзянскага абавязку, асабістыя інтарэсы — з імкненнем быць карысным грамадству, і ўсё гэта — праз творчую самарэалізацыю. Нядзіўна, што вялікі пласт работы арганізаваны менавіта ў рамках модуля “Лабараторыя творчасці”. Напрыклад, аўтарская група пяцікласнікаў правяла даследчую работу па вывучэнні батлейкі як напрамку тэатральнага мастацтва. Дзеці самі вырабілі батлейку і лялек, напісалі некалькі сцэнічных дыялогаў, паказалі свае пастаноўкі перад навучэнцамі пачатковай школы і атрымалі нямала станоўчых водгукаў гледачоў.

Квест-гульня “Пошук сябра”.

— Невыпадкова наша школьная батлейка з’явілася на свет менавіта ў Год малой радзімы. Міхаіл Ламаносаў калісьці сказаў: “Народ, які не ведае свайго мінулага, не мае будучыні!” Я і мае сябры заклікаем усіх школьнікаў вывучаць, адра­джаць і развіваць народнае мастацтва, — падвяла вынікі сваёй працы пяцікласніца Маша Спірыдонава, лідар даследчай групы. — Толькі так мы зможам стаць зацікаўленымі жыхарамі таго кутка беларускай зямлі, дзе нарадзіліся і жывём.

Малодшыя школьнікі з задавальненнем стваралі лэпбукі “Мой горад”, а ва ўсіх класных калектывах прайшла прэзентацыя кнігі “Гісторыя майго горада”, створанай у розных дэкаратыўных тэхніках сям’ёй Седзіных, якой давялося нямала папрацаваць у архівах гарадскіх музеяў дзеля гістарычнай дакладнасці фактаў.

Значнае месца ў праекце “Зямля бацькоў — зямля дзяцей” заняў модуль “Дружба па-за фарматам”, закліканы паказаць юным новапалачанам грамадскую значнасць супрацоўніцтва параднёных гарадоў, пазнаёміць іх з гарадамі-сябрамі, адкрыць свет унікальных асаблівасцей кожнага. Творчая група нашых педагогаў палічыла, што аптымальнай формай для такога знаёмства можа стаць квест-гульня. Так нарадзіўся квест “Пошук сябра”. У атмасферы гульні ў розных яе праяўленнях нашы дзеці не толькі здабывалі пазнавальныя факты аб гісторыі, геаграфіі і знакамітых людзях параднёных гарадоў Наваполацка, але і мелі магчымасць удасканаліць свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці і нават спецыяльныя вучэбныя ўменні (напрыклад, у спартыўным арыентаванні).

Як расстаўляліся акцэнты?

Ключавым, несумненна, стаў модуль “Ад абеліска — да абеліска”. У яго рамках быў рэалізаваны самы значны міні-праект “Імя Героя — школе!”, мэтай якога была арганізацыя работы па прысваенні школе імя яе выпускніка, воіна-інтэрнацыя­наліста, Героя Савецкага Саюза Васіля Васільевіча Шчарбакова. У рамках міні-праекта нашы школьнікі пад кіраўніцтвам педагогаў-прадметнікаў і класных кіраўнікоў правялі вялікую работу. Даследавалі жыццёвы і баявы шлях Васіля Васільевіча, сустрэліся з яго сваякамі, паклалі пачатак тэматычнай музейнай экспазіцыі, арганізавалі ўрачыстую цырымонію, дзе прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, вайсковых падраздзяленняў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі горада. Кранальным момантам стала сустрэча з роднымі Васіля Шчарбакова. Яго сястра Галіна Лагунова падзякавала навучэнцам і педагогам за тое, што яны шануюць памяць аб іх блізкім чалавеку. У падарунак нашай школе ганаровыя госці перадалі асабістыя рэчы Васіля Васільевіча: лётную кнігу, лісты з Афганістана, газетныя выразкі, фотаздымкі. З 13 лютага 2019 года наша школа горда нясе імя свайго Героя. Да дня нараджэння Васіля Шчарбакова — у красавіку 2019 года — у школе з’явілася  прысвечаная яму музейная экспазіцыя.

— У 2012 годзе мы адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Васіля Шчарбакова, два месяцы назад школа атрымала пачэснае права насіць імя свайго гераічнага выпускніка, сёння адкрываем музейную экспазіцыю, — адзначыў на цырымоніі адкрыцця дырэктар школы Уладзімір Клыга. — Справа па ўвекавечанні імя Героя заўсёды будзе цэнтральным звяном грамадзянска-патрыятычнага выхавання нашых навучэнцаў.

Тады ж, у красавіку, адбылося яшчэ адно маштабнае для нашай школы мерапрыемства — гарадскі мітынг, прысвечаны стагоддзю з дня нараджэння полацкай падпольшчыцы Ліліі Касцецкай, імя якой носіць наша піянерская дружына (а на школьнай тэрыторыі ўзвышаецца помнік гэтай адважнай дзяўчыне). Лідарскі актыў падчас мітынгу ўрачыста абвясціў аб старце патрыятычнага праекта “Лілія родам з вайны”, а акцябраты заклалі кветнік з сартавых лілей ля падножжа помніка. Моцным наказам маладому пакаленню і ўсім удзельнікам мітынгу прагучалі словы Макара Багданава, падрыўніка партызанскай брыгады “Няўлоўныя”, дзе была разведчыцай Лілія Касцецкая: “Я хацеў бы, каб вы ўсе былі сумленнымі людзьмі — у сваёй працы і жыцці. Калі чалавек сумленны, тады ўсё будзе добра!”

Так мы і стараемся жыць, вучыцца і працаваць на карысць свайго горада — па сумленні і з азартам! Ганарымся гісторыяй любімага Наваполацка, робім усё, каб заха­ваць традыцыі, закладзеныя нашымі баць­камі і дзядамі. Цікавымі справамі напаўняем і прастору шостага дня. Другі год запар у школе рэалізуецца праект па арганізацыі шостага вучэбнага дня “Час. Падзеі. Лю­дзі”, што грунтуецца на выхаваўчым патэнцыяле юбілейных дат, якімі так багаты Год малой радзімы. Акцэнт робім на выхаванні моладзі на прыкладзе жыцця і подзвігаў нашых землякоў. З гэтай мэтай працуе Клуб цікавых сустрэч. За час яго існавання перад намі жывым летапісам прайшлі незвычайныя лёсы звычайных на першы погляд лю­дзей, што жылі і жывуць на полацкай зямлі: заснавальніка школьнага ўзорнага хору “Звонкія галасы” Альберта Кажушкевіча, чэмпіёна Міжнародных параалімпійскіх гульняў Андрэя Праневіча, кавалера ордэна Мужнасці Аляксея Чыкаліна і многіх іншых… Дарэчы, праект па арганізацыі шостага дня “Час. Па­дзеі. Лю­дзі” наша творчая каманда ў бягучым навучальным годзе прадстаўляла на рэспубліканскім конкурсе ў Мінску, дзе атрымала дыплом III ступені, незабыўныя эмоцыі і каштоўны вопыт у галіне патрыятычнага выхавання.

Вынікі праекта “Зямля бацькоў — зямля дзяцей” падводзіць рана, бо наперадзе яшчэ шмат работы. Аднак прамежкавы вынік усё ж хочацца адзначыць — думкамі нашых дзяцей. Арцём Сакалоў, будучы выпускнік школы і лідар нашай школьнай супольнасці, празнаўся:

— Калі я прыгадваю справу, якая можа згуртаваць цэлую школу, то гэта адназначна наш праект. Бо нішто так не яднае, як агульная мэта. Яна ў нас сапраўды ёсць. Пазнаваць вялікае мінулае і будаваць светлую будучыню Радзімы — наш жыццёвы дэвіз. Той, хто прыняў у праекце актыўны ўдзел, вельмі добра засвоіў каштоўнасці ўрокаў мінулага. Менавіта гэта дапамагае нам зразумець уласны шлях у жыцці і адка­заць на пытанне: “З чаго ж пачынаецца Радзіма?” Шчыра, калі б не ўсе нашы мерапрыемствы, мне было б вельмі складана адказаць на яго. Але, ведаючы ўсё, што я ведаю зараз, з упэўненасцю магу сказаць: для мяне Радзіма пачынаецца з маёй сям’і, з майго горада, маёй школы і маіх сяброў. Гэта значыць,  там, дзе мяне любяць і дзе я магу жыць так, як імкнецца жыць мая душа.

Наталля ЗАДАЛІНА,
настаўніца сярэдняй школы № 3 імя В.В.Шчарбакова Наваполацка.