“Зялёныя школы”: шырокія магчымасці для дзейнасці

У сярэдняй школе № 40 Гродна ў канцы навучальнага года падвялі  вынікі рэалізацыі комплекснага адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”.

Праграма “Зялёныя школы” была адаптавана для Рэспублікі Беларусь у рамках праекта Праграмы развіцця ААН “Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз заснаванне і развіццё “зялёных школ” у Беларусі”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

На працягу 2020/2021 навучальнага года ў нашай школе творчая група настаўнікаў біялогіі, хіміі, фізікі, англійскай мовы і пачатковай школы рэалізоўвала  праект “Зялёныя школы” ў шасці напрамках.

У кірунку “Біяразнастайнасць” вучні 8—9 класаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў біялогіі А.В.Давыдзік і І.А.Навіцкай вывучылі краявідную разнастайнасць дзікарослых раслін, абарыгенных і інтрадукаваных дрэў і кустоў біялагічнага помніка прыроды мясцовага значэння “Лесапарк “Румлёва”, а на тэрыторыі школы правялі назіранні за наземнымі насякомымі і птушкамі.

На тэрыторыі лесапарку растуць першацветы: ветраніца дубраўная і казяльцовая, чысцяк вясновы, гусіная цыбуля жоўтая, фіялка сабачая, кісліца звычайная, медуніца няясная; з драўняных раслін — клён вастралісты, вяз шурпаты, свідзіна аднапесцікавая, сасна звычайная, ліпа буйналiставая, асіна звычайная.

Каля школы вучні сустрэлі наземных насякомых: пчалу меданосную, мурашак садовых, шашолку садовую, бранзоўку залацістую; назіралі птушак — вехіра, чайку азёрную, вераб’я дамавога і палявога, белую пліску, берасцянку і шэрую варону.

У напрамку “Энергазберажэнне” вучні 7—8 класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Г.Г.Сакалоўскай даследавалі спажыванне электраэнергіі і расходаванне цяпла ў школе і дома. У выніку ўстанавілі, што святлодыёдныя лямпы, хоць і маюць высокі кошт (5—6 руб. у сакавіку 2021 года), але дазваляюць захаваць электраэнергіі ў 8 разоў больш, чым звычайная лямпачка напальвання.

Навучэнцы 8-х класаў у складзе валанцёрскага атрада “Вада — гэта жыццё!” у напрамку “Водазберажэнне” правялі аналіз эфектыўнасці выкарыстання вады ў школе і дома, па выніках якога склалі памяткі па рацыянальным выкарыстанні вады. Дзякуючы рабоце атрада, атрымалася сэканоміць 1335 м3 вады ў параўнанні з мінулым навучальным годам.

У рамках напрамку “Абыходжанне з адходамі” настаўнікі пачатковай школы Г.Ч.Беняш і Н.А.Макарэвіч сумесна з навучэнцамі 4 класа правялі вывучэнне складу і колькасці адходаў, што ўтварыліся ў школе. Асноўнымі катэгорыямі адходаў з’яўляюцца папера і кардон, пластык (поліэтылен) і харчовыя.

Для ўцягвання навучэнцаў, бацькоў і настаўнікаў у правільнае кіраванне адходамі ўнутры школы арганізавалі збор макулатуры (сабрана за год 2660 кг), адпрацаваных элементаў сілкавання (100 кг батарэек было перададзена прадпрыемству ААТ “Брэст-ВТІ”), а для выкарыстаных вырабаў з пластыку для навучэнцаў 2—4 класаў правялі конкурс “Другое жыццё пластыку” і акцыю “Добрыя закруткі”.

Настаўніца хіміі В.М.Борыс і настаўніца біялогіі А.П.Юхнік з навучэнцамі 9-х класаў вывучалі забруджванне паветра пры дапамозе снежнага покрыва і атмасферных ападкаў у напрамку “Якасць атмасфернага паветра”. Асноўнай крыніцай забруджвання ў мікрараёне школы з’яўляецца аўтамабільны транспарт. Аўтамабілі выдзяляюць выхлапныя газы, якія ўтрымліваюць таксічныя рэчывы — вуглевадароды і чадны газ. Па выніках даследаванняў былі складзены памяткі па зніжэнні выхлапаў таксічных рэчываў: для вадзіцеляў аўтамабіляў, для вучняў і іх бацькоў, для тэхнічных работнікаў школы.

У межах напрамку “Экалагічныя ініцыятывы” настаўніца англійскай мовы  С.М.Шамбер разам з навучэнцамі 10 класа хіміка-біялагічнага профілю распрацавалі план сумеснай прыродаахоўнай дзейнасці на гарадскім і міжнародным узроўнях.

На гарадскім узроўні вучні 5—11 класаў прынялі ўд зел у рэспубліканскай  акцыі “Тыдзень лесу”, у міжнароднай акцыі “Гадзіна Зямлі”, унеслі ўклад у азеляненне мікрараёна і тэрыторыі школы, наведалі Гродзенскі заапарк.

На міжнародным узроўні вучні 8-х класаў прынялі ўдзел у міжнародных праектах Iearn “Green Team International” і “Local Community Devices”.

Этапы рэалізацыі праекта “Зялёныя школы” адлюстраваны на афіцыйным сайце школы
http://sch40.grodno.by.

Алеся ДАВЫДЗІК,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 40 Гродна.