Зялёны дом

Кожны чалавек імкнецца ўнесці свой пасільны ўклад у росквіт роднага краю: нехта пасадзіць дрэва, хтосьці вырасціць кветку, хтосьці навучыць іншага неабыякаваму стаўленню да прыроды і экалогіі. Любіць, берагчы і ахоўваць прыроду, далучацца да вырашэння праблемы аховы навакольнага асяроддзя навучэнцы 1 “Б” класа гімназіі Мсціслава вучацца на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет”, на факультатыўных занятках “Зялёныя школы”, у групе прадоўжанага дня, на мерапрыемствах, што праводзяцца ў шосты школьны дзень.

Аліса Маскалёва, навучэнка гімназіі: “Вырошчваць кветкі — справа нялёгкая! Расада патрабуе не толькі сонечнага святла, цёплай вадзічкі, але і душэўнай дабрыні, любові да жывога”.

З цікавасцю і жаданнем удзельнічаюць першакласнікі ў экалагічнай практыка-арыентаванай дзейнасці. А пачалося ўсё з калектыўна-творчай справы “Экалагічная фірма “Зялёны дом”. З тэхналогіяй вырошчвання кветкавых культур у дамашніх умовах азнаёмілі дзяўчынак і хлопчыкаў мудры садавод Капатыч, герой мультыплікацыйнага серыяла “Смяшарыкі”, і кансультанты, навучэнкі 5 класа Юлія Селіванава і Хрысціна Капорская. Яны расказалі першакласнікам, як іх бабулі і прабабулі вырошчвалі расаду.

Юных садаводаў зацікавілі тарфяныя таблеткі. Захопленыя працэсам, дзеці даведаліся, з чаго яны зроблены, для чаго прызначаны. А колькі было радасці і эмоцый, калі ўбачылі, што таблеткі “растуць”! Для атрымання кветкавай расады, якая ўпрыгожыць школьныя клумбы, дзеці загадзя пасеялі насенне петуній, лабеліі ў парнік з торфаперагнойнымі таблеткамі. Для разнастайнасці пасеялі і насенне астраў, цыній, аксамітак. А Софія Кавалёва і Васіліса Шпакава вырашылі вырасціць кветкі самастойна ў бабуль у вёсцы. “Вопыт у нас ужо ёсць! — кажуць яны. — Галоўнае — жаданне!”

Насенне кветак дало добрыя ўсходы. Раслі дзеці ў сваіх ведах, расла і расада. У маі высадзілі яе на школьныя клумбы. “Няхай лета ў Мсціславе будзе кветкавым, а нашы кветкі радуюць не толькі нас, але і навакольных”, — лічаць юныя садаводы з экалагічнай фірмы “Зялёны дом”.

Іна ШАРЫЛАВА,
класны кіраўнік 1 “Б” класа гімназіі Мсціслава.