Жытамлянскія “Васілёчкі”

Узорны фальклорны калектыў “Васілёчкі” Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі вядомы далёка за межамі Гродзеншчыны. Поспех у значнай ступені вызначаецца прафесіяналізмам i захопленасцю педагогаў, у прыватнасці, мастацкага кіраўніка калектыву Тарэсы Антонаўны Адамовіч. 

Фальклорам гарадзенскай зямлi Тарэса Антонаўна стала цiкавiцца падчас вучобы ў Мiнскiм iнстытуце культуры. Таму, прыязджаючы дадому ў вёску Танявiчы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласцi, брала ў рукi магнiтафон i iшла “ў людзi” па кроплях збіраць сваю спадчыну. Фальклорна-даследчую дзейнасць працягвала пазней у вёсках Верцялiшкi i Жытомля Гродзенскага раёна, дзе пачынала сваю працоўную дзейнасць. Гэтыя тры вёскі сталі галоўнымі крыніцамі натхнення, якія шчодра дзяліліся і дзеляцца да сённяшняга часу сваёй скарбонкай мясцовага фальклору.

У 1986 годзе пры Жытамлянскім сельскім доме культуры пад кіраўніцтвам Тарэсы Адамовіч быў арганізаваны калектыў “Матуліна песня”. I ўжо праз шэсць гадоў ён набыў званне “Народны тэатр народнай песні”.

Жадаючых спяваць у калектыве было шмат. Жанчыны прыводзілі мужоў, мужчыны — жонак. А калі дарослыя на рэпетыцыі, то дзе будуць ix дзеці? Правільна, побач! Дзеці ціхенька сядзелі ў куточку i з зацікаўленасцю пазіралі на бацькоў. Непрыкметна яны запаміналі словы песень, пастановак. Потым спрабавалі далучыцца да агульнага дзеяння. I Тарэса Антонаўна падтрымлівала малечу! Яна стала для вяскоўцаў не толькі выдатным педагогам, добрым сцэнарыстам, але i адметным псіхолагам. Кіраўнік лічыла і зараз яшчэ больш упэўнілася ў сваім меркаванні, што галоўная роля ў выхаванні дзяцей адводзіцца непасрэдным зносінам ix з бацькамі, бабулямі i дзядулямі.

— Сям’я, — гаворыць Тарэса Антонаўна, — галоўная скарбніца народнай мудрасці. У ёй — працяг традыцый, пераемнасць пакаленняў. Сумесная творчасць бацькоў i дзяцей садзейнічае аб’яднанню сям’і, дазваляе дзецям i дарослым убачыць свaix блізкіх з іншага боку.

Так Тарэса Антонаўна пачала займацца з дзецьмі. 34 гады назад вёска Жытомля была густанаселеная, дзяцей-аднагодкаў было шмат, i яны ручаём беглi на рэпетыцыi, каля 30 удзельнiкаў-дзяцей было многiя гады. Вучыла ўcix, хто меў жаданне. Заняткі праводзіла на беларускай мове, выкарыстоўваючы цікавыя формы работы. Навучэнцы спасцігалі мастацкі свет праз лічылкі, гульні, спевы, танцы, вобразы каляндарна-абрадавых свят. За асноўны матэрыял кіраўнік брала аўтэнтычныя фальклорныя творы, акцэнтавала ўвагу на вывучэнні мастацкіх асаблівасцей традыцыйнай культуры жыхароў мясцовасці.

Чаму iх гэта ўсё цiкавiла? Па-першае, магiя народнай творчасцi, якая прайшла праз пласт часу, ад нашых прашчураў да сённяшняга дня, дала плён: нашчадкi праз беларускае слова, песню, танец, звычаi i абрады панеслi яе далей. А па-другое, носьбiтамi традыцыйнай культуры i прыкладам для пераймання былi сям’я i школа. Сям’я — таму што артыстамi народнага тэатра “Матулiна песня” былi бацькi, а школа — таму што ў дарослым фальклорным калектыве многiя гады выступалi настаўнiкi Жытамлянскай сярэдняй школы.

У 2007 годзе работа з дзецьмi ў галiне фальклору перайшла ў iншую больш высокую фазу развiцця: дзiцячы фальклорны калектыў з вёскi Жытомля трапiў пад крыло Гродзенскага раённага цэнтра дзяцей i моладзi, адкрылicя вельмi цiкавыя перспектывы росту, калектыў стаў працаваць пад назвай “Васiлёчкi”. 

З’явіліся першыя невялічкія дзіцячыя пастаноўкі, якія адразу былі цёпла прыняты жыхарамі вёскі i высока адзначаны выдатнымі дзеячамі адукацыі i культуры.

У розныя гады калектывам былі адроджаны абрады і святы. Неаднаразова на сцэне i ў натуральным асяроддзi прымалi ўдзел у народных паказах “Ой, калядачкi, вы прыйдзiце да нас”, “Шчадрэц”, “Зажынкі”, “Гуканне вясны”, “Хаджэнне ў валакайнiкi на Вялiкдзень”, “Выправы да войска”; удзель­нiчалi ў тэлевiзiйных праграмах “Наперад у мiнулае” рэспублiканскага тэлебачання з вясельным абрадам “Прыезд маладой да маладога” і жніўным абрадам “Зажынкі”, у тэлевізійным праекце “Эрудыты і не толькі”. 

Гэта была i ёсць вялiкая работа розных складаў артыстаў Жытамлянскага дзiцячага фальклорнага калектыву “Васiлёчкi”.

Кожны год артысты з “Васiлёчкаў” удзельнiчаюць і становяцца пераможцамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў фальклорнага кірунку, такіх як “Шчаслiвы той, хто зямлю продкаў з чыстым сэрцам паважае” і “Прывітанне, свет!”, “Юныя таленты Беларусi”, “Канапелька” i інш.

За дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, актыўную канцэртную дзейнасць у 2016 годзе калектыву прысвоена ганаровае званне ўзорнага. У 2019 годзе ганаровае званне было пацверджана.  

Дык чаму ж сучасныя дзецi так многа працуюць y фальклорным кiрунку? “Каб так сталася, — лічыць Тарэса Антонаўна, — павінен быць яскравы прыклад — сям’я i школа. Гэта адно! А па-другое, для паспяховай работы заўсёды павiнен быць стымул”.

На працягу апошняга дзесяцiгоддзя ў жытамлянскiх “Васiлёчкаў” стымулы былі тры, прытым вельмi значныя:  гэта штогадовыя паездкi на абласныя конкурсы фальклорных калектываў у абласны Палац творчасці дзяцей i моладзi ў Гродна, на рэспублiканскiя конкурсы па фальклоры ў НДЦ “Зубраня” i на Мiжнародны велiкодны фестываль “Канапелька” ў польскі горад Кнышын. Дзiцячы ўзорны фальклорны калектыў “Васiлёчкi” трымаўся дзякуючы шматлiкiм цiкавым мерапрыемствам, у якiх дзецi адчувалi сваю значнасць i адметнасць.

Сёння ў калектыве займаецца 16 навучэнцаў. Мэтай работы калектыву з’яўляюцца захаванне, падтрымка, актуалізацыя і папулярызацыя рэгіянальнай, традыцыйнай культурнай спадчыны беларусаў, фарміраванне пазітыўных адносін да культурных традыцый малой радзімы.

Рэпертуар складаецца ў першую чаргу з адноўленых і бытуючых узораў каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, карагодаў, старадаўніх танцаў, пазаабрадавых песень мясцовага паходжання, гульняў, разнажанравых інструментальных музычных найгрышаў, казак, баек, жартаў.

Асоба кiраўнiка адыгрывае вялiкую ролю ў станаўленні творчага працэсу калектыву. “Я ведаю, што строгасць i дысцыплiну дзецi мне даруюць, а фальш — нiколi, таму стараюся не фальшывiць. А яшчэ трэба любiць дзяцей, бачыць у кожным з iх перш за ўсё чалавека i добра ведаць тое, што хочаш iм даць. Калi гэта ёсць, то ўсё астатняе прыкладзецца…” — гаворыць кіраўнік калектыву.

Неабходна згадаць пра калегy Тарэсы Антонаўны, цудоўнага музыканта Уладзіміра Мiкалаевiча Пузыню, якi працуе з ёй яшчэ з далёкiх 90-х гадоў. У іх склалiся выдатныя творчыя адносiны. “Васiлёчкi” — гэта i яго заслуга таксама.

“Беларускі народ пакінуў нашчадкам багатую спадчыну, з якой павінен знаёміцца кожны чалавек з дзяцінства. Веданне свaix вытокаў, каранёў садзейнічае любові да свайго народа, краіны, фарміраванню пачуцця нацыянальнай годнасці. Вельмі цешыць сэрца, што дзеткі сапраўды пранікліся любоўю да фальклору, народнай творчасці, традыцый, ix цікавіць культурная спадчына роднай краіны”, — гаворыць педагог.

Мы жывём у час, калi старэйшае пакаленне, якое ведала народныя традыцыi i жыло па iх законах, адыходзiць, а маладое трэба вучыць, але педагогаў недастаткова, беларускага асяроддзя ў грамадстве амаль няма, таму і ўзнiкаюць праблемы…

“З беларускамоўнай праблемай я яшчэ б справiлася, але ёсць яшчэ адна — дэмаграфiчная. У вераснi 2020 года ў Жытомлі перастала iснаваць школа, дзяцей у вёсцы засталася жменька… Кiм папаўняць дзiцячы ўзорны фальклорны калектыў “Васiлёчкi”, пытанне з вялiкай лiтары…” — разважае Тарэса Антонаўна.

Імя Тарэсы Антонаўны Адамовiч увайшло ў энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”.

За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне нацыі Т.А.Адамовіч прызнана “Жанчынай года — 2014” Рэспублікі Беларусь. Педагог атрымала Падзяку і Ганаровую грамату ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, узнагароджана дыпломам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

Людміла АЛЯСЮК,
метадыст Грозенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.