Зерне дасць добрыя ўсходы

З 2015 года калектыў Лапацінскай сярэдняй школы актыўна працуе па праваслаўным кірунку.

Для школьнікаў пачатковых класаў арганізаваны факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры” паводле Праграмы супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Іх праводзіць іерэй Георгій Басавец, настаяцель нашай царквы ў гонар іконы Божай Маці “Усіх, хто смуткуе, Радасць”.

Таксама мы арганізоўваем выезды навучэнцаў школы па экскурсійных маршрутах “Гомель Праваслаўны”. Дзеці разам з педагогамі і бацькамі наведалі буйныя храмы Гомеля: сабор Пятра і Паўла, храм Мікалая Цудатворца, мужчынскі Мікольскі манастыр. Дзеці атрымалі незабыўныя ўражанні ад непаўторнага афармлення праваслаўных пабудоў, іконапісу. Мы пачулі цікавыя гісторыі іх стварэння, пазнаёміліся з цудатворнымі абразамі і святынямі Гомельшчыны. Велізарную дапамогу ў выкладанні пазнавальнай інфармацыі для дзяцей аказала каардынатар рэлігійнай адукацыі Гомельскай епархіі Наталля Басавец.

Дзеці даведваюцца шмат новага, цікавага пра жыццё і традыцыі нашага беларускага народа, праваслаўныя святы. Да вялікіх праваслаўных свят вучні школы рыхтуюць малюнкі, чытаюць вершы і спяваюць песні. На сцэну выходзяць як дзеці, так і іх бацькі і настаўнікі. Нашы мерапрыемствы праходзяць не толькі ў сценах роднай школы, але і на выязных пляцоўках. У іх задзейнічаны не толькі ўвесь калектыў школы на чале з кіраўніком, але і мясцовыя ўлады.

Мы, настаўнікі Лапацінскай сярэдняй школы, верым, што пройдзе крыху часу і загу­чаць дзіцячыя галасы, якія спяваюць пра праваслаўную веру. Нашы былыя вучні прывядуць сваіх дзяцей у царкву. Бо здаровае зерне, кінутае ў падрыхтаваную глебу, абавязкова прарасце і дасць добрыя ўсходы.

Ларыса ГАРБАЧОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Лапацінскай сярэдняй школы.