Здаровыя целам і духам

Шчасце немагчыма без здароўя, таму я як класны кіраўнік імкнуся ствараць глебу для фарміравання здаровых звычак, прывіваць вучням неабходныя для захавання здароўя навыкі.

Сваю сістэму работы як класнага кіраўніка, накіраваную на паспяховае фарміраванне культуры здароўя навучэнцаў, выбудоўваю з наступных этапаў:

1. Назапашванне тэарэтычных ведаў пра здаровы лад жыцця.

З мэтай паглыблення ведаў пра тое, што такое здаровы лад жыцця і навошта гэта трэба, праводзіліся класныя і інфармацыйныя гадзіны, лекторыі і відэалекторыі, сустрэчы з дзіцячым псіхіятрам-нарколагам, арганізоўвалася наведванне тэматычных выстаў літаратуры па здаровым ладзе жыцця.

Ужо на гэтым этапе мы з дзецьмі падводзім першыя вынікі работы, абмяркоўваем і каменціруем тэарэтычную інфармацыю пра здаровы лад жыцця, аналізуем і робім высновы.

2. Фарміраванне ўсвядомленай патрэбы ў актыўным, а таксама бяспечным ладзе жыцця.

Абавязковай умовай дадзенага этапу з’яўляецца тое, што навучэнцы самі павінны зрабіць выбар, наколькі актыўна яны будуць удзельнічаць у мерапрыемстве. Ведаючы псіхалагічныя асаблівасці падлетка, тут галоўнае — не ціснуць на дзіця, даваць яму магчымасць свабоднага выбару, ствараючы станоўчы настрой, каб у навучэнцаў склалася ўпэўненасць, што гэта іх самастойны ўсвядомлены выбар.


Адным з самых простых і ненадакучлівых мерапрыемстваў можна назваць акцыю “Чырвоная стужачка”, якая заключаецца не толькі ў падрыхтоўцы чырвоных стужачак, але і папаўненні тэарэтычнай інфармацыі па пытаннях ВІЧ/СНІДу. З мэтай фарміравання навыкаў бяспечных паводзін праводзяцца рэйды “Флікеры”, “Пешаход”.

Паступова дзеці свядома пачынаюць выбіраць здаровы лад жыцця, што выяўляецца ў імкненні замяніць вольны час, заняты камп’ютарам і мабільным тэлефонам, на ўдзел у гульнях, спартландыях, спаборніцтвах, кросах, мнагаборствах, святах (напрыклад, акцыя “Забі на курэнне”, дзе навучэнцам прапануецца забіць цвік у драўляную імправізаваную цыгарэту), конкурсах і віктарынах па здаровым ладзе жыцця, на наведванне спартыўных аб’ектаў горада.

Немалаважнае значэнне мае супрацоўніцтва класа з пазашкольнымі арганізацыямі, сярод якіх СЗЦ “Алімпік-2011”. Мы наведалі каля 30 юнацкіх і дарослых хакейных матчаў. Гэта і прапаганда спартыўнага ладу жыцця, і марознае паветра Лядовай арэны, і размовы ў нефармальнай абстаноўцы, і добры настрой.

Эфектыўнай формай работы можна назваць правядзенне Цэнтрам роўнага навучання семінараў па здаровым ладзе жыцця з выкарыстаннем методыкі “роўны навучае роўнага”. Падлеткі даведаліся шмат карыснага, абмеркавалі праблемы, патлумачылі свой пункт погляду па пытанні ЗЛЖ. Семінары, што праводзяцца па такой методыцы, былі ўспрыняты як размовы ў коле сяброў.

Хачу адзначыць, што занятасць вучняў майго класа ў пазаўрочны час, якая носіць здароўезберагальны характар, складае больш за 65% агульнага часу. Многія навучэнцы класа задзейнічаны ў некалькіх гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах. І гэтыя заняткі не праходзяць бясследна: у партфоліа класа нямала грамат і дыпломаў асабістых і камандных спартыўных дасягненняў.

3. Станоўчы прыклад старэйшых.

Ні для каго не сакрэт, як шмат значыць для дзіцяці прыклад, аўтарытэт старэйшых. Вельмі важна бацькам і настаўніку быць гэтым прыкладам. Менавіта здаровы, актыўны, сучасны, шчаслівы чалавек можа захапіць і павесці за сабой падлетка.

З падзякай стаўлюся да актыўных бацькоў навучэнцаў нашага класа, якія разам з намі часта ходзяць у паходы, на хакей, а таксама арганізавалі некалькі мерапрыемстваў па здаровым ладзе жыцця (класную гадзіну па бяспецы на дарогах; спартыўна-забаўляльнае свята, дзе таты і мамы, дзеці і я ратаваліся ад паводкі, бегалі і шукалі на вуліцы схаваныя чорныя пазнакі, загадкі, тапілі варожыя караблі папяровымі бомбачкамі і гэтак далей).

Асабліва хацелася б адзначыць правядзенне турыстычных паходаў, якія дабратворна ўплываюць на здароўе дзіцяці: па-першае, фізічнымі нагрузкамі (агульная працягласць пешых перамяшчэнняў склала каля 150 кіламетраў, 56 км — на лодках), па-другое, большая частка паходаў праводзіцца ў багатых фітанцыдамі сасновых лясах, што карысна для дыхальнай сістэмы чалавека і ў цэлым аздараўляе арганізм.

Падчас паходу мы з навучэнцамі абмяркоўваем многія аспекты іх выхавання, вучобу, а таксама закранаем тэмы здаровага ладу жыцця, прафілактыкі шкодных звычак, правільнага харчавання, гігіены і інш. Безумоўна, праводзім конкурсы, спартыўныя гульні, засвойваем навыкі выжывання ў палявых умовах.

Падчас месячніка па здаровым ладзе жыцця навучэнцы з гонарам аформілі стэнд, на якім расказалі пра нашы паходы, пройдзеныя кіламетры, паведамілі пра свае поспехі.

Лічу вялікім асабістым дасягненнем тое, што хлопцы і дзяўчаты прапагандуюць здаровы лад жыцця сярод аднагодкаў. Так, у нас ёсць група ў сацсетцы “УКантакце”, дзе навучэнцы размяшчаюць самыя дзейсныя, на іх погляд, малюнкі і фразы, якія павінны паўплываць на ўсвядомлены выбар школьнікамі здаровага ладу жыцця.

Я вельмі хачу, каб мае навучэнцы былі здаровымі і выбралі ў жыцці правільны шлях, і шчыра веру ў гэта.

Наталля СЯНЬКО,
класны кіраўнік, настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 4 Маладзечна.