Збяром карцінку разам

Слова “пазл” у тлумачальным слоўніку вызначаецца як настольная гульня, якая адносіцца да жанру галаваломкі. Яна ўяўляе сабой малюнак, падзелены на мноства фрагментаў рознай формы, што трэба сабраць разам. Маўленне дзіцяці з маўленчымі парушэннямі можна параўнаць з названай дзіцячай гульнёй.

У нашым выпадку пазл — гэта пашырэнне слоўнікавага запасу, фарміраванне граматычнага ладу маўлення, уменне складаць аповед, авалоданне элементарнымі навыкамі гукавога аналізу і сінтэзу, уменне адрозніваць гукі маўлення на слых. Не забываем і пра стан псіхічных працэсаў (увага, памяць, мысленне, уяўленне), а таксама пра развіццё дробнай маторыкі пальцаў рук.

У дэфектолагаў назапашаны вялікі вопыт дапамогі дзецям з рознымі маўленчымі парушэннямі. Разам з тым, працуючы з малымі, разумееш неабходнасць знаходзіцца ў пастаянным пошуку, каб дапамагчы, зацікавіць іх, ператварыць заняткі ў цікавую гульню. Прапаную прыклад плана карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з нярэзка выяўленым агульным недаразвіццём маўлення. Скласці асобныя пазлы ў карцінку дапамагае тое, што ўсе часткі заняткаў у прадстаўленым плане аб’яднаны адной тэмай, выкарыстоўваецца шмат нагляднага матэрыялу, прапануюцца разнастайныя гульнявыя заданні, гульні і практыкаванні.

Папаўненню слоўніка, удасканаленню граматычнага ладу маўлення і развіццю складнай гаворкі спрыяе выкананне такіх заданняў, як складанне аповеду па малюнку, серыі сюжэтных карцінак (“Смачны лядзяш”), пераказ тэкстаў (“Сарока”, “Веласіпед”); утварэнне назоўнікаў у розных склонавых формах (“Каго не стала?”, “Чым бы ты ўпрыгожыў навагоднюю ёлку?”), падбор прыметнікаў да назоўнікаў (“Які бывае зімовы дзень?”). Дзеці будуюць сказы розных відаў (са злучнікамі, па малюнку), дапаўняюць аповед педагога, замяняючы карцінкі словамі, вучацца ўжываць словы ў патрэбнай форме.

Дыдактычныя гульні “Хто больш уважлівы?”, “Раз, два, тры — парачку сваю знай­дзі!”, “Адшукай памылку” развіва­юць фанематычнае ўспрыманне. Эфектыўным сродкам развіцця ў дзяцей псіхічных працэсаў і дробнай маторыкі пальцаў рук з’яўляюцца гульні і практыкаванні “Палачкі-навучалачкі”, “Скла­дзі карцінку па памяці”, “Закрэслі кружок з кропкай”, “Снегапад”, “Жывёлы зімой”. Як паказвае вопыт работы, дзецям вельмі падабаецца гуляць, таму такі вучэбны матэрыял выклікае ў іх станоўчыя эмоцыі, цікавасць малых падтрымліваецца на працягу ўсіх заняткаў. Для таго, каб усе пазлы склаліся ў карцінку, немалаважнае значэнне мае і наладжаная ў нашай дашкольнай установе ўзаемасувязь у рабоце настаўніка-дэфектолага і выхавальнікаў. Агульную “карцінку” мы збіраем разам — у тым ліку для таго, каб дапамагчы дзіцяці ўключыцца ў вучэбную дзейнасць і быць паспяховым у школе. Педагогам хочацца пажадаць цярпення, а дзецям — старання.

Святлана КРЫВІЦКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ясляў-сада № 2 Сянна.
Фота з асабістага архіва аўтара.