Зазірні ў рознакаляровы свет

Ужо 20 гадоў працую выхавальнікам групы прадоўжанага дня, хаця па адукацыі я настаўнік пачатковых класаў. Гэта добры лёс, бо сутнасць маёй прафесійнай дзейнасці — усебаковае развіццё патэнцыялу і магчымасцей дзіцяці, стварэнне спрыяльнай, бяспечнай, камфортнай і творчай атмасферы ў пазаўрочны час.

А.Л.Парусава са сваімі выхаванцамі.

Важнай умовай эфектыўнай работы выхавальніка і дзяцей у групе з’яўляецца арганізацыя прасторы ў кабінеце, наяўнасць цэнтраў па асноўных відах дзейнасці, дзе створана прадметнае асяроддзе, назапашваецца дыдактычны матэрыял, даведачная літаратура, гульні. У нашай групе “Смяшарыкi” ўсе выхаванцы рознага ўзросту, што не перашкаджае з’яднанасці калектыву. Дзеці дружныя, актыўныя, любяць удзельнічаць у розных мерапрыемствах, самі прыдумляюць конкурсы і гульні. Старэйшыя выхаванцы — мае памочнікі, яны адчуваюць сябе адказнымі за малодшых, дапамагаюць ім у падрыхтоўцы дамашніх заданняў. Выхавальніку трэба ўмець падабраць запаветны ключык да кожнага дзіцячага сэрца. Мы разумеем адно аднаго, а гэта, мне здаецца, самае галоўнае. Важна, што мае хлопчыкі і дзяўчынкі мне давяраюць і з задавальненнем кожны дзень прыхо­дзяць у групу. Акрамя асноўных напрамкаў выхаваўчай работы, вялікую ўвагу заўсёды ўдзяляю развіццю творчага патэнцыялу навучэнцаў. З гадамі напрацавала ў азначаным кірунку ўласную сістэму. Мне падабаецца прыўносіць у дзіцячы свет рознакаляровыя фарбы, каб ён быў яркім і непаўторным.

З другакласнікамі мы займаемся тарцаваннем і квiлiнгам. Не кожнаму знаёмая тэхніка тарцавання з гафрыраванай паперы развівае ў малодшых школьнікаў дробную маторыку, фарміруе ўседлівасць, стараннасць, акуратнасць. Такім чынам мы ствараем аб’ёмныя карціны і пано, якія вельмі радуюць бацькоў і надаюць утульнасці дзіцячым пакоям. Тэхніка квiлiнгу — карпатлівая праца з палоскамі паперы, якая развівае ўвагу, зрокавую памяць, вобразнае мысленне. Работы атрымліваюцца ажурнымі і лёгкімі. З 3 класа працуем у тэхніцы скрапбукінгу, у тым ліку з атласнымі стужкамі. Скрапбукінг моцна ўплывае на развіццё ўяўлення, прасторавага і вобразнага мыслення, здольнасці камбінаваць колеры і матэрыялы. Мы ствараем вельмі прывабныя паштоўкі. Прыемна бачыць радасныя ўсмешкі бацькоў, калі яны атрымліваюць такі падарунак! Работа з атласнымі стужкамі адкрывае маленькім выхаванцам цудоўны свет народнага мастацтва. Нашы дзяўчынкі ўвялі ў школьны афіцыйна-дзелавы стыль адзення аксэсуар з атласных стужак, жабо, хлопчыкі — строгія гальштукі. Дзякуючы гэтаму, звычайная школьная форма набыла арыгінальны, непаўторны выгляд. У 4 класе падступаемся да фетру і фаамiрану — тут ужо неабходны тонкі мастацкі густ і навыкі работы па алгарытме. З фетрам, як і з паперай, працаваць лёгка, матэрыял адрозніваецца цеплынёй і мяккасцю, што таксама немалаважна для тактыльнага ўспрымання дзяцей. Вырабы з фетру маюць асаблівую энергетыку, нездарма такія сувеніры надзвычай падабаюцца родным і блізкім. Часам у бацькоў нават узнікаюць суменні наконт таго, ці сапраўды гэта стварылі іх дзеці. Работа з фаамiранам дапамагае ўбачыць прыга­жосць колераў, ліній, форм. Нягле­дзячы на тое што яна складаная, вынік таго варты: незвычайнай прыгажосці брошкі, каль­е, выкананыя дзецьмі, упрыгожваюць вопратку блізкіх людзей. Цудоўныя вобразы атрымліваюцца!

У кожнай творчай рабоце адлюстроўваецца і ажывае часцінка дзіцячай душы, што надае ёй непараўнальную каштоўнасць і значнасць. Свае творчыя магчымасці мы ярка праявілі ў раённым конкурсе “Я — даследчык”: наш праект па тэме “Жабо ў стылі handmade” заняў ганаровае 1-е месца.

Дзіця па сваёй прыродзе дапытлівы даследчык, адкрывальнік. Няхай перад ім разгортваецца цудоўны свет у жывых фарбах, яркіх і трапяткіх гуках, прыгажосці, творчасці, казцы і гульні. Весці дзяцей па жыцці, дапамагчы ім паверыць у сябе і свае здольнасці, пасеяць у душы дзіцяці зерне дабра і быць пры гэтым старэйшым партнёрам, дасведчаным памочнікам — вось мая галоўная задача.

Аксана ПАРУСАВА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 2 Оршы.