Заўтра фарміруецца ў сям’і

На базе Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя адбылося пасяджэнне абласнога савета па каардынацыі работы з сям’ёй з удзелам спецыялістаў упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра.

Праблемы крызісу сям’і і звязаныя з імі дэмаграфічныя праблемы знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ўсіх сацыяльных і палітычных інстытутаў. Статыстыка прымушае задумацца: у Мінскай вобласці колькасць разведзеных за першае паўгоддзе 2013 года склала 56 825 чалавек, колькасць дзяцей, народжаных
па-за шлюбам, — 3509, сярэдні ўзрост жанчыны пры нараджэнні дзіцяці ў 2012 годзе склаў 27,3 года.
Аслабленне інстытута сям’і прыводзіць да росту міграцыі, “амаладжэння” злачыннасці. Павялічваецца колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца па-за сям’ёй або ў няпоўнай сям’і .
У Мінскай вобласці пражывае 258 092 дзіцяці. З іх 32 488 дзяцей выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях, 34 305 дзяцей у 10 737 шматдзетных сем’ях, 3352 дзіцяці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Захоўваецца станоўчая тэндэнцыя па раннім выяўленні дзяцей дашкольнага ўзросту, якія жывуць ва ўмовах сямейнага недабрабыту. У кожным раёне створаны камісіі па абследаванні, у склад якіх уваходзяць і прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці. Да законных прадстаўнікоў непаўналетніх, якія ўхіляюцца ад выхавання дзяцей, прымяняюцца адпаведныя меры ўздзеяння.
Эфектыўным з’яўляецца вопыт уключэння бацькоў у работу саветаў устаноў адукацыі па прафілактыцы бездагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Вынікам гэтай працы стала павелічэнне працэнта кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні (за 2012 — 62,6%, па выніках бягучага года — 66,3%).
З мэтай прафілактыкі сямейных праблем, сацыяльнага сіроцтва, аказання своечасовай шматпрофільнай дапамогі сям’і і дзіцяці ў Мінскай вобласці функцыянуюць 23 сацыяльна-педагагічныя цэнтры з аддзяленнямі дзіцячых сацыяльных прытулкаў. Развіваюцца сямейныя формы выхавання.
У вобласці функцыянуюць тры дзіцячыя вёскі: “SOS-Дзіцячая вёска” ў Бараўлянах (68 дзяцей, 13 сем’яў); “SOS-Дзіцячая вёска” ў Мар’інай Горцы (89 дзяцей, 14 сем’яў) і дзіцячая вёска “Вытокі” (143 дзіцяці, 23 сям’і).

Развіваецца нацыянальнае ўсынаўленне. Вобласць займае першую пазіцыю ў рэспубліцы па папулярызацыі нацыянальнага ўсынаўлення: за першае паўгоддзе 2013 года 61 дзіця знайшло новую сям’ю.
У 2011 годзе прынята “Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011 — 2015 гады”. Упраўленнем адукацыі, аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, установамі адукацыі Міншчыны ў рамках Праграмы дэмаграфічнай бяспекі рэалізуюцца падпраграмы: “Мерапрыемствы па сацыяльнай падтрымцы сям’і і дзяцінства”, “Мерапрыемствы па ўмацаванні здароўя насельніцтва, ахова мацярынства і дзяцінства”.
На працягу 2012/2013 навучальнага года праведзены гутаркі і заняткі “Як захаваць рэпрадуктыўнае здароўе дзяўчыны?” для старшакласніц сярэдніх школ, навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі сумесна з грамадскім дабрачынным аб’яднаннем “Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля” ў Валожынскім, Любанскім, Старадарожскім раёнах.
Усё большае распаўсюджванне атрымлівае такая форма работы, як бацькоўскі клуб. Ва ўстановах адукацыі вобласці створаны 232 клубы сямейнага выхавання. Прыкладамі служаць клубы прыёмных сем’яў “Цяпло сэрцаў” (Барысаўскі раён), “Бацькоўскі дом” (Любанскі раён), “Пад бацькоўскім крылом” (Вілейскі раён ), “Буслянка” (Стаўбцоўскі раён).
Папулярнымі становяцца сямейныя святы і фестывалі: Дзень маці, Дзень бацькі, Дзень бабуль і дзядуль, Дзень майго дзіцяці, Дзень узаемнай падзякі. Яны суправаджаюцца стварэннем сямейных летапісаў, рукапісных кніг і дзённікаў, аднаўленнем сямейных архіваў, выкарыстаннем дакументальных кніг і матэрыялаў для вывучэння гераічнага мінулага сям’і, перадачай дзецям, унукам і праўнукам сямейных рэліквій.

Адным з найважнейшых напрамкаў супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з сям’ёй з’яўляецца інфармацыйна-асветніцкая работа. Тут заслугоўвае ўвагі вопыт работы Сноўскага ясляў-сада Нясвіжскага раёна, сярэдняй школы № 1 Валожына, сярэдняй школы № 12 Слуцка, дзіцячага сада — школы № 24 Барысава.
У Жодзіне арганізавана работа “службы тэрміновага рэагавання” для дапамогі дзецям, якія апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі.
У Старадарожскім раёне практыкуецца такая форма працы, як выязны бацькоўскі ўніверсітэт “Мастацтва разумець адно аднаго”. У Мядзельскім раёне функцыянуе цэнтр духоўна-маральнага развіцця “Гармонія”, у якім працуе тэлефон даверу, праводзяцца гутаркі, кансультацыі для бацькоў. У Крупскім раёне ўкараняецца такая форма працы з бацькамі, як Дні школы на прадпрыемстве. На базе Салігорскага цэнтра дзіцячай творчасці функцыянуе адзіны ў рэспубліцы Музей маці.
Для кансалідацыі намаганняў па ўзаемадзеянні з сям’ёй, забеспячэнні нармальнага ўзроўню жыццядзейнасці і ўмоў развіцця дзяцей быў абраны і з 2006 года працуе абласны савет па каардынацыі работы з сям’ёй. Па яго прапанове ў 180 установах адукацыі вобласці працуюць 223 факультатывы і гурткі па гендарным выхаванні і падрыхтоўцы навучэнцаў да сямейнага жыцця, сярод іх: “Я і мая сям’я”, “Асновы духоўнасці і маралі”, “У свеце сямейных адносін”, “Культура побыту”, “Сям’я — аснова дзяржавы”, “Святло душы”.
На базе аддзела арганізацыйна-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы Мінскага дзяржаўнага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра працуе абласны кансультацыйны цэнтр па пытаннях духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў і работы з сям’ёй. Старшынёй абласнога савета па каардынацыі работы з сям’ёй абраны Мікалай Мікалаевіч Гіро, дырэктар сярэдняй школы № 3 Вілейкі.
Акцэнт у рабоце савета на 2013/2014 навучальны год зроблены на мерапрыемствы, якія прапагандуюць станоўчы вопыт міжведамаснага ўзаемадзеяння па ўдасканаленні сямейнага выхавання, распаўсюджванне пазітыўнага вопыту ў гэтым напрамку, арганізацыю інфармацыйна-асветніцкай работы па праблемах сямейнага і гендарнага выхавання ў сродках масавай інфармацыі.
Бясспрэчна, з сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фарміраванне яго як грамадзяніна. Дабрабыт і моц сям’і — вось мерка развіцця і стабільнасці краіны.

Святлана КІСЕЛЬ,
галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы
ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.