Захапленне для душы

На базе Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі працуе аб’яднанне па інтарэсах “Стэндавы мадэлізм”. Гэта цікавы від тэхнічнай творчасці: мы ствараем копіі мадэлей караблёў. Увогуле стэндавы мадэлізм — захапленне мільёнаў людзей рознага ўзросту, але, вядома ж, асаблівую цікавасць да яго дэманструюць хлопчыкі і дзяўчынкі школьнага ўзросту.

Выраб мадэлей караблёў — работа карпатлівая, але ад гэтага не менш захапляльная. Тут нельга мітусіцца і спяшацца, усе дэталі вымяраюцца і падганяюцца, а на выраб невялікага і быццам простага вузла можа ісці ад некалькіх дзён да месяцаў. Выраб мадэлей караблёў можа займаць год, а то і больш, у спалучэнні пэўных дэталей цалкам узнаўляецца мадэль карабля. Маё захапленне вырабам парусных караблёў перадалося навучэнцам. На працягу многіх гадоў мы з’яўляемся пераможцамі розных конкурсаў і выстаў.

Апошнія дасягненні нашага аб’яднання па інтарэсах “Стэндавы мадэлізм” — перамогі ў раённым аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Віталіна Музычэнка, Віталіна Васільчанка і Лізавета Булаўка былі ўзнагаро­джаны трыма дыпломамі I ступені. Сярод педагогаў я была ўзнагароджана дыпломам I ступені.

Гэты конкурс з’яўляецца аглядам дасягненняў навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў адукацыі ў інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і праводзіцца з мэтай актывізацыі работы па прыцягненні навучэнцаў і моладзі да навукова-тэхнічнай творчасці, выяў­лення і падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі ў гэтай галіне і прапаганды навукова-тэхнічнай творчасці сярод дзяцей і моладзі, актывізацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю.

Нядаўна быў праведзены і раённы конкурс навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, дзе Віталіна Музычэнка і Віталіна Васільчанка былі ўзнагаро­джаны двума дыпломамі I ступені. На базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны адбыўся XXII Абласны адкрыты конкурс навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, дзе ў намінацыі “Тэхнічнае мадэляванне” Віталіна Музычэнка са сваёй стэндавай мадэллю карабля “VOJN” з выкарыстаннем тэхналогіі QR-кода заняла 2-е месца, а Віталіна Васільчанка з дыярамай “Белеет парус одинокий” з выкарыстаннем тэхналогіі QR-кода — 4-е.

Святлана СЛІВА,
метадыст Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.