За маімі плячыма Настаўнікі

Вось ужо 105 гадоў Гомельскі педагагічны каледж служыць на карысць людзям і беларускай зямлі. Пачыналася ўсё з Гомельскай педагагічнай семінарыі ў 1915 годзе, а цяпер гэта Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага. 105 гадоў… Праца, розныя аддзяленні, адкрыцці, заслугі, эксперыменты… І безліч светлых, мудрых, дастойных людзей, якія выйшлі праз парадныя дзверы педагагічнай установы, несучы з сабой веды і нешта яшчэ больш важнае: прагу да ведаў, імкненне да развіцця, любоў да сябе, людзей і ўсяго сусвету.

Бацькі — першае кола ў пазнанні свету маленькім чалавекам, другім колам у жыцці з’яўляюцца выхавальнікі і нас­таўнікі. Сваімі ведамі, поглядамі, энергетыкай яны ўплываюць на ўнутраны свет асобы і дапамагаюць бацькам будаваць, адчуваць, фарміраваць асобу.

Мне таксама ёсць чым пахваліцца — і за маімі плячыма Н­астаўнікі.

Я вучылася ў каледжы ў 1997—2001 гг. І для мяне, шчыра кажучы, гэта не была чарговая прыступка на лесвіцы развіцця. Гэта была высокая сцяна, і я мусіла ўзяць гэтую вышыню! Інакш нельга, бо ўжо ўчапіўся за выс­туп (прадмет, ідэю, мару, план) і шлях толькі наперад — уніз не глядзець. Адчуванні сапраўднага альпініста. А побач такія прыстойныя, мудрыя трэнеры, што проста нельга іх падвесці! На жаль, не магу пералічыць усіх цудоўных настаўнікаў каледжа. Але вельмі хочацца падзякаваць асабіста Але Іванаўне Беляковай, нашаму куратару, якая вучыла міру і дабрыні, вырашаць канфлікты размовамі, сябраваць і проста дарыла нам сваё цяпло. Алегу Мікалаевічу Каванаву, які быў выкладчыкам па музычнай грамаце, гармоніі, сальфеджыа і даваў нам значна больш, можна сказаць, выкладаў асновы філасофіі на сваіх занятках. Вы назаўсёды ў маім сэрцы, светлая Вам памяць. Надзеі Яўгенаўне Анціпавай, Алене Анатольеўне Магонавай, выкладчыкам псіхалогіі, што вучылі глядзець у вочы, а бачыць душу. Алене Уладзіміраўне Асіпковай і Таццяне Аляксандраўне Ярмоленка, выкладчыкам методык, што паказалі неверагодны свет зносін з дзецьмі рознага ўзросту.

Шчыра дзякую за сваё настаўніцкае станаўленне Таццяне Яўгенаўне Чырынковай (выкладчыку па вакале), Іне Рыгораўне Жоравай (выдатнаму хормайстру, што вучыла нас не толькі спяваць, але і быць калектывам), Алёне Яфімаўне Бакуновай (вык­ладчыку гісторыі педагогікі), Алене Кірылаўне Клімовіч (кіраўніку харэаграфіі). Былі моманты, калі думалася, што не ўсе навыкі (страхавыя тросы) у жыцці і прафесіі патрэбныя, але Людміла Рыгораўна Астапенка зрабіла штосьці такое, што на 4 курсе я палюбіла дырыжыраванне і работу з хорам на ўсё жыццё!

Былі на гэтай вышыні і выкладчыкі, якія, на першы погляд, не мелі прамога дачынення да страховак, намаганняў, а проста стаялі побач — гэта Галіна Васільеўна Кабяк (акампаніятар), Яўген Мікалаевіч Крупенька (выкладчык беларускай літаратуры, арганізатар творчых літаратурных конкурсаў). Але як многа значылі іх падбадзёрванне, позірк, шчырыя ўсмешкі і гатоўнасц­ь у любы час працягнуць руку дапамогі! Гэта таксама светлыя прамяні настаўніцкага досведу. І чым больш такіх праменьчыкаў, тым больш цэльны настаўнік вырастае з гэтых зносін.

Але хочацца адзначыць таго, хто першы падаў мне страхоўку і навучыў ёй карыстацца. Мая дарагая Алена Іванаўна Лабанава. Менавіта з ёй пакараліся ўсё новыя і новыя вышыні.

Трэба адзначыць, што дырэктар навучальнай установы Аляксандр Кірылавіч Прусаў (1994—2000 гг.) актыўна спрыяў развіццю навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў, была нават уведзена пасада намесніка дырэктара па навуцы. А ўдзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях стала модна.

Вышыня пакарылася! Што ж далей? Дзякуючы дырэктару Анатолю Антонавічу, які актыўна супрацоўнічаў з вышэйшымі педагагічнымі навучальнымі ўстановамі (праграма па бесперапыннай прафесійнай адукацыі), атрымалася з гэтай вышыні ступіць на наступную — універсітэт. А вось тут, дзякуючы ведам, уменням, навыкам, запасу энергіі і вопыту, атрыманым ад настаўніцкага калектыву каледжа, удалося крочыць далей па роўных прыступках.

Шчыры дзякуй табе, каледж, за педагогаў, выкладчыкаў, настаўнікаў, за тое, што даеш менавіта прафесію, дапамагаеш заняць сваё месца ў настаўніцкім свеце, што маральны складнік заўсёды побач з прафесійным, што ёсць мэты і праграмы па станаўленні сапраўдных Настаўнікаў, што не баішся эксперыментаў, што цягнеш гэтыя нітачкі-канаты-страхоўкі праз гады, што вучыш быць смелым, адважным альпіністам, што твая падтрымка адчуваецца праз час і адлегласць!

Віталія ГЛАЗ (ЦЫРЫКАВА),
былая навучэнка.