За імі наша будучыня

У Год народнага адзінства не проста словамі гучаць заклікі да актывізацыі патрыятычнага выхавання моладзі Беларусі. Падзеі мінулага года паказалі, наколькі гэта актуальнае пытанне.

Яшчэ ў верасні 2019 года ў сярэдняй школе № 57 Гомеля стартаваў адукацыйны праект “Магчымасці адукацыйнага асяроддзя для фарміравання ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў”. Праект, ініцыіраваны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віталем Уткіным і першым намеснікам камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Ігарам Бурмістравым, сёння плённа развіваецца ў цесным узаема­дзеянні з вайсковай часцю 5525 Гомеля.

Удзельнікі і арганізатары праекта пераканаліся, што палепшылася паспяховасць навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў, іх паво­дзіны, каштоўнасныя прыярытэты. Паказальным з’яўляецца і тое, што класныя кіраўнікі актыўна далучыліся да руху і носяць форму ў прыклад дзецям.

Гэтым летам навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў наведалі “Цягнік Перамогі”, які пабываў у Гомелі. Моцныя ўражанні аказала на іх экспазіцыя гэтага музея на колах.

Дзеці прынялі ўдзел у вялікай колькасці грамадзянска-патрыятычных мерапрыемстваў і акцый. Ніхто з іх цяпер не скажа, што пашкадаваў аб сваім выбары, апрануўшы форму і акунуўшыся ў цікавы свет экскурсій, паездак, сустрэч і добрых спраў. Так, у верасні навучэнцы ўдзельнічалі ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню горада. Там яны прадэманстравалі зробленыя макеты-дыярамы ваенных бітваў па вызваленні Гомеля, правялі цікавую віктарыну на ваенную тэматыку. Школьнікі пазнаёміліся з кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання, пасада якога ўведзена сёлета. Зараз маштабы праекта будуц­ь пашыраны на ўсіх навучэнцаў школы.

Выхаванне любові да Радзімы, яе традыцый, дасягненняў, захаванне памяці продкаў сёння — вельмі важныя выхаваўчыя задачы школы. Не здрадзіць свайму народу, стаць дастойнымі пераемнікамі старэйшага пакалення, заўсёды служыць краіне — вось арыенцір для школьнікаў, якія вучацца ў ваенна-патрыятычных класах. Яны ўсведамляюць, што за імі будучыня краіны, стабільнасць, развіццё і спакойны сон бацькоў.

Дзмітрый ЦЫБІЗАЎ,
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 57 Гомеля.