З мячом гуляць — маўленне развіваць!

Вопыт работы з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення паказвае, што выкарыстанне мяча падчас выканання маўленчых гульняў і практыкаванняў выклікае і падтрымлівае іх цікавасць, захапляе дзяцей.

Для выхаванцаў ва ўзросце 3—7 гадоў з цяжкімі парушэннямі маўлення характэрна пагаршэнне агульнай і дробнай маторыкі. Выкарыстанне практыкаванняў з мячом спрыяе развіццю ў іх каардынацыі рухаў, умацаванню мышц плечавога пояса, развіццю і ўмацаванню дробных мышц рук. Акрамя таго, у ходзе выканання такіх практыкаванняў і гульняў задзейнічаны зрокавы, тактыльны і маўленчарухальны аналізатары, што забяспечвае больш трывалае замацаванне матэрыялу.

Гульні з мячом выкарыс­тоўваем на карэкцыйных занятках і на занятках па адукацыйных галінах з дзецьмі ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў. Для гульняў і практыкаванняў выкарыстоўваем мячы, розныя па колеры, велічыні, вазе, матэрыяле, структуры паверхні.

З выхаванцамі 3—5 гадоў замацоўваем уменне ка­ціць, кідаць, лавіць мяч. Выкарыстоўваем розныя гульні: “Каці мяч і гук праспявай” (працягласць пракачвання мяча суадносіцца з працягласцю прапявання галоснага гуку), “Мяч кідай — слова ласкава называй”, “Мяч кідай — займеннік дарэчы падбірай”, “Мяч кідай — слова змяняй” (змяненне дзеясловаў па асобах і ліках) і інш.

З выхаванцамі 4—5 гадоў замацоўваем уменне кідаць мяч адно аднаму знізу, з-за галавы і лавіць, адбіваць мяч ад зямлі правай і левай рукой. Гуляем у такія гульні, як “Мяч перадавай — агародніну (садавіну, цацкі, адзенне і г.д.) называй”, “Мяч кідай — слова наадварот называй” (падбор слоў з процілеглым значэннем), “Мяч кідай — дзіця жывёлы называй” і інш.

Выхаванцам 5—6 гадоў прапануем выкон­ваць розныя рухі з мячом: адбіваць мяч ад зямлі на месцы, рухаючыся наперад крокам, перакідваць мяч адно аднаму і лавіць яго стоячы і седзячы, пера­кладаць у патрэбным кірунку, па ліку і інш. Дзеці з задавальненнем гуляюць у “Я ведаю пяць…”. Ім прапануецца назваць пяць назваў дрэў, гарадоў, відаў спорту, казак, прафесій і інш.

Пры падрыхтоўцы да навучання грамаце асабліва цікавыя дзецям такія гульні, як “Адбі­вай мяч і дзялі слова на склады”, “Мяч злаві — першы гук у слове змяні”, “Мяч злаві — слова на зададзены гук назаві”, “Мяч лаві і мяч кідай — доўгае слова складай” (стварэнне складаных слоў) і інш.

Гульні з мячом “Паўтарай, не марудзь”, “Мяч лаві і мяч кідай — памылку ў слове выпраўляй” выкарыстоўваем для аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі пастаўленых гукаў у складах і словах.

Пры ўзаемадзеянні з бацькамі арганізоўваем практыкумы па правядзенні гульнявых практыкаванняў з мячом. Бацькі на такіх сустрэчах актыўныя, старанна выконваюць заданні, разумеюць змястоўнасць і эфектыўнасць маўленчых гульняў з мячом. Усе бацькі набылі мячы з улікам жадання сваіх дзяцей, прапануюць ім дома гу­ляць у такія гульні, браць на сябе вядучую ролю і самастойна фармуляваць маўленчае заданне, пры неабходнасці выпраўляць адказы бацькоў. Такая форма работы з бацькамі спрыяе развіццю ў дзяцей маўленчага самакантролю і ўзаемакантролю.

Выкарыстанне маўленчых гульняў і практыкаванняў з рознымі відамі мячоў на занятках настаўніка-дэфектолага ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення вельмі эфектыўнае і спрыяе не толькі пераадоленню маўленчых парушэнняў, але і дапамагае разнастаіць віды дзейнасці на занятках, удасканальвае рухальныя навыкі і ўменні выхаванцаў, развівае арыентацыю ў прасторы, агульную і дробную маторыку, сенсорыку, увагу, памяць, мысленне, уменне дзейнічаць з прадметам па інструкцыі, слухаць аднагодкаў.

Святлана ДУХОЎНІК,
настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава.