З дапамогай Web 2.0

Для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ў Жлобінскім раёне актыўна выкарыстоўваем тэхналогіі Web 2.0, якія прадугледжваюць развіццё інтэрактыўных форм навучання, правядзенне семінараў, мадэрнізацыю камп’ютарнай тэхнікі, выкарыстанне новых інфармацыйных рэсурсаў.

У навучальным працэсе для нас вельмі важныя не толькі пошук і ўкараненне новых тэхналогій і падыходаў, але і выяўленне, развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў, арганізацыя сістэмнай работы па іх прадметнай падрыхтоўцы да алімпіяды.

Разам мы прыдумалі і распрацавалі на аснове тэхналогій Web 2.0 (на вэб-рэсурсе Quizizz) анлайн-гульню па гісторыі Беларусі. Гэты воблачны сэрвіс уяўляе сабой інтэрнэт-рэсурс ацэньвання вучняў. Тэсты могуць быць адноўлены на любым прыстасаванні з выхадам у інтэрнэт. Quizizz — гэта вэб-інструмент для правя­дзення экспрэс-апытанняў, тэстаў, віктарын. Якія перавагі апытання навучэнцаў з Quizizz?

Пры правядзенні апытання вучні адказваюць на пытанні ў індывідуальным тэмпе. Ёсць магчымасць прыбраць параметр “час”, і тады школьнікі могуць падумаць над пытаннем. Гэта дазваляе падчас адказу прачытаць параграф падручніка або скарыстацца інтэрнэтам у пошуках патрэбнай інфармацыі.

Настаўнік можа стварыць тэст або віктарыну сам. Навучэнцы адказваюць на пытанні са сваіх мабільных прылад. Вучні могуць далучыцца да віктарыны, калі пяройдуць па спасылцы і ўвядуць код, прысвоены гульні. Настаўнік адсочвае работу кожнага і атрымлівае поўную карціну працы класа, а таксама можа экспартаваць атрыманыя даныя ў табліцу Excel.

Пры распрацоўцы заданняў мы аддаём перавагу развіццю светапогляду вучняў.

Пры распрацоўцы заданняў мы аддаём перавагу развіццю светапогляду вучняў. У нас ёсць тэставыя заданні па наступных напрамках: крылатыя выразы, цытаты, гістарычныя паняцці, гістарычныя асобы, храналогія, культура, ілюстрацыя.

Пытанні інтэрнэт-віктарыны двух відаў: закрытага тыпу (адзін правільны варыянт адказу з некалькіх прапанаваных) альбо пытанне адкрытага тыпу (разгорнуты адказ запісваецца ў радку). Прадугледжана атрыманне дадатковых балаў удзельніку, які адказаў на пытанне першым.

Прымяненне розных відаў сацыяльных сеткавых сэрвісаў у працэсе навучання прадастаўляе магчымасці для фарміравання здольнасцей да ўніверсальных вучэбных дзеянняў (асобаснага, рэгулятыўнага, пазнавальнага, камунікатыўнага).

Індывідуалізаваныя заданні стымулююць самастойнасць і намаганні вучня ў засваенні паняццяў, дапускаюць кантроль і самакантроль у працэсе работы, прадугледжваюць узрастанне ролі самастойнасці самога вучня ў вызначэнні зместу работы, выбару спосабаў яе выканання і дасягнення выніку.

Эдуард ГАРЦУЕЎ,
дырэктар Антонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жлобінскага раёна;
Эрыка КОМЫШАВА,

метадыст Жлобінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.