З дабром у сэрцы

У стане стомленасці і раздражнення ад надзённых клопатаў мы часам праходзім міма чужых праблем, пакуль яны не закранулі нас саміх. Тады мы хапаемся за саломінку, шукаем падтрымкі і спагады ў людзей, для якіх бескарыслівая дапамога, міласэрнасць і спагадлівасць не проста словы, а сэнс жыцця. У нас з вамі ёсць унікальная магчымасць папоўніць іх рады. І тады, нібы па ўзмаху чароўнай палачкі, заквітнеюць сады на пустэчах і закінутых землях. Свет стане больш добрым і радасным.

“Дабрыня ў сэрцы ў многіх жыве і пра боль іншых забыць не дае”, — так пачыналася свята Дабра, прысвечанае спагадзе, дружбе і міласэрнасці, якое ў рамках праекта “Твори добро” праводзіцца ўжо сёмы год у сярэдняй школе № 1 Салігорска. У прасторным холе нас сустракае вясёлая і яркая выстава малюнкаў. Вось дзеці трымаюцца за рукі, а тут мама абдымае сваё дзіця, малыш цягне рукі да сонца, а ліса сябруе з птушкамі. Вось такі свет дабра ў дзіцячых сэрцах. Для ўстановы адукацыі, якая жыве пад дэвізам “Школа для кожнага, школа для ўсіх”, свет дабра не ілюзія, а, мабыць, адзін з самых галоўных кірункаў дзейнасці. Тут разам са звычайнымі дзецьмі вучацца тыя, хто кожны дзень, кожную хвіліну мае патрэбу ў падтрымцы і разуменні. Гэта дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Любімае ўсімі свята Дабра… Яно прысвечана Сусветнаму дню спантаннага праяўлення дабрыні і з вялікай радасцю штогод адзначаецца ў школе не адзін дзень, а цэлы тыдзень! У гэты час на інфармацыйных і класных гадзінах, пазакласных мерапрыемствах дзеці гаво­раць пра вялікадушнасць і добразычлівасць, арганізоўваюцца творчыя выставы дзяцей, праводзяцца сустрэчы з людзьмі, якія могуць шчыра падзяліцца добрымі гісторыямі з жыцця. У межах тыдня Дабра ў школе прайшла дабрачынная акцыя “Працягні руку лапам”. У ходзе акцыі дзеці і работнікі школы сабралі шмат рознага корму для бяздомных жывёл, які быў перададзены валанцёрам Салігорска.

І вось у актавай зале кульмінацыя ты­дня — прыгожае і добрае свята Дабра, у якое залатой ніткай уплецены словы Марка Твэна “Дабро — гэта тое, што ўбачыць сляпы і пачуе глухі”. Свята пачалося з дабрачыннай акцыі “Перадай дабро па крузе”. Прысутныя аказалі дабрачынную падтрымку дзецям, якія маюць патрэбу ў дапамозе, а ўзамен атрымалі маленькую і яркую кветачку дзьмухаўца, сімвал свята, зробленую, што немалаважна, рукамі навучэнцаў школы.

Свята Дабра, як і заўсёды, было эмацыянальным. Яркіх фарбаў дадалі персанальныя творчыя выставы вучаніц 7 “Г” класа Марыі-Міраславы Мерзляковай, Глафіры Мігуры і іх аднакласніка Ягора Ушчапоўскага. “Дружба, — падпісваюць свае работы дзеці, — гэта калі чалавек хварэе і ўсе клапоцяцца пра яго, шчасце — гэта калі ўся сям’я збіраецца за адным сталом, і тады ўсе засмучэнні абыходзяць іх”. Вось так проста і зразумела.

Цікава, што на свяце Дабра ўпершыню для шырокай публікі быў прадстаўлены спектакль “Усё аб белым”. Яго прыдумалі асаблівыя дзеткі разам са сваім кіраўніком тэатра мініяцюр Вольгай Сяргееўнай Шынкевіч. Для псіхалагічнай падтрымкі запрасілі ў спектакль сваіх равеснікаў. Усе дружна рыхтаваліся да выступлення і вельмі хваляваліся. І вось у зале цішыня… Гледачы ўважліва сочаць за героямі імпрэзы. Усім хочацца зразумець, што ж такога ў сваіх малюнках, сцэнічных дзеяннях і вобразах імкнуцца выказаць артысты. Аказваецца, усё проста: дабрыня — гэта вялікая сіла, яна дапамагае выжыць слабым і захаваць у сабе самыя патрэбныя якасці.

Каб усяліць добразычлівасць і спагаду ў сэрца дзіцяці, трэба самому быць добрым. У “школе для кожнага, школе для ўсіх” дабро пачынаецца з педагогаў. Тут асаблівая атмасфера павагі і пачуцця пляча. На жывых прыкладах дабра вучацца і дзеці. Асаблівыя словы падзякі хацелася б сказаць у адрас намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, педагога з вялікім стажам Людмілы Мікалаеўны Ранцэвіч. Гэта пад яе чулым кіраўніцтвам праходзяць школьныя святы Дабра. “Жыццё адно, спяшайцеся рабіць добрыя справы, — гаворыць Людміла Мікалаеўна. — Галоўнае — данесці гэта дзецям, каб у будучыні яны памнажалі дабро, былі чулымі адно да аднаго і дарылі радасць”.

У падарунак ад арганізатараў свята кожны з гасцей атрымаў кветачку дзьму­хаўца — сімвал дабрыні, а тыя ўзамен збіралі сродкі для хворага хлопчыка С­яргея Іванова з Новапалескага дзіцячага сада — сярэдняй школы Салігорскага раёна, якому тэрмінова патрэбна аперацыя. Правільна кажуць, што міласэрнасць і спагадлівасць — гэта не проста словы, а сэнс жыцця.

Таццяна МАРОЗАВА,
педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 1 Салігорска.
Фота аўтара.