Ёй невядомая сумная і руцінная праца

Захапленне спортам і любоў да дзяцей цесна перапляліся ў сэрцы Святланы Саноцкай. Яе працоўная дзейнасць пачалася ў 1982 годзе з трэнерскай работы, а цяпер яна працуе кіраўніком фізічнага выхавання ў яслях-садзе № 12 Светлагорска і ўжо 37 гадоў застаецца адданай гэтай прафесіі.

Спакойная, ветлівая, заў­сёды з усмешкай і ў доб­рым настроі, яна любіць сваіх выхаванцаў, і яны адказваюць ёй узаемнасцю. Гле­дзячы ў дзіцячыя вочы, разумееш, што яна патрэбна ім і што яна для іх — цэлы Сусвет. Менавіта Святлана Уладзіміраўна закладвае асновы характару малых, падтрымліваючы іх сваёй любоўю, аддаючы цяпло свайго сэрца.

Работу з дзецьмі педагог будуе на ўзаемаразуменні, дабрыні, клопаце і ласцы. Яна ў выдатнай спартыўнай форме, таму і заняткі ў яе жывыя, цікавыя, напоўнены крэатыўнымі ідэямі і сучаснымі тэхналогіямі.

Разам з выхаванцамі Святлана Уладзіміраўна катаецца на лыжах, гуляе ў тэніс, футбол, баскетбол, удзельнічае ў перацягванні каната, ладзіць спаборніцтвы па яздзе на самакатах. І дзеці з радасцю бяруць прыклад са свайго настаўніка.

Не кожнаму па плячы такая цяжкая, карпатлівая праца, якая патрабуе вялікіх духоўных і эмацыянальных затрат! Святлана Уладзіміраўна ўмее зноў і зноў пражываць дзяцінства з кожным выхаванцам, бачыць свет яго вачамі, здзіўляцца і пазнаваць яго разам з дзіцем, быць побач, калі патрэбна дапамога і падтрымка.

Работа так трывала ўвайшла ў жыццё Святланы Саноцкай, што стала неаддзельнай ад яе. Але пры гэтым работа не замяніла самае галоўнае для жанчыны — яе сям’ю: яна шчаслівая жонка, мама дваіх дарос­лых дзяцей, бабуля траіх унукаў.

Сярод калег Святлана Ула­дзіміраўна мае аўтарытэт і павагу — яна той чалавек, на якога можна абаперціся ў любой справе. У ёй спалучаюцца велізарная працавітасць, любоў да сваёй прафесіі і дзяцей, імкненне да ўдасканалення педагагічнага майстэрства.

Святлана Уладзіміраўна прымае актыўны ўдзел у жыцці не толькі нашай установы адукацыі, але і ўсяго Светлагорскага раёна. Ужо больш за 10 гадоў з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яд­нання кіраўнікоў фізічнага

выхавання. Смела і творча дзеліцца сваім вопытам з калегамі на абласным узроўні — чытае лекцыі для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. За прафесійнае майстэрства, бязмежную любоў да дзяцей, значны ўклад у развіццё сіс­тэмы дашкольнай адукацыі неаднаразова атрымлівала заслужаныя ўзнагароды.

Зусім нядаўна Святлана Уладзіміраўна адзначыла юбілейны 60-ы дзень нара­джэння. На пытанне, што для яе значыць працаваць з дзецьмі ў дзіцячым садзе і ці не пашкадавала яна аб сваім выбары, яе адказ адназначны:

— Я ніколі не сумнявалася ў выбары прафесіі. Педагог — гэта не проста прафесія, гэта — стан душы, прызванне. Я люблю сваю прафесію, мне прыемна мець зносіны з дзецьмі, бацькамі і калегамі. З задавальненнем дзялюся з імі сваімі ідэямі і адчуваю іх падтрымку, што, вядома ж, вельмі дапамагае ў рабоце. Я шчаслівы чалавек, мне невядомая сумная, аднастайная, руцінная праца. Я з радасцю і любоўю аддаю дзецям свае веды і вопыт. Таму, калі б жыццё пачалося зноў, то я адназначна выбрала б прафесію педагога і аддала ёй сваё сэрца.

Вольга МУТОЎКІНА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 12 Светлагорска.