Якасць адукацыі — у мастацтве кіравання

Конкурс у жыцці кожнага чалавека — напружаны і ў той жа час важны этап прафесійнага шляху. Гэта хваляванні і бяссонныя ночы, магчымасць прадэманстраваць сваё майстэрства і рэалізаваць сваё “я” ва ўмовах спаборніцтва. Пры падрыхтоўцы да конкурсных іспытаў нараджаюцца ідэі, якія патрабуюць ад кіраўніка аналізу сваіх магчымасцей для давядзення ідэі да рэалізацыі.

У Смаргоні былі падведзены вынікі раённага конкурсу “Кіраўнік установы адукацыі — 2013”, арганізацыйна-метадычным суправаджэннем якога займаўся Смаргонскі раённы метадычны кабінет.
Конкурс “Кіраўнік установы адукацыі” — гэта выяўленне, вывучэнне і падтрымка паспяховых кіраўніцкіх практык, вопыту вырашэння праблем і актуальных задач адукацыі Смаргонскага раёна.
Конкурс праходзіў з лютага па май 2013 года і прадугледжваў наступныя этапы: падрыхтоўчы (люты — сакавік, падрыхтоўка творчай работы “Мая ўстанова: шляхі развіцця”; падрыхтоўка відэавізіткі ўстановы адукацыі); практычны этап (красавік — май, І тур — тэсціраванне па пытаннях кіраўніцкай дзейнасці; ІІ тур — майстар-класы фіналістаў конкурсу па кіраўніцкай дзейнасці. ІІІ тур — фінал (29 мая, самапрэзентацыя “Кіраўніцкі аўтапартрэт”; прэзентацыя кіраўніцкай дзейнасці “Мая ўстанова: шляхі развіцця”; прэс-канферэнцыя па тэме “Кіраванне дзейнасцю ўстаноў адукацыі: праблемы і перспектывы”; зварот да грамадскасці (тэма паведамляецца за дзень да конкурснага іспыту). Трэці этап прадугледжвае правядзенне жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў “Павышэнне якасці і эфектыўнасці кіравання — гарантыя ўстойлівага развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі”; трансляцыю эфектыўнага кіраўніцкага вопыту пераможцамі конкурсу.
Невыпадкова дэвізам раённага конкурсу сталі словы “Якасць адукацыі — у мастацтве кіравання”, бо ў ім прынялі ўдзел педагогі-кіраўнікі, зацікаўленыя ў забеспячэнні якасці адукацыі.
Фінальным мерапрыемствам конкурсу папярэднічала напружаная падрыхтоўчая работа. Сем кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі прадставілі на суд журы творчыя работы “Мая ўстанова: шляхі развіцця” і відэавізіткі сваёй установы. Па выніках завочнага тура і тэсціравання па пытаннях кіраўніцкай дзейнасці былі вызначаны фіналісты: Ірына Анатольеўна Дурэйка (гімназія Смаргоні), Аляксандр Яўстаф’евіч Будай (сярэдняя школа № 3 Смаргоні), Данута Феліксаўна Балыш (ВПК “Жодзішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа”), Лілія Генрыхаўна Жываткевіч (Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці).

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі мелі магчымасць пазнаёміцца з новымі падыходамі да вырашэння кіраўніцкіх задач, аўтарскімі напрацоўкамі фіналістаў конкурсу на майстар-класах па кіраўніцкай дзейнасці.
Сістэмна прадставіў вопыт уласнай кіраўніцкай дзейнасці па тэме “Як захаваць прафесійнае здароўе настаўніка” А.Я.Будай. Д.Ф.Балыш на аснове тэхналагічнага падыходу арганізавала работу з мадэльным калектывам па тэме “Якое кіраўніцтва неабходна сучаснай школе і як зрабіць яго эфектыўным”. І.А.Дурэйка стварыла аптымальныя ўмовы для праяўлення і развіцця майстэрства кіраваць пры дапамозе прафесійных зносін з удзельнікамі майстар-класа па тэме “Работа з адоранымі навучэнцамі: кіраўніцкі аспект”. Л.Г.Жываткевіч выкарыстоўвала інтэрактыўныя метады работы ў ходзе правядзення майстар-класа “Веды — сіла, а пазнанне сябе — сіла асобы”.
Конкурс “Кіраўніцкі аўтапартрэт” дазволіў ацаніць уменні кіраўнікоў аналізаваць сваю дзейнасць, вызначаць прыярытэтныя напрамкі, сродкі і рэсурсы ў дасягненні выніку, які прагназуецца.
Прадстаўляючы сваё бачанне школы будучыні ў конкурсе “Мая ўстанова: шляхі развіцця”, кіраўнікі адзначылі, што дырэктар і яго каманда павінны ўмець вызначаць стратэгію развіцця сваёй установы адукацыі.
Так, Данута Феліксаўна Балыш бачыць сваю школу як школу самавызначэння і самарэалізацыі. І на гэта яна мае права, таму што ВПК “Жодзішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа” ў 2013 годзе паспяхова завяршыла рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне сучасных педагагічных тэхналогій самавызначэння і самарэалізацыі ў адкрытай сацыякультурнай прасторы”. Канцэпцыя такой школы грунтуецца на антрапалагічным меркаванні пра тое, што, з’явіўшыся на свет, дзіця пачынае ажыццяўляць сваё прызначэнне. Адукацыйная мэта фарміравання самавызначэння і самарэалізацыі навучэнцаў набудзе канкрэтнае гучанне як мэта фарміравання дамінантнай устаноўкі на самавызначэнне і самарэалізацыю. Прыярытэтнымі задачамі стануць набыццё дзіцем свайго “я”, забеспячэнне спробы сіл у розных відах пазнавальнай, працоўнай, мастацка-творчай, грамадска-арганізатарскай, фізкультурна-спартыўнай дзейнасці.

Аляксандр Яўстаф’евіч Будай разглядае сваю школу як навучальную ўстанову, пабудаваную па адаптыўнай мадэлі, якая арыентавана на навучанне ўсіх і кожнага, але не ўсіх аднолькава, а індывідуалізавана. Школа будзе імкнуцца не толькі максімальна адаптавацца да навучэнцаў з іх індывідуальнымі асаблівасцямі, але і гнутка рэагаваць на сацыякультурныя змены асяроддзя, адаптацыю дзяцей і юнацтва да жыцця, якое хутка мяняецца, захавання іх асобы ў складаных сацыяльных умовах.
Ірыне Анатольеўне Дурэйка імпануе такі варыянт школы будучыні, як “Разумная школа”. Яна лічыць, што зрабіць школу “разумнай” — значыць, звесці да мінімуму ступень экстэнсіўных выдаткаў і паспрабаваць здабыць максімум з тых рэсурсаў, якімі яна валодае. Аснову такой школы складаюць тры канцэптуальныя палажэнні: пабудова ўзаемадзеяння школы з грамадствам, шырокае выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій, стварэнне ўмоў для развіцця фізічнага і маральнага здароўя навучэнцаў. Гімназія Смаргоні працуе ў рэжыме развіцця і руху ў напрамку стварэння сучаснай “разумнай” школы. Гэтаму садзейнічаюць вынікі (завяршэнне рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных прылад ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі), удзел у міжнародным пілотным праекце ІІТА і Асацыіраваных школ ЮНЕСКА “Навучанне для будучыні”.
Лілія Генрыхаўна Жываткевіч будуе канцэпцыю развіцця сваёй установы (Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці) як мадэль партнёрскага ўзаемадзеяння са шматпакаленнай сям’ёй, накіраванага на фарміраванне маральных каштоўнасцей у дзяцей дашкольнага ўзросту на аснове захавання лепшых сямейных традыцый. У падмурак канцэпцыі пакладзены прынцыпы інтэграцыйнасці, даверу, суб’ектыўнасці, варыятыўнасці. Стварэнню такой мадэлі будуць садзейнічаць распрацоўка стратэгіі і тактыка ўкаранення мадэлі, сістэма павышэння кампетэнтнасці ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу (педагогаў, бацькоў і прабацькоў) у галіне сацыяльна-маральнага і асобаснага развіцця дзіцяці дашкольнага ўзросту.

Арыгінальнасцю раскрыцця тэмы і формы прадстаўлення вызначаліся самапрэзентацыі і прэзентацыі кіраўніцкай дзейнасці Д.Ф.Балыш і А.Я.Будая. Здольнасць да імправізацыі, навыкі дзелавых зносін прадэманстравалі ўсе фіналісты ў ходзе прэс-канферэнцыі і звароту да грамадскасці на зададзеную тэму. Гледачы з цікавасцю назіралі спаборніцтвы не толькі асоб, але і цэлых кіраўніцкіх каманд.
Пераможцам раённага конкурсу “Кіраўнік установы адукацыі — 2013” стаў Аляксандр Яўстаф’евіч Будай, дырэктар сярэдняй школы № 3 Смаргоні. Яго поспех быў у многім прадвызначаны сістэмнасцю кіраўніцкай канцэпцыі, ідэі якой атрымалі развіццё ў ходзе ўсіх конкурсных мерапрыемстваў.
Усе фіналісты былі ўзнагароджаны грашовымі прэміямі і каштоўнымі прызамі.
На працягу практычнага этапу конкурсу з 1 красавіка па 20 мая вывучалася задаволенасць суб’ектаў адукацыйнага працэсу работай устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Вынікі інтэрактыўнага апытання, у якім удзельнічалі 1564 рэспандэнты, дазволілі аргкамітэту ўвесці дадатковую намінацыю “Лепшая ўстанова адукацыі па ацэнцы народнага журы”. Аднолькавыя шансы на перамогу мелі як буйныя, так і невялікія ўстановы, таму што пры падвядзенні вынікаў улічвалася не абсалютная колькасць галасоў, а працэнтныя суадносіны паміж колькасцю прагаласаваўшых і агульнай колькасцю навучэнцаў, педагогаў і бацькоў у гэтай установе.
Пераможцам у гэтай намінацыі стаў ВПК “Бялкоўшчынскі яслі-сад — базавая школа” (дырэктар Ю.Г.Удальева).
Конкурс “Кіраўнік установы адукацыі — 2013” сабраў яркіх, неардынарных людзей, якія мэтанакіравана працуюць над удасканаленнем кіраўніцкага майстэрства і ўмеюць адстойваць сваю пазіцыю. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што сістэма адукацыі Смаргонскага раёна забяспечвае новую якасць адукацыі.

Анжаліка ЧАЙКОЎСКАЯ,
загадчык Смаргонскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.