Як стварыць герб вёскі

Адна з галоўных задач пачатковай школы — навучыць дзяцей спосабам і прыёмам самастойнага авалодання ведамі. Важную ролю ў гэтым адыгрывае даследчая дзейнасць, якая пашырае ўяўленні вучняў пра свет і дазваляе зрабіць любы ўрок цікавым і пазнавальным, знаходзячы працяг на факультатыўных і стымулюючых занятках, а таксама ў пазаўрочнай рабоце.

Даследчая дзейнасць прадугледжвае вырашэнне пэўнай задачы і складаецца з некалькіх этапаў: пастаноўкі праблемы, вывучэння тэарэтычнага матэрыялу па ёй, падбору методык даследавання і практычнага авалодання імі, збору матэрыялу, яго аналізу і абагульнення, навуковага каментарыю і вывадаў. Падзяляю вучэбна-даследчую дзейнасць малодшых школьнікаў на 3 этапы: падрыхтоўчы — 1 клас (даю агульнае ўяўленне пра паняцце), пераходны — 2 клас (вучні атрымліваюць новыя ўяўленні пра асаблівасці даследчай дзейнасці) і даследчы — 3—4 класы (вучэбна-даследчыя задачы становяцца больш складанымі, дзеці право­дзяць самастойныя даследаванні па розных тэмах). Так, прапаноўваю першакласнікам заданні, якія актывізуюць іх даследчую дзейнасць. Арганізоўваю трэніровачныя заняткі ў пазаўрочны час для знаёмства вучняў з паслядоўнасцю даследаванняў. Пры вывучэнні тэмы пра расліны дзеці складаюць невялікія апавяданні пра цудадзейныя зёлкі. Вучні даведваюцца, дзе можна атрымаць звесткі (спытаць у настаўніка ці бацькоў, знайсці ў кнізе і г.д.). На гэтым этапе вельмі важна навучыць дзяцей задаваць пытанні. Вучні засвойваюць паслядоўнасць выканння заданняў і ўсведамляюць, што для іх трэба шмат запісаў. Каб не перагружаць дзяцей, можна намаляваць расліну і напісаць, як яна можа дапамагчы чалавеку ў лячэнні.

У 2 класе пашыраю веды вучняў пра даследчую дзейнасць: развіваю ўменні вызначаць тэму даследавання, аналізаваць, вылучаць гіпотэзы, рабіць вывады і афармляць іх пісьмова. Усё гэта адпрацоўваецца падчас экскурсій, назіранняў, міні-даследаванняў і эксперыментаў. Добрае практыкаванне — складанне загадак, задач і сачыненняў.

У 3—4 класах вучні ўжо самастойна выбіраюць тэму даследавання, вылучаюць гіпотэзы, шукаюць неабходны матэрыял у энцыклапедыях, даведніках і кнігах агульнаразвіццёвага характару, адбіраюць звесткі з вялікага аб’ёму інфармацыі, выказваюць свае думкі і ідэі, фармулююць простыя вывады на аснове 2—3 доследаў, рашаюць творчыя заданні і ўскладняюць іх, пераходзяць ад простага да больш складанага.

Вучэбна-даследчую дзейнасць малодшых школьнікаў арганізоўваю на ўроках, у пазаўрочны час і ў пазакласнай рабоце. Так, праводжу ўрокі-даследаванні і ўрокі з элементамі даследавання, якія ўключаюць пастаноўку праблемы, арганізацыю дыялогу, пошук рашэння і выкарыстанне заданняў пошукавага характару. У залежнасці ад тэмы ўрока арганізоўваю даследчую дзейнасць на розных яго этапах. Зыходзячы з тыпу ўрока выкарыстоўваю толькі асобныя элементы даследчай дзейнасці. Пераканалася, што даследчы метад навучання найбольш падыходзіць для нетрадыцыйных урокаў: урока-даследавання, урока-падарожжа, урока-праекта, урока — творчай майстэрні і інш.

Пры вывучэнні новага матэрыялу дапамагаю вучням праз уступную гутарку сфармуляваць тэму ці пытанне для даследавання, каб выклікаць цікавасць да яго. Далей даю новыя веды. Так, пры вывучэнні тэмы “Насякомыя (матылькі)” па курсе “Чалавек і свет” у 2 класе спачатку прапаноўваю дзецям загадку, а потым пры іх дапамозе называю тэму і фармулюю мэты ўрока: “Адгадайце загадку: “Крыльцы — як пялёсткі // У дзівосных кветак. // Іх сарваць  хацелі — // Кветкі ўзляцелі”. (Слухаю адказы.) Сёння мы бліжэй пазнаёмімся з матылькамі і даведаемся пра іх ролю ў прыродзе”. На гэтых занятках дзеці вучацца шукаць праблемы і вырашаць іх, атрымліваюць тэарэтычныя асновы з’яў і фактаў, удакладняюць сувязі, вызна­чаюць прыметы і разважаюць.

Урок-даследаванне можа ўключаць таксама актуалізацыю папярэдніх ведаў, асэн­саванне пэўных праблем і іх слоўнае афармленне, праверку гіпотэз, дыскусію, абгрунтаванне, прымяненне атрыманых ведаў у практычнай дзейнасці, абагульненне і вывады. Пры падвядзенні вынікаў урока абавязкова патрабую ад вучняў паўтарэння і абагульнення ўсяго таго, што яны даведаліся на ім.

На ўроку з элементамі даследавання выкарыстоўваю метады і прыёмы, якія валодаюць найбольшым развіццёвым патэнцыялам. Так, на ўроку рускай мовы ў 3 класе па тэме “Назоўнік, яго значэнне, роля ў сказе” звяртаюся да моўнага назірання, дзякуючы якому вучні робяць уласныя вывады і скіроўваюць увагу да лінгвістычнага матэрыялу за межамі вучэбнай праграмы. На ўроку па курсе “Чалавек і свет” у 3 класе па тэме “Азбука здаровага харчавання” дзеці складаюць рэкамендацыі “Залатыя правілы харчавання” для сябе і дарослых. На ўроку беларускай мовы ў 4 класе па тэме “Творны склон назоўнікаў 1-га скланення” вучні знаёмяцца з журналісцкай прафесіяй, жанрамі журналістыкі, пішуць журналісцкія матэрыялы і ствараюць газету. Добра матывуе да даследчай дзейнасці і ўрок пазакласнага чытання ў 4 класе па тэме “Такія розныя прафесіі”: пасля вызначэння прафесіі, да якой адносяцца пэўныя рэчы (цэгла, цвікі, малаток, шпалеры, пэндзаль, фарба), прапаноўваю дзецям падрыхтаваць дома паведамленні аб прафесіі будаўніка, маляра ці сталяра.

Пазаўрочная дзейнасць вучняў уяўляе сабой індывідуальную, групавую ці калектыўную работу. Акцэнтую ўвагу дзяцей на выбары тэмы даследавання, вызначэнні мэт, пошуку інфармацыі, падрыхтоўцы да абароны і абароне даследавання. Пазакласная дзейнасць уключае не толькі работу над вучэбным даследаваннем, але і арганізацыю інтэлектуальных гульняў, школьных канферэнцый, навуковых суполак вучняў і публічную абарону іх прац.

Я распрацавала дыстанцыйнае суправаджэнне асобных прадметаў на платформе Moodle і арганізавала суполку ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, дзе праводжу групавую і індывідуальную работу з дзецьмі па фарміраванні іх пазнавальнай актыўнасці і цікавасці да даследчай дзейнасці. На старонцы групы (vk.com/club138180380) размяшчаю цікавыя заданні і інфармацыю, спасылкі на інтэрнэт-крыніцы, якімі карыстаюцца вучні пры правядзенні даследаванняў. Правяраю сабраныя звесткі, даю рэкамендацыі. Пры абмеркаванні тэмы дзеці за­даюць пытанні, абменьваюцца думкамі.

Даследчая дзейнасць і асобныя яе элементы на ўроках і ў пазаўрочны час у пачатковай школе дапамагаюць зацікавіць малодшых школьнікаў вывучэннем розных прадметаў, сфарміраваць інтэлектуальныя, інфармацыйныя, камунікатыўныя і арганізацыйныя ўменні, павысіць пазнавальную актыўнасць і адказнасць за вучобу. Мае выхаванцы — пераможцы раённай канферэнцыі даследчых работ і праектаў малодшых школьнікаў “Я — даследчык”, прызёры абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” і Рэспубліканскага конкурсу дзіцячых даследчых работ і праектаў “Я родным краем ганаруся”. Прапаноўваю азнаёміцца з фрагментамі некаторых урокаў па фарміраванні вучэбна-даследчых навыкаў малодшых школьнікаў.

 Урок-даследаванне па матэматыцы ў 3 класе “7 цудаў Століншчыны”

Тэма: “Табліца множання ліку 7 і на лік 7”.

<…>

ІІ. Вуснае лічэнне

(На дошцы размешчана карта Століншчыны.)

— Столінскі раён самы вялікі па плошчы сярод усіх раёнаў Беларусі. Ён адзін з самых вялікіх і па колькасці насельніцтва. А колькі ўсяго раёнаў у Брэсцкай вобласці, вы даведаецеся, калі рэшыце прыклад 2 х 6 + 4 = … .

— Правільна, у Брэсцкай вобласці 16 раёнаў. Райцэнтрам нашага раёна з’яўляецца горад Столін, размешчаны на ўзвышэнні ўздоўж невялічкай рэчкі Копанец. Ад Брэста да Століна — 245 кіламетраў.

— Каб даведацца, колькі населеных пунктаў у нашым раёне, рашыце задачу: “У парку растуць клёны, бярозы і дубы. Дубоў — 19, бяроз — чатыры рады па 10 дрэў у кожным. Столькі ж, як і бяроз, і клёнаў. Колькі ўсяго дрэў расце ў парку? (99.)

— Дык колькі ж населеных пунктаў у Столінскім раёне? (99.)

— Якія населеныя пункты ёсць на Століншчыне? (Вёскі, гарады, аграгарадкі, гарадскі пасёлак.)

— Колькі гарадоў і як яны называюцца? Колькі гарадскіх пасёлкаў?

— Асаблівасцю Столінскага раёна з’яўляюцца шматлікія вадаёмы, рэкі і азёры. Па тэрыторыі Століншчыны праця­каюць 17 вялікіх і малых рэк. Найбольш буйныя з іх — Прыпяць, Гарынь, Стыр, Сцвіга, Льва і Моўства. Колькі рэк я назвала? (6.)

<…>

ІV. Паведамленне тэмы і мэт урока

— Вядома 7 цудаў свету. (Паказваю слайды з кожным з іх.) Усе гэтыя цуды — шэдэўры прыроды і чалавечых рук. На Століншчыне таксама ёсць цуды. Пра іх вы даведаецеся на ўроку. Іх таксама 7. Знаёмячыся з цудамі малой радзімы, мы пазнаёмімся з табліцай множання ліку 7 і на лік 7, замацуем вывучаны матэрыял, навучымся прымяняць атрыманыя веды на практыцы і створым праект “7 цудаў Століншчыны”.

<…>

V. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу

— Першы цуд — Рэспубліканскі заказнік “Альманскія балоты”. Другі цуд — Манькавіцкі парк. Трэці цуд — ганчарны промысел вёскі Гараднай. Чацвёрты цуд — давыд-гарадоцкія кветкі. Пяты цуд — Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы Рухча і Свята-Георгіеўская царква ў Давыд-Гарадку. Шосты цуд — музей у вёсцы Цераблічы. Сёмы цуд — аграгарадок Альшаны.

 Урок-даследаванне па выяўленчым мастацтве ў 1 класе

Тэма: “Мая кошачка”.

<…>

ІІ. Паведамленне тэмы і мэт урока

— Калі адгадаеце загадку, то з лёгкасцю скажаце, каго мы з вамі сёння будзем вучыцца рабіць. Поўсць мяккая, ды кіпцюрык востранькі. (Кот.)

— Сёння мы паспрабуем сябе ў ролі мастакоў-скульптараў і пастараемся вылепіць скульптурную кампазіцыю “Кошка і кацяняты”.

Дыдактычная гульня “Жывёлы”

— Назавіце хатніх жывёл, якіх вы ведаеце.

— Назавіце чатырохлапых хатніх жывёл.

— Раскажыце пра любімую хатнюю жывёлу. За што яе любіце?

ІІІ. Вывучэнне новага матэрыялу

Аналіз твораў мастацтва і знаёмства з біяграфіяй скульптара

— Паглядзіце ўважліва на работу Івана Яфімава “Кошка з шарам”. (Слайд.) Звярніце ўвагу на тое, як выглядае кошка, як выгнута яе цела. Ствараць скульптуру мастак пачынаў з уважлівага назірання за жывёлай. Звычайна ён з блакнотам у руках доўгі час вывучаў яе будову, рух, сілуэт і звычкі, робячы шматлікія накіды і замалёўкі. Толькі пасля гэтага пачынаў працу над аб’ёмнай скульптурай, таму яна і выглядае, нібыта жывая.

Любоў да жывёл адлюстравана ў работах многіх скульптараў. Вядомы скульптар-анімаліст Іван Яфімаў усё жыццё маляваў і ляпіў жывёл, каваў іх з медзі, адліваў з бронзы, выразаў з дрэва. Ён любіў маляваць алоўкам, выразаць з паперы птушак і звяроў. Гэтыя папяровыя фігуркі часта служылі эскізамі для яго скульптур (дэманструюцца слайды з партрэтам скульптара і яго работамі).

— Ці ведаеце вы вершы, дзе даецца характарыстыка ката?

<…>

 Варыянты заданняў для правядзення ўрокаў з элементамі даследавання

 Урок па курсе “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” у 4 класе па тэме “Як да нас прыйшла кніга”

Даследаванне “Я — перапісчык”. Інструменты для пісьма

— Спачатку гэта быў палец. Далей — каляровая гліна ці крэйда. Некаторыя старажытныя плямёны на гліняных дошчачках выводзілі сімвалы пры дапамозе розных вострых прадметаў. Егіпцяне выкарыстоўвалі сцяблінкі папірусу, старажытныя грэкі — трысняговае пяро. Потым пачалі выкарыстоўваць гусінае пер’е, якое замянілі стальным. Шарыкавая аўтаручка з’явілася ў 1940 годзе. Паколькі мы на нашай машыне часу апынуліся ў ХІІ стагоддзі, давайце паспрабуем сябе ў ролі перапісчыкаў. На парце знаходзяцца прылады: пяро, чарніла, папера, тэкст для перапісвання. Паспрабуйце перапісаць частку тэксту.

— Дык ці лёгкая гэтая справа — перапісваць кнігі? Чаму?

(Выпрацоўка рэкамендацый па карыстанні кнігамі.)

— Калі чытаеце кнігу ці аддаяце яе на чытанне іншым, паклапаціцеся пра вокладку, каб кніга не стала бруднай; не дазваляйце нікому рабіць у ёй запісы; ніколі не бярыце кнігу бруднымі рукамі; калі яна парвалася, акуратна склейце старонкі скотчам.

Урок літаратурнага чытання ў 4 класе па тэме “С.Ясенін “Ты запой мне эту песню…”

Работа ў групах, афармленне альбома і прэзентацыя работы цэнтраў

— На працягу ўрока вы былі літаратуразнаўцамі. Давайце зафіксуем атрыманыя звесткі, аформіўшы іх у “Альбом пра Сяргея Ясеніна”. Для гэтага аб’яднаемся ў цэнтры. “Біёграфы” выбіраюць галоўную інфармацыю з біяграфіі паэта. “Цэнтр мастацкай творчасці” малюе ілюстрацыі да верша. “Цэнтр паэзіі” складае чатырохрадкоўе пра С.Ясеніна. “Бібліятэчны цэнтр” рыхтуе спіс з кніг і вершаў паэта. “Шыфравальшчыкі” аднаўляюць сапсаваны запіс: “Я векна аз нымату и сыро // Липолюб у кибёрез наст // И её лозостеист сыко // И щохолвый ёе фансара”.

Урок працоўнага навучання ў 3 класе па тэме “Тэхналогія вырабу рэчаў з кардону, паперы”

Аналіз вырабу

— Паглядзіце ўважліва і скажыце, з якіх частак складаецца закладка?

— Якую форму мае аснова?

— З якога матэрыялу яна зроблена?

— Чаму нельга яе выканаць са звычайнай каляровай паперы?

— Якую форму мае ўзор?

— З якога матэрыялу ён выкананы?

— Якія колеры лепш выкарыстоўваць для асновы і ўзору?

Урок матэматыкі ў 2 класе па тэме “Квадрат”

Матэматычнае назіранне і вызначэнне паняцця квадрата

— Разгледзьце ў сшытку адну клетку. Што пра яе можна сказаць?

— Па якіх прыметах вызначылі? (Усе бакі роўныя, ёсць 4 прамыя вуглы.)

— Як вызначылі, што вуглы прамыя? (На вока, з дапамогай вугольніка.)

— Калі чатыры вуглы прамыя, то такая фігура называецца… .

 — Намалюйце прамавугольнік, каб у яго ўсе бакі былі роўныя. (Даўжыню боку дзеці выбіраюць самастойна.)

 — Абазначце чатыры прамыя вуглы і роўныя бакі. Якая фігура атрымалася?

— Зробім вывад: квадрат — гэта прамавугольнік, у якога ўсе бакі роўныя.

Урок па курсе “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” у 4 класе па тэме “Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў” (трэці ўрок па тэме)

Стварэнне герба вёскі Калоднае

— Ведаючы гісторыю вёскі Калоднае, намалюйце для яе герб, якога вёска не мае. Як будзе выглядаць гэты герб? Што на ім адлюструеце? Якія сімвалы і якія колеры выкарыстаеце?

Наталля БАЗАР,
настаўніца пачатковых класаў
Каладнянскага ясляў-сада — базавай школы Столінскага раёна.