Як навучыць дзяцей міру?

У цяперашні неспакойны час многія шукаюць адказ на гэтае пытанне. Задумаліся і мы ў сярэдняй школе № 28 Віцебска, а ў выніку актыўна ўключыліся ў міжнародны праект Беларускага фонду міру і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Сетка школ міру”. Установа адукацыі носіць высокае званне “Школа міру” крыху больш за год, але ўжо ёсць што расказаць пра рэалізацыю яркіх праектаў, правядзенне мерапрыемстваў, эфектыўную грамадзянска-патрыятычную работу.

У рамках праекта работа ў школе № 28 выбудавана па пяці асноўных напрамках. “Памяць” — гэта ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, рэканструкцыя і рамонт помнікаў, месцаў пахавання загінуўшых. Дзей­насць у гэтым напрамку грунтуецца на рабоце адзі­най у Беларусі школьнай музейнай экспазіцыі “Блакаднаму Ленінграду прысвячаецца”, якая была адкрыта некалькі гадоў назад дзякуючы намаганням блакаднікаў Віцебшчыны, педагогаў і мясцовых улад. У школе таксама праводзіцца пошукава-даследчая работа па мясцінах, звязаных з Віцебскім падполлем, адкрыты і абнаўляецца стэнд “У страі заўсёды, у памяці навечна”, збіраюцца і выдаюцца ўспаміны ўдзельнікаў ваенных дзеянняў, школа шэфствуе над месцам пахавання юнага разведчыка Юрыя Жданко ў Віцебскім раёне, право­дзяцца тэматычныя флэш-мобы, чэленджы і акцыі. Знакавай стала акцыя “Пісьмо ветэрану”, калі многія навучэнцы ад рукі пісалі ветэранам раёна віншаванні з Днём Перамогі.

Юныя міратворцы, як часта называюць навучэнцаў “Школ міру”, пастаянна клапоцяцца пра ветэранаў вайны і працы, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў. У школе праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ролі сям’і, выхаванне падрастаючага пакалення. Рэгулярна аказваецца шэфская дапамога ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і ветэранам працы, дачцэ Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова Зінаідзе Шмыровай, якая пражывае адна; створаны валанцёрскі атрад “Дорым дабро”. Напрамак “Народная дыпламатыя” дае магчымасць мець зносіны з прадстаўнікамі іншых “Школ міру”, распаўсюджваць ідэі міру і справядлівасці. Так, рэгулярным для юных міратворцаў стаў удзел у злётах юных пасланнікаў міру Віцеб­шчыны. У мінулым годзе III злёт адбыўся ў Шумілінскім раёне, легендарных мясцінах, звязаных з дзейнасцю Обальскага падполля, і аб’яднаў дзяцей з амаль дзясятка ўстаноў адукацыі Віцебшчыны. У мінулым навучальным годзе нашы школьнікі ўдзельнічалі ў міжнароднай відэаканферэнцыі “Мая школа міру”, фінале міжнароднага конкурсу навукова-тэхнічных і мастацкіх праектаў па касманаўтыцы “Зорная эстафета” ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў у Маскоўскай вобласці, выступілі арганізатарамі міжнароднай анлайн-відэаканферэнцыі “Школ міру” Віцебскай вобласці і сярэдняй школы № 340 Санкт-Пецярбурга, з якой устанавілі партнёрскія адносіны. І, дарэчы, невыпадкова: менавіта ў гэтай расійскай школе дзейнічае музей вядомай ленінградскай паэтэсы-блакадніцы Вольгі Бернгольц. Незвычайна і ярка адзначылі першы юбілейны год, сумясціўшы яго з праектам “Школа актыўнага грамадзяніна”. Справа ў тым, што наш дзень нараджэння як “Школы міру” супадае з Днём утварэння ААН — 24 кастрычніка. Таму, акрамя арганізацыі ўрачыстых мерапрыемстваў у школе, юныя міратворцы напісалі і адправілі віншаванні з 75-гадовым юбілеем гэтай міжнароднай арганізацыі. Пасланні беларускіх міратворцаў паляцелі ў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку і штаб-кватэру Дзіцячага фонду ААН ЮНЕСКА ў Парыжы. Чакаем адказ. Таксама школа падзялілася вопытам рэалізацыі праекта ў адкрытым дыстанцыйным марафоне праектаў “Мы дзейнічаем!”, арганізаваным у рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”, адпаведная інфармацыя размешчана на нацыянальным адукацыйным партале https://adu.by. Важны напрамак — “Клопат і міласэрнасць”. Юныя міратворцы арганізуюць калядныя дабрачынныя акцыі-канцэрты “Дарогі дабра” ў інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў Віцебска, навагоднюю забаўляльную праграму ў дзіцячым доме Віцебска, дабрачынныя акцыі “Дапаможам чатырохногаму сябру”.

Некалькі слоў аб напрамку “Мір праз спорт і культуру”. Юныя міратворцы ша­нуюць і берагуць нацыянальную культуру і народную творчасць — у школе дзейнічае ўнікальны для Віцебскай вобласці музей народнай творчасці “Скарбонка народных рамёстваў”. Нашы навучэнцы — пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Навучэнкі Даніэла Мілюшчанкава (таэквандо) і Віталія Лакісава (спартыўная акрабатыка) удастоены звання майстроў спорту, прадстаўляюць нашу краіну на міжнародных спаборніцтвах. Школа ганарыцца ўнікальным спартыўным комплексам “Юнацтва”, які, дзякуючы мясцовым уладам, нядаўна адкрыўся на месцы старога школьнага стадыёна. Для папулярызацыі школьных музейных экспазіцый знятыя відэаролікі (завочныя экскурсіі) аб музеях “Скарбонка народных рамёстваў” і “Блакаднаму Ленінграду прысвячаецца…”. Да міратворчага руху далучыліся і настаўнікі фізічнай культуры і здароўя: яны арганізуюць для юных міра­творцаў пешыя турыстычныя экскурсіі па месцах воінскай славы Беларусі і Расіі. У рамках напрамку “Юны міратворац” развіваецца супрацоўніцтва з міратворчай ротай 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады (акцыя “Міратворцы”). Дзякуючы намаганням педагогаў і навучэнцаў створаны прэс-цэнтр: пачаўся выпуск штомесячнай школьнай газеты “Міратворац”. Юныя міратворцы Багдан Кузьмін і Дзяніс Карнякоў падрыхтавалі даследчы праект “Феномен “Школы міру”. Беларускі вопыт”, з якім удзельнічалі ў абласным конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў Віцебскай вобласці “Эўрыка”. У ходзе даследавання аўтары падрабязна прааналізавалі эфектыўнасць рэалізацыі праекта “Школа міру” і з дапамогай Google-формы ў канцы навучальнага года правялі маштабнае інтэрнэт-апытанне навучэнцаў і педагогаў аб значэнні праекта. Даныя сведчаць аб тым, што рэспандэнты разумеюць высокую значнасць удзелу ў праекце, ставяцца да ініцыятывы з цікавасцю, упэўнены, што праект дапамагае фарміраваць грамадзянскасць і патрыятызм. Больш за 80 працэнтаў апытаных навучэнцаў школы ўсведамляюць важнасць удзелу ў праекце, а каля 60 працэнтаў адзначаюць, што праект паўплываў на выхаваўчую і вучэбную дзейнасць ва ўстанове адукацыі.

…Адзін год — гэта толькі пачатак вялікага шляху па выхаванні ў дзецях любові да міру, гуманізму, актыўнай грама­дзянскай пазіцыі і творчасці. Але ўжо сёння можна з упэўненасцю сказаць, што ў школе № 28 Віцебска праект “Школа міру” адбыўся, атрымаў папулярнасць і прызнанне. Спыняцца на дасягнутым не плануем, бо мір — у тым ліку і ў нашых руках.

Аляксандр КУТЫНКА,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 28 Віцебска.
Фота аўтара.