Як адрозніць апалоўніка ад кралькі?

Магчымасць займацца пазаўрочнай дзейнасцю ў вясковых дзяцей абмежаваная па прычыне невялікага выбару гурткоў. На жаль, не кожны бацька можа дазволіць сабе вазіць сваё дзіця ў горад, каб наведваць басейн, студыю вакалу, хадзіць на секцыю па боксе… Між тым педагогі дадатковай адукацыі могуць дапамагчы зрабіць жыццё дзяцей больш разнастайным.

Нядаўна на базе Малешаўскай базавай школы Жыткавіцкага раёна адкрыўся гурток “Азбука арніталогіі”. Ён не толькі пра птушак, як можа здацца з назвы, але і пра расліны, беражлівае выкарыстанне рэсурсаў, абарону навакольнага асяроддзя і пра любоў да роднага краю ўвогуле. Я, кіраўнік гуртка, з’яўляюся старшынёй Жыткавіцкага аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, выдатна скончыла школу бёрд­вотчара і цяпер уключылася ў арганізацыю ўласнага курса.

Не так даўно мы арганізавалі сустрэчу сваіх вучняў з навукоўцам-арнітолагам, кандыдатам біялагічных навук, вядучым навуковым супрацоўнікам навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Наталляй Карліёнавай. Сустрэча школьнікаў з арнітолагам стала магчымай дзякуючы праекту АПБ “Палессе — дзікая прырода без межаў”. Праект з’яўляецца часткай Праграмы захавання выміраючых ландшафтаў (Endangered Landscapes Program).

Дзеці толькі-толькі пачалі цікавіцца птушкамі, і на другім тыдні навучання ў іх з’явілася магчымасць пазнаёміцца з дасведчаным чалавекам, для якога арніталогія — справа ўсяго жыцця. У 2012 годзе Наталля Віктараўна была распрацоўшчыкам серыі ўрокаў для школ Палескага рэгіёна. Мэта ўрокаў — пазнаёміць дзяцей з біяразнастайнасцю ўнікальнага Палесся больш паглыблена. Гэтыя ўрокі былі рэкамендаваны для правядзення гадзін дадатковай адукацыі. Наталля вывучае міграцыю водна-балотных птушак у Беларусі і з’яўляецца супрацоўнікам Тураўскай станцыі кальцавання, акрамя асноўнай работы ў лабараторыі арніталогіі.

На занятках дзеці пазнаёміліся з феноменам міграцыі птушак, даведаліся аб важнасці Палесся для птушак, якія мігрыруюць. Школьнікі пазнаёміліся з птушкамі, якія тут сустракаюцца і гняздуюцца, а таксама здзейснілі віртуальную экскурсію на станцыю кальцавання. Пабачылі, чым птушак ловяць, як іх кальцуюць, а таксама даведаліся пра месцы зімовак і гнездавання птушак, якія былі акальцаваны на станцыі падчас міграцыі. Дзеці актыўна ўключыліся ў гутарку, задавалі мноства цікавых пытанняў, знайшліся тыя, хто гатовы з юных гадоў стаць лаўцом птушак і ўдзельнічаць у арніталагічнай рабоце.

У першыя выхадныя кастрычніка дзеці прынялі ўдзел у Еўрапейскіх днях назіранняў за птушкамі EuroBirdwatch-2020. Мэта іх — пазнаёміць мясцовых жыхароў з пералётнымі птушкамі, іх запатрабаваннямі на месцах гнездавання, праблемамі на пралётных шляхах і ў раёнах зімоўкі Міжземнамор’я і Афрыкі. Для ўдзелу трэба было мець бінокль ці падзорную трубу. Выйсці ў парк, лес ці да вадаёма, пералічыць убачаных птушак і вызначыць іх віды, паведаміць пра свае назіранні праз спецыяльную форму “Аховы птушак Бацькаўшчыны” на сайце арганізацыі, якая з’яўляецца каардынатарам гэтага мерапрыемства ў Беларусі.

У планах — паказаць дзецям 300 відаў птушак, навучыць іх адрозніваць апалоўніка ад кралькі, разам пашыць мяшэчкі для птушак для Тураўскай станцыі кальцавання. Мяшэчкі неабходны для пераносу птушак пасля іх лоўлі да месца кальцавання. У праграме курса таксама сустрэча “птушынай” вясны з арнітолагамі, наведванне экскурсій і многа чаго яшчэ.

У канцы навучальнага года дзяцей чакае міні-экзамен па вызначэнні птушак, а таксама ўдзел у вясновым фотабёрдынгу — назіранні за птушкамі і іх фатаграфаванні. Усіх, хто завершыць вучэбны курс, чакае наведванне станцыі кальцавання ў Тураве, а таксама магчымасць стаць валанцёрам станцыі. Можа, у будучыні нехта захоча звязаць сваё жыццё з навукай ці стаць арнітолагам.

Настасся БЛОЦКАЯ,
педагог дадатковай адукацыі Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.