Яе рук справа

Калі яна загадкава ўсміхаецца і некуды спяшаецца, значыць, поўная нецярпення ажыццявіць чарговую аўтарскую ідэю: распісаць палівай толькі што спечаны гліняны сувенір, аформіць аб’яву аб пераможцах алімпіяды, закончыць дызайн стэнда ў музейным пакоі або нанесці на сцяну разметку для новай графікі. А можа, штосьці яшчэ, пра што вы нават і не здагадваецеся!

Галіна Фёдараўна Савіцкая скон­чыла Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці “Архітэктура”. Некаторы час працавала інжынерам. Аднак яе не пакідала мара аб творчым прымяненні сваіх здольнасцей. І рэалізаваць мару ў поўнай меры ўдалося з прыходам у гімназію № 1 Барысава, дзе яна спачатку стала выкладаць урокі малявання, затым захапілася дадатковымі заняткамі па навучанні розным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а потым занялася актыўнай афарміцельскай работай. Вось ужо больш за 33 гады жыццё Галіны Фёдараўны Савіцкай так ці інакш звязана з творчасцю і з гімназіяй.

У калектыве гімназіі № 1 Галіна Фёдараўна вядомы чалавек. Цяжка сказаць, ці ёсць такое месца ў школе, да якога б прама ці ўскосна не дакранулася яе рука. Афармленне інтэр’ераў прадметных кабінетаў і школьных рэкрэацый, удзел у конкурсах, арганізацыя часовых выстаў і пастаянных экспазіцый, дэкарацыі сцэны актавай залы, распрацоўка дызайну інфармацыйных і прэзентацыйных стэндаў, вёрстка школьных газет, буклетаў, візітак — усіх сфер прымянення таленту Галіны Фёдараўны не пералічыць.

Валодаючы шматлікімі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладнога ма­стацтва, яна зацікавіла творчасцю не адно пакаленне навучэнцаў. Больш за 25 гадоў праводзіла заняткі па маляванні, батыку, лепцы, саломапляценні, кераміцы ў гуртках па інтарэсах у пазаўрочны час. Цудоўныя вырабы з разнастайных матэрыялаў заўсёды выклікалі цікавасць не толькі навучэнцаў, але і ўсяго калектыву. А праверку часам больш за ўсе іншыя заняткі вытрымала захапленне керамікай. І сёння выхаванцы Галіны Фёдараўны — неаднаразовыя пераможцы рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка”. Так з 2016 па 2018 год навучэнцы і іх настаўніца былі ўдастоены дыпломаў удзель­ніка рэспубліканскага этапу выставы, а ў 2019 і 2020 гадах узнагаро­джаны “калядназорнымі” дыпломамі ІІ і І ступені адпаведна.

Пры ўсёй любові да прыродных матэрыялаў настаўніца ў 90-я гады самастойна асвоіла работу з камп’ютарам і пастаянна самаўдасканальвае валоданне разнастайнымі праграмнымі дадаткамі. Работа з колерам, графічнымі аб’ектамі, шрыфтамі, асновамі для прынтарнага друку — усё гэта веды, якія сёння дапамагаюць ёй у афарміцельскай рабоце.

У рабоце над інтэр’ерамі вучэбных кабінетаў Галіна Фёдараўна ўлічвае спецыфіку кожнага прадмета і цесна супрацоўнічае з выкладчыкамі розных дысцыплін. Яна даведваецца аб пажаданнях адносна зместу стэндаў, а затым самастойна працуе з велізарнай колькасцю інфармацыйнага матэрыялу. Як вынік і памяць пра яе твор­часць — выдатна выкананыя аўтарскія праекты: “Чалавек ёсць тайна” — кабінет рускай мовы і літаратуры, “Матэматыка ў архітэктуры” — кабінет матэматыкі, “Сем цудаў Беларусі” — кабінет беларускай мовы і літаратуры і інш.

Новыя тэхнікі і новыя матэрыялы дапамаглі ажывіць сцены другога паверха гімназіі, дзе займаюцца малодшыя школьнікі. Тут для іх і правілы дарожнага руху, і правілы паводзін на вадзе, і азбука пажарнай бяспекі. Усё выхоўвае, але без павучання, займальна і даступна.

У фае другога паверха старшай школы ёсць памятная “стужка часу” аб адной з самых трагічных падзей гі­сторыі нашай краіны — Вялікай Айчыннай вайне. Гэта сумесны праект настаўніцы гісторыі М.П.Драпеза і Г.Ф.Савіцкай. Спецыяльна для яго Галіна Фёдараўна знаходзіла і апрацоўвала дакументальныя кадры і фатаграфіі, зробленыя на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Моцнае эмацыянальнае перажыванне адчуваеш, калі прахо­дзіш міма гістарычных кадраў. Усё ў кампазіцыі стрымана, няма нічога лішняга ў кароткіх “зводках” з франтоў…

На сваёй мове “выхоўва­юць” гімназістаў і сцены 3 паверха. Там работа мастачкі толькі пачалася, але задума ўжо зразумелая: змяніўся стыль — выява разлічана на старшых школьнікаў, а значыць, тут ёсць месца і філасофіі, і гумару, і недаказанасці.

Заслугай Галіны Фёдараўны з’яўляецца і сцяна гонару гімназіі з небанальна аформленымі звесткамі пра стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэн­таў, і мурал у школьным двары з графічным партрэтам асветніка Францыска Скарыны, і створаны сумесна з настаўніцай гі­сторыі і грамадазнаўства праект “Барысаў у маім сэрцы” як працяг аўтарскага краязнаўчага сайта І.В.Мяркулавай.

Яе рукамі створаны экспазіцыі “Я — чалавек” (своеасаблівая “мадэль” вучня і выпускніка гімназіі), “Беларуская навука ў асобах”, “Беларусь культурная”, “Музыка форм: гістарычныя архітэктурныя помнікі Беларусі”, “Шэсць пяцігодак у нагу з часам” (гісторыя гімназіі ў фата­графіях). Усе праекты адрозніваюцца разнастайнасцю выкарыстанага матэрыялу і тэхнік выканання, непаўторнасцю, дзіўнай дэталізацыяй.

Свой уклад Галіна Фёдараўна ўнесла і ў перамогі школьнага медыяцэнтра на рэспубліканскім фестывалі школьнай прэсы “Пунсовыя ветразі”. На этапе стварэння гімназічнага часопіса Галіна Фёдараўна актыўна кансультавала юнкараў па пытаннях дызайну, дапамагала шукаць “сваё аблічча” ў афармленні выдання. З 2004 года ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Проба пяра” часопіс гімназіі “Партфель гімназіста” 9 разоў станавіўся ўладальнікам дыпломаў трох ступеней. Наогул на працягу многіх гадоў выхаванцы Галіны Фёдараўны не раз былі пераможцамі і прызёрамі шматлікіх аглядаў, конкурсаў, выстаў. Усіх не пералічыць, але на рэспубліканскім узроўні, акрамя згаданых вышэй узнагарод, гэта яшчэ і дыплом удзельніка Рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці Kazki.by ў 2017 годзе, дыпломы ўдзельнікаў конкурсаў “Як ты сэрцу майму міла, дарагая мая Беларусь” і “Між зямлёй і сонцам” у 2018/2019 і ў 2019/2020 навучальных гадах.

У жыцці яна стрыманы, мяккі і ўсмешлівы чалавек. А яшчэ — безадказны. У калег выклікае цікавасць глыбіня ўспрымання свету, уменне адчуць гармонію і ўмясціць яе ў сэрцы. Вось гэта і ёсць адна з асноўных якасцей душы Галіны Фёдараўны Савіцкай. Пажадаем педагогу і мастачцы здароўя і сіл на многія гады творчасці, каб яе любімая справа і створаная ёю прыгажосць працягвалі выхоўваць лепшыя якасці ў нашых дзецях.

Алена СКАЧАК,
Аксана АЛІСІЕВІЧ,
настаўніцы гімназіі № 1 Барысава.