Вывучаем малую радзіму, вандруючы па часе

Людзі часта думаюць, што раней было лепш: дрэвы былі вышэйшыя, неба больш блакітнае і, увогуле, — залаты час. Ці можна ў гэты “залаты час” вярнуцца? Ці можна вандраваць па часе? Дзякуючы сучасным камп’ютарным тэхналогіям і сацыяльным сеткам, — можна.

Мы вандруем па часе візуальна. Здзейсніць такія вандроўкі дазваляе праект “Было/стала”. Гэты напрамак уяўляе сабой параўнанне фотаздымкаў сучаснасці і мінулага. На прасторах інтэрнэту можна сустрэць вялікую колькасць такіх здымкаў. І нам стала цікава: ці можна так вандраваць па родным краі — Жлобіншчыне?

У інтэрнэце мы знайшлі рэсурс Pastvu.com. Сёння гэта самы вялікі і просты архіў фотаздымкаў розных часоў. Можна паглядзець, як у розныя гады выглядалі вуліцы вядомых гарадоў з усяго свету, як мяняліся населеныя пункты і выгляд людзей…

На гэтым рэсурсе было вельмі мала фотаздымкаў Жлобіна. Можна сказаць, іх зусім не было. Таму мы вырашылі зрабіць праект “Было/стала Жлобін”. Першы праект з серыі “Было/стала Жлобін” зрабілі па гісторыі змяненняў нашай школы.

Наступным крокам стала вывучэнне фотаздымкаў Жлобіна. У інтэрнэце мы знайшлі разнастайныя здымкі савецкага Жлобіна 1980—1990-х гадоў і зрабілі сучасныя здымкі з такога ж ракурсу.

Пры параўнанні здымкаў выкарыстоўвалі праграму JuxtaposeJS. JuxtaposeJS — бясплатны інструмент для стварэння і размяшчэння побач дзвюх выяў для параўнання. З яго дапамогай мы можам паглядзець, як выглядалі раней і як выглядаюць цяпер мясцовасць, будынкі.

Гэты рэсурс просты ў выкарыстанні. Не трэба рэгістравацца на сайце, каб ім карыстацца. Пераходзім на сайт і націскаем кнопку “Стварыць Juxtapose”. Адкрываецца сваеасаблівы шаблон.

JuxtaposeJS дазваляе змясціць дзве выявы ў рамку, якая мае функцыю шторкі (паўзунка). Перамяшчаючы шторку, мы можам знаёміцца з размешчанымі ў рамцы аб’ектамі (да/пасля). Устаўляем па дзве выявы, якія хочам параўнаць. Гэтыя фотаздымкі размяшчаем анлайн і кожны можа іх паглядзець. Сэрвіс дазваляе выкарыстоўваць толькі тыя выявы, якія мы размясцілі ў воблачным сховішчы. Пасля таго, як уставілі выявы, да іх можна дабавіць подпісы, калі гэта неабходна.
Націскаем кнопку “Публікаваць”, каб атрымаць код убудавання дзеля нашай інтэрактыўнасці ў блогу або на сайце.

Цяжкасці пры рэалізацыі гэтага праекта ў асноўным былі звязаны з пошукам патрэбных будынкаў, іх ракурсаў, звестак аб тым, што знаходзілася ў канкрэтным будынку ў пэўны адрэзак часу.
Пакуль праект толькі часткова закрануў наш родны край. У большасці выпадкаў у прадстаўленых матэрыялах здымкі цэнтральнай часткі Жлобіна. Але мы плануем развіваць праект і вывучаць розныя куткі Жлобінскага раёна.

Эдуард ГАРЦУЕЎ,
настаўнік гісторыі Стараруднянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жлобінскага раёна.