Вывучаем этнакультурныя традыцыі

На працягу трох гадоў у сярэдняй школе № 2 Драгічына рэалізуецца  інавацыйны праект “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Зладжаная работа педагогаў-інаватараў, эфектыўнае сацыяльнае партнёрства школы і сям’і ў фарміраванні этнакультурных ведаў вучняў даюць вынікі.

Кіраўнік праекта — дырэктар школы Сяргей Андрэевіч Сенькавец, каардынатар — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Сцяпанаўна Касяк, навуковы кансультант — метадыст АПА Таццяна Фёдараўна Пашковіч. У праекце задзейнічаны творчыя і вопытныя настаўнікі Алёна Мікалаеўна Гусаім, Сяргей Мікалаевіч Квачук, Алена Іванаўна Федзюковіч, Наталля Віктараўна Міхайлоўская, Алеся Мікалаеўна Співак і Таццяна Аляксандраўна Навумчык.

Патрыятычнае выхаванне пачынаецца з любові да сваёй сям’і, школы і малой радзімы, з ведання народных звычаяў, свят, абрадаў і мінулага краіны. Вывучэннем, захаваннем і папулярызацыяй фальклорных традыцый Драгічыншчыны займаюцца ўдзельнікі гуртка “Фальклорная спадчына”.

Цеснае супрацоўніцтва з бацькамі вучняў дапамагае ладзіць экспедыцыі па зборы фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, цікавыя сустрэчы з носьбітамі народных традыцый рэгіёна. Сабраныя матэрыялы аформлены ў выглядзе праекта-прэзентацыі “Скарбонка каштоўнасцей фальклорнай спадчыны Драгічынскага раёна”, сістэматызаваны ў зборніках “Прыказкі, прымаўкі, загадкі Драгічынскага краю”, “Легенды і паданні Драгічыншчыны”, “Пазаабрадавыя песні ў вёсках Драгічынскага раёна”, “Дзіцячыя гульні нашай мясцовасці”, “Святы і абрады на Драгічыншчыне”, “Сямейна-абрадавы фальклор”, “Каляндарна-абрадавы фальклор” і “Бабуліна кухня”.

Шчырае захапленне фальклорам перадаецца ад педагогаў да выхаванцаў, якія з вялікім задавальненнем спяваюць народныя песні і выконваюць папулярныя танцы нашай мясцовасці (“Вальс з хусцінкамі”, падыспань, кракавяк, “Лысы”, “Ночанька”), паказваюць мясцовыя абрады падчас святкавання Каляд, Масленіцы, Вялікадня, Купалля, Троіцы, Дажынак і інш.

Удзельнікі гуртка — таленавітыя вучні, большасць з якіх наведваюць музычную школу, іграюць на традыцыйных народных інструментах. Свае творчыя здольнасці гурткоўцы неаднаразова дэманстравалі падчас фальклорнага свята “Калі ласка, у матчыну хату!”, фальклорна-этнаграфічнага падарожжа па Драгічынскім краі “Гэта спадчына святая…”, квест-гульні “Ведай свой край”, конкурсу на лепшага выканаўцу фальклорных твораў, прэзентацыі “Мой радавод”, выставы “Традыцыйныя стравы беларускай кухні” і інш. Вучні — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы раённага этапу абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” у розных намінацыях.

Педагогі далучаюць дзяцей да народнай культуры з ранняга ўзросту. Так, выхаванцы гуртка “Этнаграфічны тэатр” пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў А.І.Федзюковіч ладзяць пастаноўкі беларускіх народных і мясцовых казак са зборніка “Прыгажосць”.

Выхоўваць гордасць за продкаў, іх талент і майстэрства, за роднае Палессе дапамагае краязнаўчая работа. Штогод вучні пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі А.М.Співак удзельнічаюць і займаюць прызавыя месцы ў раённых конкурсах навукова-даследчых работ і краязнаўчых канферэнцыях. Высокую ацэнку атрымалі работы “Нашы карані”, “Праваслаўны Свята-Грамнічны храм Драгічына: гісторыя і сучаснасць”.

Паказаць дзецям усю прыгажосць беларускіх песень, зачараваць адметным аўтэнтычным фальклорам выдатна ўмее кіраўнік гуртка “Беларуская музыка” С.М.Квачук, які ўласным прыкладам натхняе выхаванцаў. Педагог валодае некалькімі музычнымі інструментамі. Ён — удзельнік калектываў мастацкай самадзейнасці Драгічыншчыны, кіраўнік народнага ансамбля “Папінскія музыкі”. Дзеці з радасцю сустракаюцца з мясцовым народным ансамблем “Скібічанка”, народным ансамблем народнай песні і музыкі “Сваякі”, народным ансамблем народнай песні “Зараначка”, вядомымі за межамі краіны. Разам з любімым педагогам гурткоўцы радуюць навучэнцаў школы і жыхароў раёна канцэртамі. Вучні сабралі зборнік песень Драгічыншчыны.

Далучыцца да багатай самабытнай культуры беларускага народа, спазнаць вопыт продкаў, асаблівасці рэгіянальнага этнасу школьнікі могуць на занятках факультатыву “Беларуская этнаграфія”, які вядзе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н.В.Міхайлоўская. Яе выхаванцы — актыўныя  ўдзельнікі і пераможцы абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”. Так, на адным з іх выпускнік школы Арцём Міхайлоўскі прэзентаваў калекцыю адзення сваіх продкаў па матчынай лініі (мужчынскія кашулі, паясы, жаночае адзенне, фартухі, строі з адметнай вышыўкай), якія захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў сям’і на працягу стагоддзя. Дарэчы, Арцём плануе звязаць будучую прафесію з вывучэннем і папулярызацыяй беларускай культуры. Сёння ён вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Драгічыншчына заўсёды славілася народнымі рамёствамі, многія з якіх цяпер перажываюць другое нараджэнне. Гэта вельмі важна для выхавання ў моладзі пачуцця гордасці за прадстаўнікоў свайго роду, сям’і, народа. Улюбёная ў сваю справу, кіраўнік гуртка “Беларускае ручное мастацтва” А.М.Гусаім перадае багаты вопыт і дзецям, і дарослым, праводзіць майстар-класы. Вучні педагога з вялікім захапленнем займаюцца ручной вышыўкай, выцінанкай, роспісам па шкле, вырабляюць прыгожыя лялькі, актыўна ўдзельнічаюць у раённых і абласных выставах і конкурсах, па выніках якіх неаднаразова атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды.

Стала добрай традыцыяй праводзіць у школе дні этнаграфічнай спадчыны і фальклору, тыдні беларускай культуры, ладзіць выступленні гурткоў “Бурштын”, “Фальклорная спадчына” і “Этнаграфічны тэатр”.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца вывучэнню мясцовага дыялекту. Арганізоўваюцца цікавыя сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі.

Незабыўныя ўражанні пакідаюць экскурсіі ў музей мастацкай творчасці “Бездзежскі фартушок”, музей “Этнаграфія Драгічыншчыны”, Мотальскі музей народнай творчасці і музей традыцыйнай культуры “Дом траўніка”.

Таццяна НАВУМЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Драгічына.