Выкарыстанне партатыўных персанальных камп’ютараў на ўроках інфарматыкі ў спецыяльнай школе для дзяцей з парушэннямі слыху

Выкарыстанне партатыўнай камп’ютарнай тэхнікі ў адукацыйным працэсе сучаснай школы з’яўляецца тэндэнцыяй сусветнага маштабу. У нашай школе з 2010/2011 навучальнага года пры вывучэнні некаторых тэм курса інфарматыкі сталі выкарыстоўваць асабістыя ноўтбукі навучэнцаў. Гэта дазваляе не толькі павысіць прадукцыйнасць урокаў, але і садзейнічае вырашэнню карэкцыйных задач.

Галоўная асаблівасць адукацыйнага працэсу ў спецыяльнай школе — стварэнне ўмоў для рэалізацыі прынцыпу карэкцыйнай накіраванасці. Арганізацыйныя асаблівасці гэтага прынцыпу — кругавое размяшчэнне вучнёўскіх парт і нізкая, у параўнанні з “масавай” школай, напаўняльнасць класаў (6—8 навучэнцаў). Да таго ж настаўнік вядзе ўрокі пераважна седзячы. Так навучэнцы з парушэннямі слыху пастаянна могуць бачыць артыкуляцыйны апарат настаўніка і ўспрымаць інфармацыю слыха-зрокава. Настаўнік інфарматыкі пры традыцыйным абсталяванні кабінета не можа выкарыстоўваць гэты прыём падчас выканання навучэнцамі практычных заданняў за камп’ютарам — найбольш важнага для трывалага засваення ўменняў і навыкаў этапу ўрока.
Гэтая супярэчнасць лёгка вырашаецца пры выкарыстанні ноўтбукаў. На працягу ўсяго ўрока настаўнік знаходзіцца тварам да навучэнцаў.
Метадычная асаблівасць навучання дзяцей, якія не чуюць, — гэта выкарыстанне спецыяльнага экрана. Прыкрываючы ім артыкуляцыйны апарат, настаўнік вымушае навучэнцаў успрымаць гаворку толькі на слых. Гэта садзейнічае развіццю слыхавога ўспрымання. Калі ўрок арганізаваны з выкарыстаннем партатыўнай тэхнікі, магчымасць задзейнічаць экран захоўваецца на працягу ўсяго ўрока.
Як вядома, ступень засваення матэрыялу, пададзенага візуальна і на слых, дастаткова высокая. Яшчэ вышэйшы гэты паказчык пры выкарыстанні трэцяга параметра — дзеяння. Навучэнцу з парушэннямі слыху недастаткова бачыць. Ён павінен разумець (чуць) і дзейнічаць. Толькі ў гэтым выпадку можна разлічваць на якаснае і трывалае засваенне ведаў і ўменняў. Відавочна, што выкарыстанне партатыўнага камп’ютара дазваляе задзейнічаць усе органы ўспрымання і тым самым павялічвае прадукцыйнасць урока.
У выніку зробленай работы вылучаны і апісаны прыёмы вывучэння, замацавання і праверкі вучэбнага матэрыялу па інфарматыцы, разгледжаны прыёмы правядзення ўнутрыпрадметных сувязей, рэалізацыі прынцыпу карэкцыйнай накіраванасці і арганізацыі выхаваўчых момантаў урока. Назапашаны дыдактычны матэрыял для правядзення ўрокаў з ужываннем ноўтбукаў.
Такім чынам, выкарыстанне партатыўнай камп’ютарнай тэхнікі пры вывучэнні інфарматыкі навучэнцамі з парушэннямі слыху з’яўляецца хутчэй неабходнасцю, чым данінай сучаснай тэндэнцыі. Павышэнне якасці выкладання прадмета за кошт высокай ступені нагляднасці вучэбнага матэрыялу і выкарыстанне эфектыўных прыёмаў навучання, пастаянная актыўнасць усіх навучэнцаў на працягу ўрока, высокая ступень цікавасці да прадмета, які вывучаецца, трывалыя вынікі ў карэкцыйным напрамку — вось рысы эфектыўнага ўрока ў спецыяльнай школе.

Таццяна РАТОМСКАЯ,
настаўніца інфарматыкі Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната
для дзяцей з парушэннямі слыху.