Выхаваць патрыёта праз дыялог культур

Адна з прыярытэтных задач грамадства і дзяржавы, а таксама сістэмы адукацыі — выхаванне маральнага, адказнага, ініцыятыўнага і кампетэнтнага грамадзяніна. Выкладанне замежнай мовы ў школе непасрэдна звязана з выхаваннем патрыятызму, любові да Радзімы, яе культуры, прыроды, да роднай мовы.

Вывучаючы мову, жыццё і звычаі народаў іншых краін, навучэнцы глыбей усведамляюць сацыяльныя заваёвы ў сваёй роднай краіне, разумеюць і высока ацэньваюць гераізм беларускіх людзей (асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны). Працэс навучання замежным мовам накіраваны таксама на тое, каб сфарміраваць у школьнікаў павагу да народа і культуры народа, мову якога яны вывучаюць. Настаўнік замежнай мовы мае шырокія магчымасці і для выхавання ў сваіх вучняў талерантнага стаўлення да народаў іншых краін.

Я глыбока пераканана, што вучэбны прадмет “Замежная мова”, як ніякі іншы, дае велізарныя магчымасці для ўсебаковага развіцця асобы, фарміравання грамадзянскасці, гумані­стычнага светапогляду, цярпімасці, міралюбнасці. Выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці павінна ажыццяўляцца перш за ўсё праз змест матэрыялу, які вывучаецца, шляхам выкарыстання розных метадаў і прыёмаў. Акрамя таго, трэба памя­таць, што зносіны на замежнай мове — міжкультурнае ўзаемадзеянне.

Вельмі важна данесці да дзіцяці, што чужая культура не горшая і не лепшая за нашу — яна проста іншая, і трэба цярпіма і з разуменнем ставіцца да гэтых адрозненняў, але перш за ўсё трэба навучыць дзяцей любіць сваю краіну, паважаць сваю гісторыю і культуру.

Я лічу, што адным з найважнейшых сродкаў выхавання грамадзянскасці на ўроках замежнай мовы з’яўляецца выкарыстанне тэхналогіі дыялогу культур. Таму чалавек павінен ведаць культуру і гісторыю свайго краю, каб весці размову на роўных. Не будзе дыялогу дзвюх культур, калі вучні не могуць расказаць аб родным краі і яго славутасцях.

Паколькі я хачу выхаваць сапраўдных грамадзян, якія любяць сваю Ра­дзіму, сваю вёску і свой дом, то патрыятычнаму выхаванню ўдзяляю першачарговую ўвагу. Выхаванне па­трыятызму — адна з галоўных задач настаўнікаў замежнай мовы пры рабоце над такімі тэмамі, як “Горад і вёска”, “Святы і традыцыі”, “Нямецкамоўныя краіны і родная краіна: геаграфічнае становішча, гістарычныя даныя”.

У працэсе вывучэння замежных моў асаблівае значэнне неабходна надаваць вывучэнню дзяржаўных сімвалаў, нацыянальных і дзяржаўных свят. У выхаванні патрыятызму школьнікаў значнае месца адводзіцца галоўным падзеям краіны.

Пры вывучэнні тэмы “Мая сям’я” прапаную дзецям звярнуцца да вывучэння мінулага сваёй сям’і, свайго роду, і тады вучням лепш уяўляецца мінулае сваёй краіны. Па тэме “Мая сям’я” навучэнцам можна прапанаваць вывучыць радавод сваёй сям’і, а затым прадставіць праекты генеа­лагічных дрэў. Вывучэнне мінулага сваёй сям’і мае вялікае значэнне ў фарміраванні асобы.

Любоў да Айчыны пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы. Пры вывучэнні тэмы “Жыццё ў горадзе і ў вёсцы” ў 7 класе абавязкова выкарыстоўваю краязнаўчы матэрыял. Мы рыхтавалі прэзентацыю Mein Dorf. Падчас падрыхтоўкі па гэтай тэме ўспо­мнілі гісторыю ўтварэння вёскі, навучэнцы распытвалі сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль аб тым, якой была вёска раней, аб іх жыцці і працы ў той час. Вынікам работы сталі аповеды, напісаныя дзецьмі пра нашу вёску, фотаздымкі ўстаноў аграгарадка, а таксама прыроды роднага краю. Пры вывучэнні тэмы “Горад” мы абавязкова расказваем пра горад Магілёў, а затым пра Краснаполле. Здзяйсняем віртуальную экскурсію па абласным цэнтры, разглядваем самыя знакамітыя мясціны, помнікі. Дзеці рыхтуюць паведамленні і пра іншыя гарады Беларусі.

Пры вывучэнні тэмы “Музыка” знаёмімся не толькі з нямецкімі кампазітарамі і іх творчасцю, але і з вядомымі кампазітарамі і спевакамі нашай краіны. Матэрыял пра іх сабраны ў спецыяльнай папцы “Музыка”. На ўроках гучыць музыка Баха, Моцарта, Штрауса, а таксама Глебава, Алоўнікава.

Вывучаючы тэму “Спорт”, гаворым пра вядомых спартсменаў нашай краіны, вобласці, раёна. Тут я выкарыстоўваю матэрыял з газет, часопісаў, мы дзелімся ўражаннямі аб Алімпіядзе і спартсменах, якія занялі прызавыя месцы.

У цэлым пры вывучэнні любой тэмы імкнуся звязаць матэрыял з нашай краінай, з нашымі людзьмі, выхоўваючы ў дзецях пачуццё гордасці за нашу Радзіму, за наш народ. Для дасягнення мэт выхавання ў навучэнцаў патрыятычных пачуццяў да краіны, народа, культуры і мовы на ўроках замежнай мовы выкарыстоўваю самыя разнастайныя формы і віды работы: ролевыя гульні, урокі-канферэнцыі, круглыя сталы, абарону праектаў, урокі-экскурсіі, урокі з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Вялікую эфектыўнасць маюць камп’ютарныя прэзентацыі, бо дазваляюць інтэнсіфікаваць засваенне вучэбнага матэрыялу навучэнцамі і праводзіць заняткі на якасна новым узроўні.

Знаёмства з культурай краіны, мова якой вывучаецца, адбываецца шляхам параўнання і пастаяннай ацэнкі ранейшых ведаў і паняццяў з новымі, з ведамі і паняццямі аб сваёй краіне, аб сабе саміх. У выніку адбываецца дыялог культур.

Вялікую ролю ў патрыятычным выхаванні школьнікаў адыгрывае таксама выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу. Выкарыстанне мясцовага і рэгіянальнага матэрыялу пашырае кругагляд навучэнцаў, развівае іх пазнавальную цікавасць, дапамагае ў выбары прафесіі.

Зварот да матэрыялаў краязнаўчага характару набліжае іншамоўную камунікацыю да асабістага вопыту навучэнцаў, дазваляе ім аперыраваць у вучэбнай гутарцы тымі фактамі і звесткамі, з якімі яны сутыкаюцца ў што­дзённым жыцці. Эфектыўнай формай выхавання патрыятызму ў дачыненні да ўрока нямецкай мовы з’яўляецца знаёмства з матэрыяламі пра гераічнае мінулае краіны, пра муж­насць яе народа. Быць патрыётам сваёй Ра­дзімы азначае быць патрыётам сваёй сям’і, ведаць свае карані. Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу дае магчымасць навучэнцам працаваць самастойна, шукаць фатаграфіі, карціны і інфармацыю ў інтэрнэце.

Фарміраванню патрыятычных якасцей асобы садзейнічае выкананне на ўроках творчых заданняў: намаляваць ілюстрацыю да гістарычнай падзеі, скласці крыжаванку, даць характарыстыку гістарычнаму герою, вуснае маляванне. Работа з краязнаўчым матэрыялам можа быць часткай, этапам ці асобным урокам. На ўроках краязнаўчай накіраванасці выкарыстоўваюцца фатаграфіі, прэзентацыі, кніжныя ілюстрацыі.

Эфектыўным у рэалізацыі задач грамадзянска-патрыятычнага выхавання з’яўляецца метад праектаў. У працэсе падрыхтоўкі і правядзення любога праекта вырашаюцца цікавыя, практычна значныя і даступныя для навучэнцаў праблемы з улікам асаблівасцей культуры нашай краіны і той краіны, мова якой вывучаецца.

Напрыклад, у 8 класе мы працавалі над праектам “Што для цябе Ра­дзіма?”. Навучэнцы павінны былі адка­заць на гэтае галоўнае пытанне. На першым этапе дзецьмі былі прапанаваны цытаты знакамітых людзей па праблеме, што абмяркоўвалася, — яны выказвалі свой пункт гледжання. Далей навучэнцам прапанавана было паразважаць, што яны звязваюць з паняццем “Ра­дзіма”, што б яны сфатаграфавалі, каб паказаць сваю Радзіму — Беларусь. Канчатковым прадуктам праведзенай работы стала прэзентацыя “Што для цябе Радзіма?”.

Выхаванне патрыятызму ўяўляе сабой мэтанакіраваны працэс уключэння навучэнцаў у розныя віды вучэбнай і пазаўрочнай работы. Задача педагога — знайсці такія формы работы з вучнямі, якія б дазволілі ім самім дакрануцца да гісторыі і культуры малой і вялікай радзімы.

Наталля ЦЕРАХАВА,
настаўніца нямецкай мовы Горскага дзіцячага сада — базавай школы Краснапольскага раёна.