Выгадавалі самі

На працягу шэрага гадоў наша ўстанова адукацыі нарыхтоўвае агароднінную прадукцыю сваімі рукамі.

Вось і сёлета стараннямі навучэнцаў і педагогаў вырашчаны багаты ўраджай. Навучэнцы з задавальненнем саджалі, палівалі, даглядалі за культурамі. Рабілі ўсё для таго, каб абед у школьнай сталовай быў і смачным, і танным. Бо патанненне харчавання становіцца магчымым за кошт вырашчанай на прышкольным участку агародніны.

Прыемна ўсведамляць, што сёлета запасу вырашчанага хопіць на ўвесь навучальны год. Мы сабралі 6 тон бульбы, па 550 кг морквы і капусты, 500 кг буракоў, 300 кг цыбулі. Гэта намнога больш, чым год назад. Парадаваў нас і ўра­джай зеляніны.

Сезон збору ўраджаю завершаны, зараз кухонныя работнікі рыхтуюць для вучняў смачныя стравы з агародніны. Важна, што ўся нарыхтаваная вітамінная прадукцыя, якая выкарыстоўваецца ў школьным харчаванні, паспяхова прайшла неабходныя даследаванні на ўтрыманне нітратаў, радыенуклідаў і пестыцыдаў. Паўнавартаснае і карыснае харчаванне нашым навучэнцам поўнасцю забяспечана.

Сяргей ЦЫГАНКОЎ,
настаўнік біялогіі Цяцерынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна.