Выбар прафесіі — выбар лёсу

Галоўнае прызначэнне школы — забяспечыць маладым людзям магчымасць упэўненага пераходу ад юнацтва да дарослага жыцця, ад вучобы да прафесійнай дзейнасці. Для правільнага выбару прафесіі важна не толькі вызначыць здольнасці, матывы, індывідуальныя рысы характару, а ў першую чаргу — прафесійную накіраванасць асобы. Гэтай мэце служыць сістэма прафарыентацыі, якая з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу ў Прускім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.

У нашай установе адукацыі быў распрацаваны праект “Прафесійная арыентацыя навучэнцаў з дапамогай узаемадзеяння ўстановы адукацыі з сацыяльнымі структурамі па прафесійным самавызначэнні”. У ходзе працы над праектам мы выбудавалі пэўную сістэму работы па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. Адной з найважнейшых задач нашага праекта з’яўлялася ўстанаўленне дзелавых сувязей з сельгасарганізацыяй, якая знаходзіцца ў мікрараёне сада-школы, фарміраванне імкнення нашых навучэнцаў да эфектыўнай працы і паспяховай працоўнай кар’еры ў будучыні.

Вырашалася гэтая задача ў цесным супрацоўніцтве Прускага дзіцячага сада — сярэдняй школы і ААТ “Палажэвічы”, на тэрыторыі якога знаходзіцца наша ўстанова. 76% бацькоў навучэнцаў працуюць у гэтай гаспадарцы.

У рамках рэалізацыі праекта быў створаны атрад з ліку старшакласнікаў, якія на практыцы знаёміліся з асаблівасцямі такіх прафесій, як жывёлавод, аператар машыннага даення кароў, электрык, слесар, токар, трактарыст. Кіраўніцтва гаспадаркі стварыла ўсе ўмовы для плённай і пазнавальнай работы ўдзельнікаў атрада. Спецыялісты малочнатаварнай фермы праводзілі цікавыя гутаркі-экскурсіі на тэмы “Прафесія ветэрынара і заатэхніка: спецыфіка, праблемы, перспектывы”, “Сучасная малочнатаварная ферма — гэта механізацыя і прафесіяналізм работнікаў”. Навучэнцы пабылі ў ролі аператара машыннага даення, спецыялістаў па дагадоўванні маладняку буйной рагатай жывёлы.

Наведваючы машынна-трактарны парк гаспадаркі, хлопцы не толькі знаёміліся з прафесіяй інжынера, механіка, трактарыста, але і мелі магчымасць прымяніць свае веды і ўменні на практыцы.

Падчас летніх канікул навучэнцы сярэдніх класаў працавалі на збожжатоку, а старшакласнікі ў перыяд уборачнай кампаніі спрабавалі сябе ў ролі памочнікаў камбайнераў.

Многія з нашых выпускнікоў, атрымаўшы адукацыю, вярнуліся на малую радзіму і працуюць галоўнымі спецыялістамі, трактарыстамі, жывёлаводамі ў роднай гаспадарцы. Мы лічым гэта вельмі важным вынікам нашай працы над праектам. Выпускнікі — частыя госці ў школе. Яны расказваюць навучэнцам аб запатрабаваных прафесіях у сельскай гаспадарцы, пра асаблівасці працы ў розных напрамках сельскагаспадарчай дзейнасці. Госці звяртаюць увагу школьнікаў на спалучэнне дзейнасці ў сельскай гаспадарцы з клапатлівым, беражлівым стаўленнем да зямлі, тэхнікі, навакольнай прыроды.

Работа па рэалізацыі праекта спрыяла сацыялізацыі вучняў, што вельмі важна для дзяцей з сельскай мясцовасці. Важным вынікам праекта мы лічым і тое, што бацькі сталі больш удзяляць увагі дзецям у пытаннях выбару прафесіі. У дапамогу навучэнцам, бацькам, класным кіраўнікам у школе створаны куток па прафарыентацыі, дзе размешчаны вучэбна-метадычныя матэрыялы для правя­дзення інфармацыйных і класных гадзін, бацькоўскіх сходаў, экскурсій. Вялікі аб’ём матэрыялаў па тэме праекта размешчаны на сайце ўстановы.

Вераніка МАЗГАВАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Прускага дзіцячага сада — сярэдняй школы Старадарожскага раёна.