Вусны часопіс дапаможа дыялогу

У рабоце з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, у сярэдняй школе № 1 Петрыкава выкарыстоўваю вусны часопіс як нетрадыцыйную форму ўзаемадзеяння школы з бацькамі ў межах спецыяльнай адукацыі.

Гэты спосаб дазваляе наладзіць з бацькамі шчырыя адносіны, пачуць іх меркаванне, мець магчымасць раўнапраўнага дыялогу. Часопіс можа мець ад 3 да 7 старонак, кожная займае ад 5 да 10 мінут. Агульная працягласць — не больш за 40 мінут. Непрацягласць такой дзейнасці мае немалаважнае значэнне, паколькі часта бацькі абмежаваны ў часе. Важна іх зацікавіць і даць пэўны аб’ём інфармацыі.

Кожная старонка часопіса — гэта вуснае паведамленне, якое можа быць праілюстравана дыдактычнымі матэрыяламі, праглядам відэафрагментаў урокаў ці карэкцыйных заняткаў, выставамі дзіцячых вырабаў, дапаможнікаў, дадатковай літаратуры. Бацькам можна загадзя азнаёміцца з літаратурай для вырашэння праблемы, даць ім практычныя заданні і пытанні для абмеркавання.

Прыкладныя тэмы: “Адаптацыя да школы і школьнага калектыву”, “Этыка сямейных адносін”, “Развіццё пазнавальнай актыўнасці”, “Выкананне дамашняга задання” і іншыя. Важна, каб тэмы адпавядалі патрэбам бацькоў і дапамагалі вырашыц­ь найбольш важныя пытанні. Прапаную разгле­дзець часопіс “Адаптацыя дзяцей з АПФР да школы і школьнага калектыву”. Вучні ўпершыню сустракаюцца з калектывам дзяцей, а бацькі — са спе­цыяльнай адукацыяй у межах школьнай установы.

Першая старонка — “Маё дзіця”. Бацькі знаёмяцца, намаляваўшы на паветраным шарыку партрэт свайго дзіцяці, называюць яго імя і расказваюць пра асаблівасці характару. На гэтую інфармацыю настаўнік-дэфектолаг потым абапіраецца ў сваёй рабоце.

Другая старонка — “Экскурсія па школе, класе”. Бацькі пераўвасабляюцца ў вучняў і знаёмяцца з класамі, у якіх іх дзеці будуць займацца з настаўнікам-прадметнікам, наведваюць заняткі настаўніка-дэфектолага. Потым бацькі выбіраюць сабе месца за партай.

Трэцяя старонка — “Эмоцыі дзяцей”. Прапаную бацькам гульню “Адгадай эмоцыю”. Справа ў тым, што асаблівае дзіця, калі ўпершыню прыхо­дзіць у клас, адчувае спектр эмоцый — ад пазітыўных да негатыўных.

Чацвёртая старонка — “Вырашы праблему”. Бацькам прапануецца шэраг праблемных сітуацый, якія ўзнікаюць падчас навучання. Падзяляю бацькоў на дзве каманды — “дзяцей” і “настаўнікаў”. Кожнай пары даю праблемную сітуацыю. Яны яе інсцэніруюць і разбіраюць. Напрыклад: выйсці ў туалет падчас урока, спазніўся на ўрок, выйсці да дошкі для адказу і іншыя.

Пятая старонка — “Напамінак для бацькоў”. У якасці падвядзення вынікаў сумесна складаем напамінак “Як дапамагчы дзіцяці адаптавацца да школы, калектыву класа”. У завяршэнні сустрэчы прапаную напісаць лісты будучыні “Якімі б мы хацелі бачыць сваіх дзяцей праз адзін год”. Лісты запячатваю, каб праз год зноў сустрэцца і абмеркаваць, чаго мы дасягнулі разам — і педагогі, і бацькі. На мой погляд, вусны часопіс дапамагае ў рэалізацыі ўзаемадзеяння педагога з дзецьмі і бацькамі.

Наталля КАБАНОВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 1 Петрыкава.