Вучыцца ў лідараў

Якімі будуць адукацыйныя праграмы, сродкі навучання або прасторавае асяроддзе ўстаноў адукацыі ў будучыні — праз 10—20 гадоў? Як заставацца ў цэнтры сучасных падзей? Ці змогуць спецыялісты ўплываць на фарміраванне новых тэндэнцый у адукацыі? Што забяспечыць поспех на рынку адукацыйных паслуг? Загадчык ясляў-сада № 239 Мінска Таццяна Аляксандраўна Кузьміч упэўнена, што спецыялістам дапаможа практыка бесперапыннага стратэгічнага прадбачання ў планаванні адукацыі, або тэхналогія фарсайт.

“Змены ў нашым жыцці — з’ява непазбежная, — адзначае Таццяна Аляксандраўна. — Але можна трымаць руку на пульсе тэндэнцый, якія ўзнікаюць, з апярэджаннем рэагаваць на выклікі часу, прапаноўваючы новыя ідэі і падыходы, стратэгіі планавання развіцця ўстановы, а таксама рыхтаваць удзельнікаў адукацыйнага працэсу да будучых змен. Аднак пры гэтым павінна ўзрасці асабістая зацікаўленасць кожнага ўдзельніка і адказнасць не толькі за найбліжэйшыя, але і за аддаленыя вынікі прынятых імі рашэнняў”.

Вытокі дасягненняў калектыву ясляў-сада № 239 — камандная работа, жаданне ўкараняць новае, а таксама давер з боку кіраўніцтва да ініцыятывы і творчых знаходак маладых педагогаў. Установа з’яўляецца базавай пляцоўкай АПА і МГІРА ў рамках праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, утрымлівае лідарства ў рэйтынгу дашкольных устаноў адукацыі Партызанскага раёна сталіцы. Калектыў сада з’яўляцца пераможцам гарадскога конкурсу “Лепшая ўстанова адукацыі — 2018”, уладальнік інтэрнэт-прэміі ТІБО-2019, чатыры разы перамагаў на дыстанцыйным конкурсе “Лепшы сайт установы адукацыі” з міжнародным удзелам. Па выніках работы сістэмы сталічнай адукацыі ў 2020 годзе ўстанова заняла 1-е месца.

У яслях-садзе дзейнічае гарадскі рэсурсны цэнтр па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці ў выхаванцаў. Рэалізуюцца праект па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі “Квітнеючы горад” (тройчы атрыманы дыплом І ступені на гарадскім аглядзе-конкурсе “Формула сада”), ініцыятыва “Сайты-пабрацімы” па супрацоўніцтве з установамі дашкольнай адукацыі Расіі, якія маюць аналагічныя нумары (№ 239), праект эсэ-разважання педагогаў “Мая малая радзіма”. У верасні 2019 года на базе ўстановы пачала дзейнічаць анімацыйная студыя “Мульты-Land”, дзе дзеці займаюцца стварэннем мультфільмаў (праект адзначаны грантам Мінгарвыканкама).

З верасня 2020 года ў яслях-садзе № 239 Мінска рэалізуецца інавацыйны праект “Удасканаленне кіраўніцкай дзейнасці па стратэгічным планаванні ва ўстанове дашкольнай адукацыі з дапамогай тэхналогіі фарсайт”. Гэта сучасная тэхналогія, якая аблягчае працэс кіравання, дапамагае ствараць падрабязны сцэнарны план развіцця (ад англ. foresight — “погляд у будучыню, прадбачанне”). Ва ўстанове створана фарсайт-каманда, у якую ўвайшлі педагогі з высокім узроўнем інавацыйнага патэнцыялу. Да работы каманды прыцягнуты эксперты-прафесіяналы, спецыялісты, якія з’яўляюцца ключавымі крыніцамі інфармацыі, і бацькі выхаванцаў. Сярод фарсайт-метадаў найбольш прымальныя для сістэмы кіравання ўстановай адукацыі мазгавы штурм, SWOT-аналіз, метады экспертных панэлей, Дэльфі і дарожнага карціравання.

Калектыў установы вызначыў асноўныя трэнды развіцця і драйверы (умовы, якія стымулююць развіццё трэнду). Адукацыйнымі трэндамі названы: інфарматызацыя адукацыі, укараненне STEM-адукацыі, здароўезберажэнне, варыятыўныя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі, сацыяльнае партнёрства, інклюзіўная адукацыя. Драйверамі адпаведна з’яўляюцца лічбавізацыя грамадства ў цэлым і неабходнасць аддаленага ўзаема­дзеяння; актыўнае развіццё STEM-адукацыі і папулярызацыя інжынерна-тэхналагічных прафесій; павелічэнне колькасці дзяцей, якія часта хварэюць, і разам з тым бацькоў, якія вядуць ЗЛЖ; запыт ад заказчыкаў адукацыйных паслуг, павелічэнне занятасці баць­коў, памяншэнне тэрміну знаходжання ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да 2 гадоў; сусветныя тэндэнцыі да ўзаемадзеяння, абмену вопытам, стварэння сацыяльных ініцыятыў, пашырэння сфер уплыву; павелічэнне колькасці дзяцей з АПФР.

Задачы, праблемы і напрамкі развіцця ўстановы прадстаўлены ў выглядзе іерархічнай графічнай мадэлі “Дрэва трэндаў”, таксама распрацавана мадэль, якая дазволіла структураваць кіраўніцкія дзеянні і этапы стратэгічнага планавання: аналіз перадумоў, планаванне і непасрэдна рэалізацыя. У рамках праекта плануецца правя­дзенне фарсайт-сесій, мэта якіх — стварэнне дарожных карт развіцця ўстановы. Падчас першага этапу фарсайт-сесіі “IT дзіцячы сад: плануем і рухаемся” яго ­ўдзельнікамі распрацаваны праект дарожнай карты развіцця “Дыстанцыйная платформа KidsSmart.by”. Зараз ствараецца стратэгічная праграма па рэалізацыі дарожных карт.

Дакладнасць прагнозаў, атрыманых у выніку прымянення тэхналогіі фарсайт для стратэгічнага планавання, пацвярджаецца яе актыўным укараненнем ва ўсе сферы дзейнасці: навуку і тэхналогіі, эканоміку, сацыяльныя, грамадскія адносіны, культуру і адукацыю. Гэта забяспечыць цэласнае мысленне, разуменне ўзаемасувязі сіл змен і таго, як, здавалася б, незвязаныя тэндэнцыі ў розных галінах прамысловасці і навукі аказваюць істотны ўплыў на адукацыю. Інавацыйны праект установы з поспехам прадстаўлены на VIII Міжнародным фестывалі інавацыйных педагагічных ідэй “Стратэгія будучыні” ў лютым 2021 года ў Санкт-Пецярбургу. Таксама матэрыялы будуць прадстаўлены на IV Міжнародным навукова-практычным семінары “Прафесійныя кампетэнцыі сучаснага кіраўніка як фактар развіцця адукацыйнай сферы”, ініцыіраваным АПА і Беларускім педагагічным таварыствам. З названым праектам яслі-сад № 239 Мінска зараз прымае ўдзел у гарадскім конкурсе “Лідар сталічнай адукацыі — 2021”. 

Надзея ЦЕРАХАВА.