Вучым мову праз фальклор

Так склалася, што мы жывём ва ўмовах двухмоўя. Беларуская мова сёння менш распаўсюджана, чым другая дзяржаўная — руская. Калі пасля цяжкага працоўнага дня мы, прагнучы адпачынку, вяртаемся дадому, нас чакае рускамоўны тэлевізар, а на вуліцы да нас далятаюць урыўкі рускамоўнай размовы. Але я як выхавальнік дашкольнай адукацыі жадаю выхоўваць новае пакаленне грамадзян нашай краіны менавіта з павагай і любоўю да роднай мовы. Для маленькіх беларусаў першым месцам, дзе яны чуюць беларускую мову і разумеюць, што яна і ёсць іх родная, якую трэба шанаваць і захоўваць, з’яўляецца менавіта дзіцячы садок. Ад гэтых першых заняткаў залежыць, як малышы будуць ставіцца да беларускай мовы.

У нашай дашкольнай установе кожны чацвер беларускамоўны. Я заўсёды імкнуся зрабіць гэты дзень як мага больш цікавым для выхаванцаў. Дзеткі з задавальненнем знаёмяцца з роднай мовай і культурай, слухаюць беларускія народныя казкі. А таксама гавораць свае першыя словы па-беларуску. На працягу некалькіх гадоў я працую над праблемамі ўдасканалення навучання дзяцей пры падрыхтоўцы іх да школы, развіцця звязнага маўлення, над методыкай знаёмства з мастацкім творам і карцінай і, галоўнае, над пытаннямі актыўнага авалодання роднай мовай. Дзеці на занятках, пачынаючы з сярэдняй групы, знаёмяцца з асаблівасцямі гукаў беларускай мовы, вучацца ўжываць словы ў правільнай граматычнай форме, узбагачаюць слоўнікавы запас. Праводзіцца вялікая работа па знаёмстве выхаванцаў з беларускімі святамі, на якіх дзеці гуляюць у народныя гульні, спяваюць і размаўляюць на беларускай мове.

Зацікавіўшыся тэхналогіямі маўленчага і лінгвістычнага развіцця дашкольнікаў Н.С.Старжынскай і Д.М.Дубінінай, я паглыблена працавала па тэме “Развіццё маўленчых зносін праз далучэнне дашкольнікаў да беларускага фальклору”, якая дала магчымасць вырашыць задачы развіцця беларускага маўлення, раскрыць творчыя магчымасці дзяцей, сфарміраваць цікавасць да народнай творчасці, у гульнявой форме далучыць дзяцей да нацыянальнай культуры. Далучэнне дашкольнікаў да жывога слова фальклору адбываецца ў працэсе іх эстэтычна-вобразных зносін у час мастацка-маўленчай дзейнасці. Работа ішла паэтапна. На пачатку навучанне ўключала эстэтычна-вобразныя зносіны на аснове твораў беларускага фальклору. Дзеці знаёміліся з пэўнымі фальклорнымі творамі, а потым выконвалі гульнявыя творчыя практыкаванні і заданні па іх змесце. Увага дашкольнікаў звярталася як на змест і асаблівасці розных фальклорных жанраў, так і на асэнсаванае засваенне ведаў аб мастацтве слова наогул. Каб дзеці маглі лепш усвядоміць выразна-выяўленчыя сродкі фальклорных твораў, іх увазе я прапаноўвала тыя жанры, у якіх гэтыя сродкі сустракаюцца часцей за астатнія. Асноўнымі часткамі актывізуючых зносін з’яўляліся расказванне твора, “Сакрэты чараўніцы Мовы”, “Пагуляем — адгадаем”, тэатральная хвілінка. Для ўспрымання і ўсведамлення сэнсавага складу слова выкарыстоўваю гульнявыя практыкаванні “Якія словы вы пачулі?”, “Як сказаць інакш” і інш. З кожным жанрам фальклору знаёмлю дашкольнікаў паасобку. Кожны этап цікавы і захапляльны.

Асэнсаваўшы вынікі работы з выхаванцамі, я заўважыла, што дзеці ­ўдзельнічаюць у зносінах на беларускай мове, могуць самастойна пераказаць казку, скласці з дапамогай дарослага расказ па карціне. У ходзе работы, якая працягвалася два гады, з’явілася шмат розных метадычных прадуктаў, шмат у чым карысных для дашкольнікаў. Гэта картатэкі дыдактычных гульняў па авалодванні беларускай мовай, па змесце беларускіх народных казак, беларускіх народных гульняў, загадак, прыказак і прымавак, скорагаворак, лічылак, складзеных па тэматыцы планавання адукацыйнага працэсу. Гэта і ілюстраваныя тэматычныя міні-слоўнікі. Для знаёмства выхаванцаў з беларускімі пісьменнікамі сістэматызаваны матэрыял аб іх творчасці, аформлены розныя віды тэатраў па беларускіх народных казках.

Значна, што не засталіся ў баку ад гэтай працы і бацькі выхаванцаў. Вельмі спадабалася ім прымаць удзел ва ўсіх задумах. Мамы і таты з задавальненнем сталі членамі бацькоўскага клуба “Я і родная мова”. Яны ўдзельнічалі ў шматлікіх тэматычных мерапрыемствах. Гэта і паэтычны вечар “Паэты — дзецям пра ўсё на свеце”, і віктарына “Якая ты, родная старонка?”, сямейная гасцёўня “Сябры народнай мудрасці”. Найбольш цікава для бацькоў і выхаванцаў прайшлі вячоркі “Я — мая сям’я — род — народ”, дзе ўсе ўдзельнікі кожны па-свойму расказалі пра сваіх продкаў, сваю малую радзіму, прадэманстравалі веданне роднай мовы.

Такім чынам, мы разам прывіваем дзеткам любоў да роднай зямлі, мовы, павагу да гістарычнага мінулага нашай краіны. Хочацца спадзявацца, што нашы намаганні будуць карыснымі для дзяцей.

Аліна БЕРАСТАВА,
выхавальніца ясляў-сада № 2 аграгарадка Буйнічы Магілёўскага раёна.