Вучым любіць малую радзіму

З самага маленства мы вучым дзяцей любіць нашу Радзіму. Даводзім ім думку пра тое, што наша — значыць свая, родная, лепшая. Ці ж можна яе, лепшую, не любіць? І дашкольны ўзрост — найбольш спрыяльны для фарміравання патрыятычных пачуццяў і развіцця духоўнасці.

Галоўнай умовай патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляецца стварэнне абстаноўкі вакол дзіцяці, якая садзейнічае фарміраванню ведаў аб Радзіме, праяўленню эмацыянальнага водгуку, заахвочвае да практычнай дзейнасці. У кожнай групе ў нас створаны куткі патрыятычнага выхавання, дзе сабраны багаты гістарычна-краязнаўчы і метадычны матэрыял. На ўчастку створана экалагічная сцяжынка “Сябры прыроды”. Нашы дашкольнікі з цікавасцю ўспрымаюць усё новае, беражліва адносяцца да прыроды.

Нядаўна прайшоў метадычны фестываль “Свет гульні”, на якім усе выхавальнікі прадставілі створаныя імі дыдактычныя гульні: “Адкрывай свой родны край”, лэпбукі “Беларусь — мая Радзіма”, “Беларускія народныя гульні”, “Славутасці Ваўкавыска” і інш. Гэтыя гульні, падрыхтаваныя на мясцовым матэрыяле, дапамогуць у займальнай форме лепш спазнаць малую радзіму, тыя мясціны, дзе нарадзіўся, рос, рабіў першыя крокі ў сваім жыцці.

Каб стварыць умовы для выхавання пачуцця гордасці і любові да Радзімы, у старшай групе прайшла забава “Мая Беларусь”. Разам з Паўлінкай выхаванцы спявалі і выконвалі беларускія танцы, гулялі ў народныя гульні, чыталі вершы.

Усіх уразіла прэзентацыя “Мая Радзіма”. Спадабалася і частаванне традыцыйнымі беларускімі стравамі — аладкамі, узварам і яблыкамі. Насычаным быў тэматычны тыдзень “Мая Радзіма — Беларусь”. У форме гульняў, падарожжаў дзеці знаёміліся з дзяржаўнымі і прыроднымі сімваламі краіны, асаблівасцямі яе сталіцы, найбуйнейшымі прадпрыемствамі Мінска і краіны, развучвалі народныя гульні, прыказкі і прымаўкі, вывучалі гісторыю свайго аграгарадка.

Крыніцай новых ведаў для дзяцей з’яўляецца гістарычна-краязнаўчы музей установы. Для большасці нашых выхаванцаў гэта першы музей у жыцці. Дашкольнікі з вялікім задавальненнем знаёмяцца з невядомымі ім прадметамі і з’явамі. Прыемна, што ў музеі яны адчуваюць радасць пазнання, глыбокія эмацыянальныя перажыванні. Адна справа — бачыць старадаўнія прадметы на фотаздымках, зусім іншая — трымаць у руках гэтыя рэчы.

Дашкольнікі любяць разгляд­ваць прадметы народнай творчасці, старадаўнія інструменты, посуд. У музеі можна пагартаць фоталетапіс школы, асобныя альбомы, прысвечаныя першаму дырэктару Субацкай сярэдняй школы Рэгіне Віктараўне Якубчык і настаўнікам.

Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў тут ладзяцца экскурсіі:  “Серп і хлебная лапата — кармільцы сялянскай сям’і”, “Па рабоце майстра ведаць”, “Да вытокаў душой дакрануўшыся”, “Здабыткі нашых добрых рук”, “Сваякі электрапрыбораў у сялянскай хаце”, “Як жылі нашы продкі”, “Бабулін ручнік”, для старэйшых — конкурсы, пазнавальна-гульнявыя праграмы, сустрэчы, даследчая дзейнасць, а таксама экскурсіі.

У выхаванні юнага беларуса мы стараемся ісці ад малога да вялікага, праз вядомае знаёміць з невядомым. Нашы дзеці набываюць першапачатковыя ўяўленні аб прыродзе Беларусі, працоўнай дзейнасці яе народа, культуры і мастацтве з дапамогай загадак, забаўлянак, беларускіх народных гульняў. Дзяцей хвалююць мінулае, памяць пра сваіх продкаў.

Школьны гістарычна-краязнаўчы музей быў адкрыты на аснове музейнага пакоя 18 снежня 2015 года. Спецыяльна да невялікага юбілею прайшоў тэматычны тыдзень, у хо­дзе якога кожны дзень адбываліся разнастайныя мерапрыемствы: конкурс “Жывы экспанат” і акцыя “У дар музею”, вусны часопіс “Яны жывуць у памяці народнай” і “Шлях да Перамогі”, забавы для дашкольнікаў “У гасцях у бабулі Васіліны” і “Са святам, музей!” і інш.

Нязменным кіраўніком музея з’яўляецца Пётр Леанідавіч Рэйкін. Больш за 30 гадоў назад ён пачаў збіраць прадметы працы і побыту, старую зброю і дакументы. Тады яшчэ жылі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, якія маглі падзяліцца сваімі ўспамінамі і асабістымі рэчамі, удзельнічалі ў сустрэчах і святах.

На шчасце, традыцыі нашых продкаў яшчэ не забыты. Мы імкнёмся захаваць іх з дапамогай свят, экскурсій, заняткаў. Спадзяёмся, што нашы дзеці стануць актыўнымі захавальнікамі ўсяго лепшага, што сабраў беларускі народ у сваю скарбонку.

Трылогія Года малой радзімы скончылася. Але не заканчваецца працэс выхавання грамадзяніна, сына сваёй Радзімы, які ведае і паважае сваю спадчыну, гісторыю роднага краю, родную мову, шануе і зберагае традыцыі, ганарыцца сучаснасцю і будзе клапаціцца пра будучыню.

Яніна ВІТУС,
выхавальніца дашкольнай адукацыі Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.