Вучым даследаваць малодшых школьнікаў

У сучасных умовах навучання неабходна забяспечыць навучэнцаў не толькі прадметнымі ведамі, высокім інтэлектуальным развіццём, але і навучыць іх самастойна здабываць гэтыя веды, фарміраваць даследчыя ўменні і навыкі. Менавіта апошняя задача становіцца прыярытэтнай не толькі для развіцця асобы, але і для развіцця навукі, эканомікі, краіны ў цэлым.

У працэсе фарміравання даследчыкаў-пачаткоўцаў галоўнае месца займае школа. Пачынаючы далучацца да даследчай дзейнасці, вучні пачатковай школы вучацца арыентавацца ў велізарным свеце навуковых кніг, часопісаў, дапаможнікаў. Яны авалодваюць методыкай даследаванняў, вучацца класіфікаваць і апрацоўваць сабраны матэрыял, навукова аналізаваць, абагульняць і рабіцы высновы. Гэтая работа праводзіцца як ва ўрочнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Само даследаванне для іх павінна быць пасільным, цікавым, займальным, будавацца на даступным узроўні. Навучэнцы абавязаны бачыць сэнс сваёй творчай самастойнай дзейнасці, і тады яны праявяць сябе з лепшага боку. Асноўнымі кампанентамі даследчай дзейнасці з’яўляюцца: пастаноўка праблемы і задач даследавання, выбар тэмы даследавання, выпрацоўка гіпотэзы, вызначэнне паслядоўнасці правядзення даследавання, збор і апрацоўка інфармацыі, аналіз і абагульненне атрыманых матэрыялаў, паведамленне па выніках даследавання.

Работу над фарміраваннем даследчых уменняў і навыкаў пачынаю праводзіць з другога паўгоддзя першага класа. Вучу збіраць інфармацыю па сумесна складзеным плане. Прапаную для даследавання блізкія і значныя для дзяцей тэмы “Мой радавод”, “Садавіна і агародніна на стале — здароўе мне”, “Якія пакаёвыя расліны ёсць у вас дома?”. Кожнаму раздаю памятку, у якой запісаны парадак выканання міні-даследавання. Дзеці ведаюць, што інфармацыю можна атрымаць у бацькоў, настаўніка, у бібліятэцы, знайсці ў кнігах, паназіраць, паглядзець у інтэрнэце, правесці дослед. Першакласнікі запісваюць па тэме апорныя словы, малююц­ь, праводзяць апытанне аднакласнікаў, рыхтуюць загадкі, майструюць вырабы, выступаюць з паведамленнем перад класам. Абавязковай умовай для развіцця даследчай дзейнасці з’яўляецца ўменне даваць азначэнне паняццям, для гэтага складваем загадкі. На ўроках праводжу не толькі рэальныя, але і ўяўныя эксперыменты: “Што адбудзецца, калі лісце з дрэў не ападзе восенню?”, “Што адбудзецца, калі ў нашым горадзе знікне свойская жывёла?”.

Пры вывучэнні новага матэрыялу выкарыстоўваю праблемныя сітуацыі. Вучням для вывядзення новага правіла даю заданне: “Вызначы парадак сваіх дзеянняў. З прыве­дзенага спіса выберы толькі неабходныя дзеянні і расстаў іх па парадку (таблічкі па вызначэнні паняццяў), растлумач”. Даю заданні “Параўнай”, “Разбі на групы”, “Знайдзі правільнае выказванне” і г.д. Навучэнцам індывідуальна або ў групах прапаную выбраць правільныя сцвярджэнні і адказаць на пытанне “Чаму…?”. Працуючы над пастаўленай праблемай, дзеці самастойна ці ў групах робяць выснову і параўноўваюц­ь яе з высновай у падручніку. На ўроках не агучваю ўсю інфармацыю, якая ёсць у падручніку. Стараюся дабіцца ад вучняў аргументаваных адказаў.

На занятках не вымаўляю слоў “няправільна”, “недакладна”, калі трэба, накіроўваю, каб вучні самі заўважылі памылку, выправілі і растлумачылі, чаму. Заўсёды знаходзяцца вучні, якія выбіраюць для выканання творчыя заданні, шукаюць дадатковую інфармацыю. У 3—4-х класах даследчая работа становіцца больш пашыранай. Дзеці працуюць з навуковай дадатковай літаратурай (даведнікамі, энцыклапедыямі, зборнікамі), вусную інфармацыю ператвараюць у пісьмовую і робяць першапачатковы аналіз атрыманай інфармацыі. Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю ўмення дзяцей працаваць са здабытай інфармацыяй: апрацоўваць тэксты, вылучаць галоўны, значны матэрыял і лагічна выбудоўваць яго, пацвяр­джаць свае адкрыцці цытатамі вядомых асоб, аргументавана прадстаўляць вынікі сваёй творчай работы. У 3—4-х класах дзеці ўжо самі прапануюць тэмы для даследавання. Я стараюся іх толькі накіраваць да правільнага выбару. Вучу пабудове гіпотэз — аснове даследчага, творчага мыслення. Дзеці могуць выказваць як рэалістычныя, так і нерэальныя, фантастычныя ідэі. Гіпотэзы дазваляюць адкрываць новыя магчымасці, знаходзіць новыя варыянты вырашэння праблем, затым ацэньваць іх верагоднасць.

Удзел у даследчай дзейнасці павышае ўпэўненасць у сабе, прывівае навыкі самакантролю, самаарганізацыі, развівае актыўнасць, адказнасць, вучыць дакладна выказваць свае думкі, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, што дазваляе больш паспяхова вучыцца. Вынікам даследчай дзейнасці навучэнца з’яўляецца не толькі паспяховая абарона работы, але і творчы працэс, у які паглыбляецца дзіця. Часам завяршэнне адной даследчай работы з’яўляецца пачаткам іншай.

Наталля ЧЫЖ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Мсціслава.