Вучуся распавядаць

Аўтарскі электронны адукацыйны рэсурс настаўніка-дэфектолага

Адзін з кірункаў работы настаўніка-дэфектолага — выпраўленне парушэнняў маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту. У залежнасці ад актуальнага маўленчага развіцця ідуць назапашванне і актывізацыя слоўніка, а потым развіццё граматычнага ладу мовы.

Асновай фарміравання складнага маўлення з’яўляецца ўменне правільна складаць сказ. Для гэтага ёсць розныя метады і прыёмы. Найбольш дзейсны і зразумелы спосаб — складанне сказа па выкананым дзеянні. Дзеянне мы можам як выконваць самі, так і назіраць, а складзеныя сказы аб’яднаць у аповед. Калі мы прад’яўляем сюжэтны малюнак дзіцяці з маўленчым парушэннем, то часцей за ўсё пачуем пералік прадметаў, аб’ектаў, вельмі рэдка дзеянняў і яшчэ радзей прыкмет ці якасцей. Дзіця не заўсёды можа зразумець дзеянне, таму нам трэба гэты малюнак прывесці ў рух, ажывіць.

Пры дапамозе мультымедыйных прэзентацый з анімацыяй, якія распрацаваны ў праграме PowerPoint, аб’екты перамяшчаюцца, выконваюць дзеянне. Дзеці маюць магчымасць убачыць і назваць розныя аб’екты, іх характэрныя прыметы, зразумець дзеянне і звязна, паслядоўна вербалізаваць сюжэт. Дзякуючы паслядоўнаму з’яўленню малюнкаў на экране, дзеці выбудоўваюць алга­рытм выказвання, складаюць сказ па дзеянні.

На базе прыёму складання сказа/аповеду па дзеянні быў створаны электронны адукацыйны рэсурс “Вучуся распавядаць”. Яго меню мае дзве часткі. Дзяленне ўмоўнае, бо дэфектолаг можа выкарыстоўваць аповеды ў розных відах дзейнасці. 10 тэкстаў першай часткі прызначаны для складання аповеду, які можна аднесці да лексічнай тэмы ў рамках адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення” і выкарыстоўваць як частку заняткаў па развіцці складнага маўлення. Другая частка выкарыстоўваецца на занятках па аўтаматызацыі гуку ў тэксце ў рамках індывідуальных карэкцыйных заняткаў. Аповед даецца ў выглядзе дэманстрацыі паслядоўных падзей. Работа пачынаецца з кароткіх і простых аповедаў. Паступова яны ўскладняюцца.

Калі дзіця не зразумела, не заўважыла нешта, ці падзеі на экране мяняюцца занадта хутка, то можна спыніць ці вярнуць сюжэт. Для замацавання прапануецца праверыць веды: інтэрактыўна адказаць на пытанні і выбраць правільны адказ. Калі адказ выбраны дакладна, малюнак павялічваецца, калі няправільна — знікае.

ЭАР “Вучуся распавядаць” дапамагае адначасова развіваць і кагнітыўныя працэсы. Увагу — бачыць і называць розныя аб’екты, іх характэрныя прыметы, якасці і дзеянні. Памяць — запамі­наць персанажаў, іх імёны, прыметы, прайграваць ланцужок падзей. Выкарыстанне мультымедыйных прэзентацый дазваляе ў цікавай і займальнай форме данесці маўленчы матэрыял, дабіцца станоўчых вынікаў па развіцці звязнага маўлення. Баць­кі не застаюцца ўбаку. Яны маюць магчы­масць атры­маць матэрыял, спампаваўшы QR-код на стэндзе “Рэкамендацыі настаўніка-дэфектолага”.

Матэрыял можна выкарыстоўваць дома. Педагог можа выкарыстоўваць ЭАР “Вучуся распавядаць” для складання аповеду па лексічнай тэме тыдня, а таксама ў рамках індывідуальна-карэкцыйных заняткаў па аўтаматызацыі гуку ў тэксце.

Неабходна адзначыць, што любая, самая дасканалая камп’ютарная праграма не можа замяніць высокакваліфікаванага спецыяліста. Гэта толькі сродак, дапаможны матэрыял, які з’яўляецца дадатковай рацыянальнай і зручнай крыніцай інфармацыі, нагляднасці.

Тамара НАЗАРАНКА,
настаўнік-дэфектолаг спецыяльнага ясляў-сада № 17 Светлагорска, пераможца абласнога конкурсу ў намінацыі “Лепшы настаўнік-дэфектолаг спецыяльнай групы, групы інтэграванага навучання і выхавання”.