Вучаць навуцы жыцця

1 верасня 35 гадоў назад гасцінна расчыніла дзверы сярэдняя школа № 38 Магілёва. Гэта была знакавая падзея. Новая школа разгрузіла тры перапоўненыя ўстановы адукацыі, размешчаныя ў так званым раёне Задняпроўе. Чым жыве трыццаць восьмая школа сёння, праз тры з паловай дзясяткі гадоў, расказваюць яе дырэктар Сяргей Юр’евіч Клепча і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ніна Міхайлаўна Буланькова.

С.Ю.Клепча:

— Галоўная задача, што стаіць перад педагагічным калектывам, — высокая якасць адукацыі нашых падапечных. Яна вырашаецца рознымі шляхамі, і адзін з паказчыкаў паспяховасці — рэйтынг установы адукацыі. На працягу некалькіх гадоў яна была недзе ў межах трыццатага месца ў горадзе з амаль паўсотні ўстаноў адукацыі. У мінулым жа годзе намаганнямі ўсяго педагагічнага калектыву, дзякуючы зладжанасці ў рабоце, павышэнню якасці адукацыі, школа заняла 14-е месца ў горадзе, што і было адзначана граматай упраўлення адукацыі гарадскога выканаўчага камітэта. У Кастрычніцкім раёне горада сярод 15 школ мы занялі 5-е месца. Вялікую ўвагу ўдзяляем алімпіяднаму руху. Сёлета ў рэспубліканскай алімпіядзе прымалі ўдзел двое нашых вучняў 11 класа. Нядрэнныя паказчыкі маем на ўзроўні горада і вобласці.

Летам нашым навучэнцам таксама сумаваць не даводзіцца. У гэтым годзе пры школе было арганізавана некалькі лагераў. Першы — традыцыйны “Сонейка”, у якім адпачываюць дзеці з 1 па 5 класы. Другі — лагер працы і адпачынку, які наведваюць дзеці ад 14 гадоў. І яшчэ адзін лагер — “Планета таленавітых дзяцей” — арыентаваны на падрыхтоўку дзяцей да алімпіяд. Акрамя гэтага, мы адкрылі аздараўленчы профільны лагер “Юны лінгвіст”, дзе дзеці, якія маюць здольнасці да замежных моў, працягваюць вывучаць французскую і англійскую мову, а таксама раскрываюць свае здольнасці — як моўныя, так і творчыя.

Несумненна, высокіх вынікаў у навучанні можна дасягнуць толькі ў цесным кантакце настаўнікаў і бацькоў. Праблемы, што ўзнікаюць падчас навучання і выхавання дзяцей, устараняем з бацькамі індывідуальна і пры поўным узаемаразуменні. Усе спрэчныя і канфліктныя сітуацыі вырашаюцца ўнутры школы. 

Н.М.Буланькова:

— Прыярытэтным напрамкам нашай работы з’яўляецца патрыятычнае выхаванне моладзі. Прымаем самы актыўны ўдзел у абласным праекце “Мая зямля — Прыдняпроўе”. Гэта гульні, квест-гульні, віртуальныя гульні, падарожжы, пешаходныя прагулкі па горадзе. Прывіваем навучэнцам любоў і павагу да свайго горада, да месца, дзе мы жывём. Важна, каб дзеці пранеслі гэтыя пачуцці праз усё жыццё. У гэтым дапамагае наш школьны музей. Вельмі добрыя вынікі даюць мерапрыемствы шостага школьнага дня. Работу з навучэнцамі праводзім разнастайную, імкнёмся пазбягаць фармалізму, дастукацца да дзіцячых душ.

Аб’яднаць вучнёўскі калектыў дапамагаюць школьныя традыцыі. Некаторыя існуюць ужо даволі доўгі час, іншыя з’явіліся нядаўна, але адразу знайшлі водгук сярод навучэнцаў. Так, у мінулым годзе ў школе вельмі паспяхова прайшла акцыя “Пасылка ветэранам”. У рамках акцыі быў складзены пэўны пералік прадуктаў і класныя калектывы разам з бацькоўскай грамадскасцю збіралі пасылкі. Кожная з іх пры выкананні санітарна-эпідэміялагічных норм знайшла свайго адрасата. У гэтым годзе акцыя была працягнута і прымеркавана да 9 Мая — Дня Вялікай Перамогі. Кожны класны калектыў знаходзіў у сем’ях сваіх навучэнцаў ветэранаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў нацысцкіх лагераў, дзяцей вайны або працаўнікоў сяла ў той вогненны час. Вучні вышывалі або пісалі на палатне іх прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, гады жыцця, а потым гэтыя маленькія кавалачкі тканіны збіраліся ў адзінае вялікае палатно, якое стала своеасаблівай стужкай памяці. Напярэдадні Дня Перамогі яго размясцілі на фасадзе школы. 

У мінулым годзе зарадзілася яшчэ адна традыцыя — мы заклалі Алею выпускнікоў. Усе выпускныя класы (4-ы, 9-ы, 11-ы) на тэрыторыі школы пасадзілі сваё дрэва. На кожным з іх была змешчана інфармацыйная таблічка, дзе пазначана, які выпуск і ў якім годзе пасадзіў дрэва. Таксама прымаем удзел у праекце “Дарогамі дабра і прыгажосці”, вырабілі банеры “Іх імёнамі названы вуліцы Магілёва” і прысвяцілі іх памяці Канстанціна Міхайлавіча Сіманава і Сямёна Фёдаравіча Куцепава.

Ва ўстанове ёсць добрая традыцыя — не забываць сваіх педагогаў. Мы ўсіх віншуем са святамі, запрашаем на ўрачыстыя мерапрыемствы, аказваем, па магчымасці, дапамогу. Радуе і тое, што ў сённяшнім педагагічным калектыве шмат нашых выпускнікоў.

Запісаў Уладзімір ЗЮЗЬКЕВІЧ.