Вопыт варты пераймання

Настаўнік пачатковых класаў гомельскай сярэдняй школы № 60 Вольга Адамовіч працягвае справу сваіх продкаў. Яе дзядуля па бацькаўскай лініі Мікалай Сільвестравіч Адамовіч быў настаўнікам у сельскай школе ў Мінскай вобласці, а прадзед па матчынай лініі Пётр Піліпавіч Паташкін выкладаў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Традыцыі падтрымлівае і сястра — Наталля Рэмаўна Каляда. Яна — намеснік дырэктара Гомельскага абласнога ліцэя.

Пасля 9 класа гомельскай сярэдняй школы № 45 Вольга Адамовіч планавала паступаць у музвучылішча, але ў апошні момант аднесла дакументы ў Гомельскі педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага. Падчас вучобы заняла 2-е месца ў рэспуб­ліканскім конкурсе педагагічнага майстэр­ства сярод студэнтаў педкаледжаў. Магчыма, гэта сфарміравала пазіцыю педагога — заўсёды ісці наперад, не баяцца цяжкасцей і выпрабаванняў.

Пасля размеркавання засталася працаваць у родным горадзе і працягнула вучобу на завочным аддзяленні Мазырскага педінстытута імя Н.К.Крупскай. Ад аспірантуры адмовілася, бо ў школе яе чакалі першыя выпускнікі, якія за тры гады сталі роднымі. У 1994 годзе яна прыйшла працаваць у школу № 60, якая адкрылася ў раёне новабудоўляў. Тады на кожнай паралелі ў пачатковай школе было па 10—11 класаў. У 1995 годзе Вольга Рэмаўна стала пераможцай этапу конкурсу “Настаўнік года” ў сваёй школе, а ў 2013 годзе заняла 2-е месца сярод настаўнікаў Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра.

Калі ў канцы 90-х яна пазнаёмілася з развіццёвым навучаннем, — захапілася, набрала першы клас і стала працаваць па гэтай праграме. Вольга Рэмаўна дагэтуль выкарыстоўвае ў рабоце з вучнямі элементы гэтай тэхналогіі. Яна заўсёды шукае спосабы, якія дапамогуць навучэнцам засвоіць праграму лёгка і глыбока, спрыяюць іх вучобе з захапленнем.

Некалі на адным з семінараў пазнаёмілася са сваёй калегай-наватарам Святланай Гін, якая цяпер працуе ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пад яе кіраўніцтвам некалькі гадоў была пастаянным удзельнікам гарадской творчай групы, прысвечанай развіццю творчых здольнасцей, а пазней у ліку распрацоўшчыкаў праграмы для факультатыву па матэматыцы “Матэматычная вясёлка”.

Сёння Вольгу Рэмаўну ведаюць не толькі ў Чыгуначным раёне Гомеля, але і ў краіне. Яна ахвотна трансліруе эфектыўны педагагічны вопыт падчас семінараў, майстар-класаў, лекцый на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы педагогаў да ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Педагогі, якія працуюць з майстрам, заўсёды раўняюцца на яе ўзровень ведаў і ўменняў, набываючы і ўкараняючы ў практыку работы са школьнікамі яе неацэнны вопыт.

Алена СЕМЯНЦОВА,
метадыст Гомельскага гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета.