Зорны час творчых і працавітых

Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў абласнога этапу ІІІ Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus—2018 прайшла на Віцебшчыне.


Маладосць не ведае слова “немагчыма”. Гэта час засваення вопыту, назапашанага папярэднімі пакаленнямі, і дзёрзкага палёту творчай думкі. Час, калі юнакі і дзяўчаты з гонарам уносяць свой першы прафесійны ўклад у будучыню нашай краіны — таму што няма вышэй звання, чым “чалавек працы”. Яго рукамі, майстэрствам і натхненнем ствараюцца матэрыяльныя каштоўнасці, багацце і дабрабыт грамадства. У канцэртнай зале “Віцебск” абласнога цэнтра сабраліся лепшыя маладыя прафесіяналы Прыдзвіння. З вялікай надзеяй, радасцю за поспехі юнакоў і дзяўчат іх віталі тыя, хто сёння ў адказе за лёс роднага краю — кіраўнікі вобласці і рэгіёнаў, прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі працоўных калектываў. Перад пачаткам урачыстасцей героі дня і госці свята наведалі выставу, якую разам падрыхтавалі ўстановы прафесійнай адукацыі і прамысловыя прадпрыемствы. Трэба сказаць, што вырабленае ў вытворчых майстэрнях каледжаў і ліцэяў выглядала вельмі дастойна на фоне прамысловай прадукцыі. Ля кожнага “адукацыйнага” стэнда ішлі зацікаўленыя гутаркі аб тэхналогіі вырабу, магчымасці яе шырокага прымянення. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў выказаў упэўненасць, што многія прадстаўленыя ўзоры можна і трэба ўкараняць у вытворчасць. Адкрываючы цырымонію ўзнагароджвання, кіраўнік вобласці адзначыў: перамога ў конкурсе WorldSkills — выдатны старт, таму што попыт на кампетэнтныя кадры заўсёды высокі.

— На цяперашні час праблема не толькі ў колькасным складзе — хаця на сёння прамысловыя прадпрыемствы адчуваюць патрэбу ў рабочых руках, — але і ў якасці падрыхтоўкі: патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, прафесіяналы, — звярнуўся да моладзі Мікалай Мікалаевіч. — Не будзе развіцця, перспектывы, калі мы з вамі не вырашым гэтую праблему. Удзел у руху WorldSkills дапамагае атрымаць у будучыні высакакласных спецыялістаў. Прысутныя ў гэтай зале сваімі справамі даказалі, што менавіта яны лепшыя з лепшых. Сваімі перамогамі вы ўмацоўваеце як уласны аўтарытэт, так і прэстыж выбранай прафесіі, установы адукацыі, горада, раёна, вобласці. Вы ўмееце і любіце працаваць, а значыць, будзеце развівацца далей, удасканальваць майстэрства. Шчыра жадаю, каб выбраная прафесія стала для вас сапраўдным прызваннем, каб кожны ў жыцці знайшоў сваё месца, запатрабаванае ў грамадстве.

Пераможцы і прызёры адзін за адным падымаліся на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі. Акрамя дыпломаў, маладыя людзі атрымалі ў падарунак ад вобласці салідныя грашовыя сертыфікаты. У адрас канкурсантаў прагучала шмат добрых слоў і віншаванняў.


— Я ў прафесіі прайшоў шлях ад слесара да генеральнага дырэктара буйнога прадпрыемства, — расказаў старшыня Віцебскага абласнога саюза наймальнікаў член аргкамітэта абласнога этапу конкурсу WorldSkills Belarus Уладзімір Туравінаў. — Вы ўпэўнена зрабілі першы крок у кар’еры, даказалі сваё майстэрства, але галоўныя вашы перамогі яшчэ наперадзе. Не спыняйцеся на дасягнутым і памятайце: каб стаць паспяховым генеральным дырэктарам, трэба пачынаць добрым слесарам.

Неўзабаве каманда Віцебшчыны прыме ўдзел у заключным этапе WorldSkills Belarus—2018. На свяце адбылася прэзентацыя формы, распрацаванай і пашытай у Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы спецыяльна для фіналістаў конкурсу прафесійнага майстэрства. Творчымі дэбютамі і прэм’ерамі разам са знаёмымі і любімымі нумарамі парадавала феерычная канцэртная праграма, падрыхтаваная лепшымі самадзейнымі артыстамі ўстаноў адукацыі Паўночнага рэгіёна.

— За дасягненнямі нашых навучэнцаў — бяссонныя ночы, уменне сабрацца і расставіць прыярытэты, прэзентаваць сябе. Гэта праверка на трываласць і ўзровень прафесійнага развіцця для ўсёй каманды ўстановы адукацыі, — падкрэсліла першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч. — У фінал WorldSkills Belarus—2018 па 29 кампетэнцыях прайшлі 44 прадстаўнікі вобласці. Лічба ў нумералогіі азначае каласальную працаздольнасць, арганізатарскія, кіраўніцкія таленты і велізарную ўдачу. Я жадаю ўсім нам перамогі. Таму што калі сапраўды верыш у тое, што робіш, ты можаш змяніць да лепшага не толькі сябе, але і ўвесь свет.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*