Знаёмцеся: лідары новага пакалення

Самых ініцыятыўных, смелых і крэатыўных кіраўнікоў пярвічак грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “БРПА” вызначылі на Віцебшчыне. 

У абласным конкурсе “Лідар — новае пакаленне”, які з’яўляецца абласным этапам Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2018”, прынялі ўдзел прадстаўнікі больш за 150 устаноў адукацыі.

Лепшыя з лепшых па выніках раённых, гарадскіх і занальных этапаў — 10 актывістаў маладзёжнага руху разам са сваімі камандамі — сустрэліся ў фінале. Арганізатарамі творчага спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, абласны камітэт БРСМ і абласны савет БРПА.

— У нашай краіне развіццю маладзёжнага і дзіцячага грамадскага руху ўдзяляецца велізарная ўвага, — адзначыла лідар абласной піянерскай арганізацыі Ірына Яленская. — Ва ўмовах рэчаіснасці для эфектыўнага выканання канкрэтных грамадска-палітычных, сацыяльна значных дзяржаўных праектаў асабліва важным становіцца цеснае су-працоўніцтва і ўзаемадзеянне такіх буйных аб’яднанняў, як БРПА і БРСМ. Адпаведна выключную ролю ў справе выхавання актыўнай грамадзянскай пазіцыі і самарэалізацыі ўсіх членаў абедзвюх арганізацый набывае ўмацаванне пераемнасці пакаленняў: “акцябронак — піянер — саюзная моладзь”.

Конкурсная праграма ўключала самапрэзентацыю “Я — валанцёр!”, інтэрактыўную гульню “Дэбаты” і творчую абарону праекта “Погляд у будучыню”. Выкарыстоўваючы розныя формы і жанры, удзельнікі цікава і займальна расказвалі пра сябе, дэманстравалі свае таленты і дасягненні, абменьваліся вопытам. Завяршыў творчы турнір конкурс “Лідар-сюрпрыз”, падчас якога на сцэне дуэтам выступалі лідар-навучэнец і лідар-дарослы.

— Мне ўдвая прыемна знаходзіцца сёння ў Віцебску — у першую чаргу таму, што канкурсанты паказалі моцную падрыхтоўку, каманды ва ўсіх намінацыях выглядалі вельмі годна. Мы пабачылі шмат яркіх прыкладаў перадавога вопыту дзейнасці пярвічных арганізацый і цікавых, нестандартных форм яго прэзентацыі, — расказаў старшыня журы загадчык сектара валанцёрскай дзейнасці аддзела па рабоце з моладдзю Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Уладзіслаў Маёраў. — Безумоўна, радасна было завітаць у сярэднюю школу № 12, дзе я не так даўно працаваў, а менавіта яна прымае конкурс. Асабіста мяне па-добраму ўразілі выступленні палачаніна Івана Камарова, вучня сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай, і вучаніцы сярэдняй школы № 12 Віцебска Настассі Архіпоўскай — вытрыманы ўсе крытэрыі палажэння, часавы рэгламент, дэталёва прадуманы змест, выдатны творчы складнік. Зрэшты, усе навучэнцы, хто прайшоў на абласны конкурс, выступілі цудоўна. Было відавочна, што яны насамрэч лідары ў сваіх установах адукацыі, раёнах, вобласці — і гэта здорава.

Перамогу ў конкурсе заваявала абаяльная і артыстычная Дар’я Пятрова з гімназіі № 3 імя А.Пушкіна Віцебска. На 2-м месцы Іван Камароў, на 3-м — Настасся Архіпоўская. Тройка лідараў у маі прадставіць Паўночны рэгіён у фінале рэспубліканскага конкурсу ў Мінску.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*