“Жывыя” кнігі

Школьная бібліятэка — гэта адно з самых актыўных звёнаў установы адукацыі. У апошнія гады шмат гавораць і пішуць пра тое, якой павінна быць сучасная школьная бібліятэка. Бо зрабіць уражанне на сучаснага чытача і прывабіць карыстальнікаў бібліятэкі яркай падзеяй — задача не з лёгкіх. Трэба ўмець паказаць нестандартны змест і форму, новыя спосабы камунікацыі, унесці аўру навізны і працаваць у апераджальным рэжыме. І школьныя бібліятэкары актыўна рэагуюць на ўсе змены, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі і бібліятэчнай справе, асэнсавана пераўтвараючы сваю дзейнасць.

Мэтай адукацыі ў сучаснай школе з’яўляецца развіццё асобы, гатовай да самаадукацыі і самаразвіцця. Ключавымі з’яўляюцца тыя кампетэнцыі, якія забяспечваюць развіццёвае навучанне дзіцяці, і цэнтральнае месца ў пераліку ключавых кампетэнтнасцей займае чытацкая кампетэнтнасць. Праблема фарміравання чытацкай кампетэнцыі сёння стаіць вельмі востра, вельмі важна вярнуць дзяцей да кнігі як да першакрыніцы ведаў. Для гэтага неабходна прадумаць сістэму работы па далучэнні дзяцей да чытання.

Асаблівую ролю тут можа адыграць выкарыстанне сучасных інтэрактыўных інфармацыйных тэхналогій у рабоце з дзіцячым чытачом. Работа па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у бібліятэчнае асяроддзе няпростая, але гэта неабходна, калі мы хочам, каб нашы чытачы па-новаму ўбачылі бібліятэку, кнігу і чытанне.

У Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі вядзецца мэтанакіраваная работа з бібліятэкарамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па павышэнні іх прафесійнай кампетэнтнасці, каб яны змаглі павесці сваіх чытачоў на новы ўзровень інфармацыйнай культуры.

З гэтай мэтай былі праведзены вэб-квесты, семінары-практыкумы і вучэбныя курсы па стварэнні буктрэйлераў, электронных кніг, інтэрактыўных практыкаванняў, па выкарыстанні дапоўненай рэальнасці ў бібліятэчнай дзейнасці.

У 2018 годзе ў інстытуце быў дадзены старт праекту “Малая радзіма — вялікая любоў”, прымеркаваны да Года малой радзімы. Мэтай праекта стала папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны Віцебшчыны, садзейнічанне актывізацыі выкарыстання бібліятэчнымі работнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сучасных інтэрактыўных тэхналогій для павышэння цікавасці да кнігі і чытання, фарміраванне і ўдасканаленне інфармацыйнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў адукацыйнай прасторы.

Першым этапам у гэтым праекце было правядзенне акцыі па стварэнні міні-кніг (фармат А6) “Малая радзіма — вялікая любоў”. У ёй прынялі ўдзел школьныя бібліятэкары і метадысты ўсіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Удзельнікі акцыі стварылі міні-кнігі аб вядомых людзях (“Знакамітыя землякі” (Чашніцкі раён), “Літаратурная Ушаччына”, “Драматург Аляксей Дудараў — наш зямляк” (Дубровенскі раён), “Віцебшчына літаратурная” (Першамайскі раён Віцебска); аб гісторыі і сучаснасці свайго раёна (“З мінулага — у будучыню” (Чыгуначны раён Віцебска), “Расонскі раён: гісторыя, падзеі, факты”, “Полаччына: гісторыя і сучаснасць”, “Наваполацк — культурная сталіца Беларусі”); аб непаўторнай прыгажосці родных мясцін (“Глыбоцкі край — мая радзіма”, “Гарадоччына — прыветны край”, “Чароўны край — Пастаўшчына”, “Залатое кальцо” Віцебскага раёна) і інш.

Дадатковая інфармацыя ў міні-кнігах размешчана з дапамогай QR-кодаў, што дазволіла перадаць у невялікім фармаце вялікую любоў да малой радзімы. З дапамогай сканера QR-кодаў можна паглядзець фільм ці пачытаць твор, падрабязна азнаёміцца з біяграфіяй вядомых людзей або даведацца пра гісторыю стварэння помніка і г.д.

Гэтая выстава была прадстаўлена на рэспубліканскім семінары-фестывалі “Сучасная школьная бібліятэка як цэнтр асобаснага развіцця навучэнцаў”, на абласной педагагічнай канферэнцыі “Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагога — ключавы фактар удасканалення адукацыйнай сістэмы Віцебскай вобласці” і на абласной (з міжнародным удзелам) навукова-практычнай канферэнцыі “Жанчыны ў гісторыі роднага краю: жыццё і дзейнасць”, дзе выклікала жывую цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемстваў і прайшла з вялікім поспехам.

Наступным этапам праекта было стварэнне буктрэйлераў па кнігах беларускіх аўтараў, якія былі прадстаўлены на выставе “жывых” кніг “Глядзіце, што чытаць!” з выкарыстаннем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.

Дапоўненая рэальнасць — сучасны спосаб рэкламы кнігі і чытання, умацавання сувязей бібліятэкі з чытацкай аўдыторыяй, спосаб атрымання інфармацыі аб навакольным свеце тут і цяпер.

Асноўнай мэтай, якую мы імкнуліся дасягнуць, з’яўлялася прадастаўленне дадатковай цікавай і карыснай інфармацыі, якая пашырае экспазіцыю бібліятэкі, дапаўняе яе фонды, спрыяе абуджэнню цікавасці да беларускай кнігі, гісторыі роднага краю.

Майстар-клас па выкарыстанні тэхналогіі дапоўненай рэальнасці ў дзейнасці школьнага бібліятэкара правяла Ірына Анатольеўна Тараканава, загадчык бібліятэкі гімназіі № 2 Оршы, кіраўнік метадычнага аб’яднання школьных бібліятэкараў Аршанскага раёна, у рамках Рэспубліканскага семінара-фестывалю “Сучасная школьная бібліятэка як цэнтр асобаснага развіцця навучэнцаў”, а таксама на тэматычным семінары “Школьны бібліятэкар у свеце новых тэхналогій”.

Заключным этапам праекта “Малая радзіма — вялікая любоў” з’яўляецца стварэнне электроннай кнігі “Багачка” (з дапамогай MBook Editor, рэдактара выдавецкай сеткі “Аўтограф”) нашай калегі Кацярыны Юльянаўны Сідаровіч, бібліятэкара базавай школы № 9 імя А.С.Пушкіна Полацка, пераможцы II Міжнароднага літаратурнага фестывалю “Цэнтр Еўропы — 2018” у намінацыі “Паэзія” (2-е месца) (спасылка на кнігу https://www.i-autograph.com/book/i12a56u3-646621b54c-1de3f8e157 ) .

Мультымедыйная кніга — гэта ўнікальны фармат, які сумяшчае ў сабе эстэтыку традыцыйнай папяровай кнігі з магчымасцямі сучаснай “лічбавай” эпохі.

Чаму электронныя кнігі важныя для школьнай бібліятэкі? Таму што яны істотна пашыраюць магчымасці бібліятэчнай работы: напрыклад, дазваляюць ствараць тэматычныя зборнікі і альбомы дзіцячай творчасці, дапамагаюць папулярызаваць творы мясцовых празаікаў і паэтаў, што вельмі актуальна ў Год малой радзімы. На жаль, выданне ўласнай кнігі — справа выдатковая для яе аўтара, а каб распаўсюдзіць яго творы, бібліятэка можа стварыць мультымедыйную кнігу, размясціць яе ў сетцы інтэрнэт, такім чынам зрабіўшы даступнай для неабмежаванай колькасці карыстальнікаў.

Вопытам работы ў рэдактары MBook Editor падзялілася Ірына Генрыхаўна Мялешка, бібліятэкар, настаўніца рускай мовы Фарынаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Полацкага раёна, на Рэспубліканскім семінары-фестывалі “Сучасная школьная бібліятэка як цэнтр асобаснага развіцця навучэнцаў” і на тэматычным семінары “Школьны бібліятэкар у свеце новых тэхналогій”.

Укараняючы ў практыку работы інтэрактыўныя формы, выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, школьныя бібліятэкі нашай вобласці становяцца больш прывабнымі для так званага “лічбавага” пакалення, дазваляюць вывесці інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне ў школьной бібліятэцы на якасна новы прадукцыйны ўзровень, здзіўляць і прывабліваць сваіх карыстальнікаў.

Алена БАБІЧ,
метадыст аддзела інфармацыйнага забеспячэння Віцебскага абласнога ІРА.