З любоўю да жыцця

Педагог з 46-гадовым стажам, неабыякавы чалавек, які сваімі рукамі стварае рай вакол шматкватэрнага дома, цудоўная гаспадыня, пірагі якой ведаюць ва ўсіх установах адукацыі, дзе ёй даводзілася працаваць, — гэта ўсё яна, Галіна Мацвееўна Дзямешчанка з Віцебска.

Анёлак для выхавальніка

Калісьці даўно яшчэ ў Сібіры, дзе нарадзілася і жыла Галіна Дзямешчанка, яна напісала аўтабіяграфію ў вершах. У іх быў такі радок: “Чуть-чуть поэт, чуть-чуть писатель, а в основном я воспитатель”. І гэта сапраўды так.

Настаўнікаў у іх родзе не было. Але Галя з дзяцінства марыла быць падобнай на свайго класнага кіраўніка, якога ўсе лічылі педагогам ад Бога, таму без ваганняў выбрала прафесію настаўніка, а дакладней настаўніка малодшых класаў. Праўда, як жартуе, “кар’еру прамяняла на пагоны” (муж быў ваенным), таму найбольш працавала з групамі прадоўжанага дня. “Гэта маё!” — кажа ўпэўнена. Хочацца прывесці ўсяго адзін факт як сведчанне яе актыўнай грамадзянскай пазіцыі. 90-я гады, Омская вобласць. Галіна Мацвееўна — класны кіраўнік у 5 класе. На той момант дзяцей ужо чатыры гады не прымалі ў піянеры, але яна, перакананая, што прырода не церпіць пустэчы, заявіла: “А я буду прымаць!” Жанчыну падтрымалі мясцовыя камуністы, і ўрачыстая падзея адбылася на цэнтральнай плошчы горада Тара. Праз некаторы час фотаздымак з мерапрыемства і тэкст за подпісам Галіны Дзямешчанка “Павіншуйце: мы — піянеры!” былі апублікаваны ў газеце “Савецкая Расія”. Настаўніца стала героем года — пісьмы атрымлівала з усёй Расіі. Услед за тарскімі навучэнцамі піянерамі сталі школьнікі з Арла і многіх іншых рэгіёнаў краіны.

Пасля пераезду ў Віцебск Галіна Мацвееўна таксама працавала ў школе. Нават калі вырашыла скарыстацца магчымасцю і адпачыць на пенсіі, вытрымала ўсяго год. Затым пайшла ў аддзел адукацыі і зноў папрасілася на працу. Зараз Галіна Мацвееўна — выхавальнік групы прадоўжанага дня ў віцебскай сярэдняй школе № 3. Дырэктар установы Міхаіл Яскін не хавае задавальнення:

— Вельмі прыемна і лёгка працаваць з прафесіяналам. Нягледзячы на ўзрост, Галіна Мацвееўна захавала юнацкі запал. Нячаста сустрэнеш, каб дзеці ў прадоўжанцы спявалі песні або вучылі байкі. А ў яе гэта штодзённасць.

Песня — першае, што я пачула, падышоўшы да кабінета, дзе Галіна Мацвееўна займалася са сваімі другакласнікамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі спяваюць аб усім — пра бібліятэку і лічбы, але гімн групы — пра дабрыню. “Толькі трэба добрым быць і ў бядзе іншага не забыць”. Вернасць гэтаму прынцыпу Галіна Дзямешчанка таксама дэманструе. Бывае, некаторыя маці працуюць дапазна і не могуць забраць дзяцей у 18 гадзін, калі ў школе заканчваецца рабочы дзень. Галіне Мацвееўне неаднойчы гаварылі, каб пакідала тых, хто застаўся, з вахцёрам. Яна на ўсе прапановы адказвае: “Я сваіх дзяцей не кідаю”, — і чакае прыходу бацькоў. Галіна Мацвееўна не проста робіць з выхаванцамі ўрокі і арганізоўвае адпачынак, яна іх выхоўвае. Але прызнаецца, што найперш у гэтым вельмі дапамагаюць настаўнікі, з якімі разам працуе, — Наталля Уладзіміраўна Палячэнкава і Таццяна Віктараўна Яско. У групе прадоўжанага дня знаходзяцца вучні з двух класаў — матэматычнага і звычайнага. Напачатку больш моцныя выхваляліся, і Г.Дзямешчанка шмат зрабіла, каб слабейшыя падцягнуліся. Цяпер табліцу множання ўсе ведаюць аднолькава добра.


У Галіны Мацвееўны некалькі настольных кніжак, але найбольш яна любіць “Філасофію для дзяцей у казках і расказах” і “Пачаткі мудрасці”. Праз іх, як прызнаецца, дастукваецца ў маленькія душы. Яна ўвогуле стараецца пераключаць групу з адной працы на другую, каб дзеці не стамляліся і ім не надакучвала. Таксама імкнецца развіваць дзіцячую памяць пры дапамозе свайго любімага І.Крылова — вывучаныя байкі чытаюць хорам, дружна і з інтанацыяй. Сапраўдныя артысты! Нездарма Галіна Мацвееўна жартуе, што рэпертуар набраны. Што цікава: голас у педагога слабы, 23 дзіцяці не перакрычаць, таму муж зрабіў для яе званочак з гільзы. Галіна Мацвееўна глядзіць на парушальніка і звоніць — гарэза адразу змаўкае…

Вароты ў рай

На доме, дзе жыве сям’я Дзямешчанка, вісіць шыльда “Лепшы шматкватэрны жылы дом”. І двор тут, мабыць, лепшы ў горадзе, што адразу разумееш, як толькі паварочваеш з цэнтральнай дарогі. Вялізныя камяні, якія з вясны да восені патанаюць у зеляніне і кветках, разнастайныя дрэвы і мноства клумбаў ля кожнага пад’езда — гэта і ёсць “Вароты ў рай”, як назвала сваю “вотчыну” Галіна Мацвееўна. Неяк восенню тут я і сустрэла жанчыну — у рабочым адзенні, гумавых пальчатках і з садовымі нажніцамі. Ганна Дзямешчанка наводзіла парадак. Апярэджваючы пытанні, адразу сказала:

— Мы пераехалі ў гэты дом дваццаць гадоў назад. Як сібірачка, я выконваю наказ землякоў, якія гаварылі, што беларуская зямля святая, яна паліта крывёй усіх нацый — яе трэба берагчы і ўпрыгожваць. Вось мы і ствараем рай на зямлі пры дапамозе суседзяў і работнікаў жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка. Пачыналі некалі са скверыка паміж дамамі, які назвалі ў гонар унучачкі — Кацюшкіным. Садзіў дрэвы муж, Генадзь Віктаравіч, а ўся сям’я яму дапамагала. Зараз гэта ўжо сапраўдны парк у мініяцюры. Потым заняліся ўладкаваннем рабатак (былі такія кантэйнерныя клумбы). Разбілі кветнікі ля пад’ездаў, а цяпер яны перакінуліся на тэрыторыю праз дарогу.

Галіна Мацвееўна жартуе, што са свайго акна на шостым паверсе кветкі ля пад’езда не бачыць, а вось прыгажосць насупраць дома відаць добра. Цэлае лета яна ходзіць з лейкай, палівае кветкі і нават дрэвы. І суседзі не проста прывыклі да прыгажосці, але і стараюцца дапамагаць энтузіястцы, па яе жартаўлівых словах, уносяць пасільны ўклад у “біялагічную разнастайнасць” у двары. Часам у яе са здзіўленнем пытаюцца, як спраўляецца з вялікай зялёнай гаспадаркай. Адказвае адразу ж:

— Усе думаюць, што гэта вельмі цяжкая праца. Не, кажу вам! Працуючы на зямлі, я адчуваю вялізнае задавальненне, бо ствараю ўласны рукатворны рай.

Пірагі ад Мацвееўны

Нарадзілася Галіна Мацвееўна ў Заходняй Сібіры, у казацкім гняздзе, як кажа сама (іх звалі чалдонамі — чалавек з Дона). Стыхіяй жанчын былі гатаванне і спевы, і маленькая Галя пільна ўглядалася, як чаруюць на кухні мама і бабуля. Бабуліны ўрокі да гэтага часу ў памяці. Яна казала, што дзве рукі чалавеку дадзены, каб браць і даваць, але рука, якая дае, павінна быць удвая даўжэйшай. Гэтым правілам Галіна Дзямешчанка кіруецца ўсё сваё жыццё, і кожнае гатаванне — гэта абавязкова два дадатковыя пірагі. Для суседзяў і кагосьці яшчэ, бо ў яе, як і ў бабулі, такая слабіна — частаваць. Кажуць, самая смачная — тая страва, што зроблена з любоўю. Вось у чым сакрэт непераўзыдзенага гатавання Галіны Дзямешчанка. І не толькі яго — усё па жыцці яна робіць са шчырай любоўю.

Ніна ПІСАРЭНКА.