Выхоўваць патрыётаў, вучыць перамагаць

Пятра Пятровіча Міронава многія педагогі ведаюць як настойлівага, патрабавальнага чалавека, прафесіянала высокага класа. Ён — трэнер вышэйшай катэгорыі па спартыўным арыентаванні, член прэзідыума Беларускай Федэрацыі арыентавання, галоўны трэнер зборных каманд Рэспублікі Беларусь, суддзя нацыянальнай катэгорыі, аўтар метадычных дапаможнікаў, адзін з распрацоўшчыкаў правіл спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні. У сваёй рабоце педагог выкарыстоўвае адукацыйную аўтарскую праграму, дзе прадугледжваецца стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі спартсменаў высокай кваліфікацыі.

Дзяцінства Пятра Міронава праходзіла ў прыгожым кутку Аршанскага раёна Віцебскай вобласці — горадзе Барань. На ўроках у сярэдняй школе № 15 Оршы хлопцу найбольш падабаліся геаграфія, астраномія і гісторыя. У школьныя гады ён актыўна займаўся лыжным спортам, зімой 1969 года на чэмпіянаце вобласці па лыжах сярод юнакоў заняў 1-е месца, выканаў нарматыў на першы спартыўны разрад. Падчас службы ў паветрана-дэсантных войсках быў накіраваны ў спартыўную роту, што размяшчалася ў той час у г.п.Баравуха-1 Полацкага раёна. Пасля дэмабілізацыі вырашыў застацца жыць у Наваполацку: працаваў на нафтаперапрацоўчым заводзе і працягваў актыўна займацца лыжным спортам, лёгкай атлетыкай, турызмам. У 1975 годзе скончыў з чырвоным дыпломам Наваполацкі нафтавы тэхнікум, а ў 1989 годзе без адрыву ад вытворчасці — Маскоўскі інстытут радыёэлектронікі і аўтаматыкі. У тыя гады ў Наваполацку, як і ва ўсёй краіне, бурна развіваўся турызм, асабліва спартыўнае арыентаванне. Упершыню Пётр пазнаёміўся з ім на чэмпіянаце горада, куды яго запрасілі паспрабаваць свае сілы ў складзе завадской каманды. Пераадолеў дыстанцыю, але не ўклаўся ў кантрольны час… і адчуў немалую цікавасць да спартыўнага арыентавання, якая з часам толькі мацнела i захапiла на ўсё жыццё.

Тады адной з найлепшых у горадзе была каманда Наваполацкага політэхнічнага інстытута. У яе ўваходзілі вопытныя спартсмены, асабліва сярод іх вылучаўся Віктар Стукан, з якім Пётр Міронаў хутка пасябраваў. І сёння ён лічыць Віктара сваім першым трэнерам па спартыўным арыентаванні і вельмі важным чалавекам у жыцці. З В.Стуканам яны бралі ў­дзел у многіх спаборніцтвах, якія прахо­дзілі па ўсім Савецкім Саюзе. Усё гэта спрыяла росту майстэрства, з’явіліся і першыя дасягненні. У 1977 годзе Пётр Пятровіч выканаў першы спартыўны разрад па арыентаванні. У наступным годзе ў складзе эстафетнай каманды Віцебскай вобласці ўвайшоў у пераможцы чэмпіянату рэспублікі і выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Далей працягваў зацята трэніравацца. Планы трэніровак рыхтаваў для яго Віктар Казенін, якому наш герой вельмі ўдзячны, бо і цяпер карыстаецца яго методыкамі функцыянальнай падрыхтоўкі ў сваёй трэнерскай рабоце. Найлепшы вынік у лёгкай атлетыцы, які П.Міронаў паказаў у тыя гады, — бег на 3000 м па стадыёне за 8 хвілін 42 секунды. З цяперашніх арыенціроўшчыкаў падобны вынік могуць паказаць толькі майст­ры спорту Андрэй Салін і Юрый Тамбасаў.

Неўзабаве спартыўнае арыентаванне было вылучана ў самастойны від спорту. У 1980 годзе Пётр Міронаў атрымаў прапанову пайсці працаваць кіраўніком гуртка ў Наваполацкі дом піянераў. І пагадзіўся. Ужо ў першыя гады трэнерскай работы яго выхаванцы дасягнулі значных поспехаў на спаборніцтвах розных узроўняў. Многія з іх сталі вядомымі арыенціроўшчыкамі і спартсменамі ў іншых відах спорту: Аляксей Алексяёнак, Алег Сочнеў — неаднаразовыя чэмпіёны Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў; Аляксей Алексяёнак, Валянціна Пахілка (Алексяёнак) — чэмпіёны БССР сярод дарослых, члены зборнай рэспублікі, выканалі нарматывы майстроў спорту СССР; Святлана Бутыліцына (Кіракова) — шматразовая чэмпіёнка БССР; Святлана Парамыгіна — чэмпіёнка БССР сярод студэнтаў, пераможца чэмпіянату БССР. Пётр Міронаў выхаваў не адно пакаленне майстроў. За 38 гадоў працы ў якасці трэнера па спартыўным арыентаванні ён падрыхтаваў 2 майстроў спорту СССР; 13 майстроў спорту рэспублікі і 72 кандыдаты ў майстры спорту, больш за 200 уладальнікаў масавых разрадаў, некалькі пакаленняў чэмпіёнаў і прызёраў нацыянальных і міжнародных чэмпіянатаў і першынстваў як сярод школьнікаў і юніёраў, так і сярод дарослых. У 1997 го­дзе Наваполацкае аб’яднанне пазашкольнай работы прапанавала Пятру Пятровічу стаўку метадыста і 0,5 стаўкі кіраўніка гурт­ка, дзе ён і працаваў да 1999 года. Неўзабаве Пётр Міронаў атрымлівае запрашэнне на работу ў Цэнтр турызму і краязнаўства аб’яднання пазашкольнай работы Полацка. У 2015 годзе на пасяджэнні Савета федэрацыі па спартыўным арыентаванні было прынята рашэнне аб прысваенні П.П.Міронаву звання заслужанага ветэрана беларускага арыентавання. У 1995 годзе Пётр Міронаў стварыў клуб “Маяк” у Наваполацку. У сувязі з пераходам на работу ў Полацк у 2001 го­дзе стварыў клуб “Арго”. У 2008 годзе адбылося аб’яднанне гэтых клубаў — так узнік “Эрыдан”, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Пётр Пятровіч. На сённяшні дзень гэта адзін з вядучых клубаў у краіне. Беларуская федэрацыя арыентавання давярае “Эрыдану” правядзенне самых важных і адказных спаборніцтваў. Педагог-энтузіяст адзначыўся не толькі ў спартыўным арыентаванні. Ён ініцыя­тар правя­дзення ў Полацку лёгкаатлетычнага прабегу для насельніцтва “Даеш спорт у масы”. У 2008 годзе на пасадзе загадчыка цэнтра турызму і краязнаўства Пётр Міронаў арганізаваў пракат лыж для насельніцтва горада, які працуе да гэтага часу. Сёння Пётр Пятровіч знаходзіцца ў гушчы падзей спартыўнага жыцця, працягвае трэнерскую работу. Ёсць усе падставы меркаваць: новыя перамогі яго выхаванцаў не за гарамі.

Наталля СЛЯПЦОВА,
кіраўнік студыі журналістыкі “Медыя-Мікс”
Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.