Выхаваўчая роля спадчыны

Як толькі ў школах заканчваюцца ўрокі, ва Ушацкім цэнтры дзяцей і моладзі адразу ж закіпае жыццё: сюды чарадой цягнуцца юныя ўшачане, якія жадаюць не толькі цікава, але і з карысцю праводзіць свой вольны час. Ва Ушацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі работа кіпіць.

Нашы педагогі заўважылі, што апошнім часам узрасла цікавасць да народнай творчасці, да спрадвечна беларускай культуры і традыцый. І мы, вядома, толькі вітаем, што моладзь прыходзіць у мастацкую самадзейнасць. У гэтым, несумненна, заслуга ўсіх педагогаў дадатковай адукацыі, якія займаюцца з выхаванцамі цэнтра.

За свой прафесійны шлях педагогу дадатковай адукацыі Таццяне Віктараўне Лапёнак давялося самой сыграць шмат беларускіх персанажаў на разнастайных святах і мерапрыемствах. Так, яна была нязменнай Купалінкай у раённым Доме культуры, дзе працавала першыя 10 гадоў пасля заканчэння Віцебскага вучылішча мастацтваў. Ёй удалося захаваць пераемнасць традыцый. Зараз святы, абрады і песні ажываюць на занятках ансамбля народнай песні “Танок”, што створаны пры Ушацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі.

Нядаўна выхаванцы Таццяны Віктараўны, вучні 8—9 класаў, сталі завадатарамі абрадавай гульні “Жаніцьба Цярэшкі”. Папярэднічаў гульні прыход калядоўшчыкаў, якія паклікалі сваіх аднакласнікаў на вечарыну, дзе выканалі 5 народных танцаў. Усе прысутныя кінуліся ў танцы. Святочны абрад адбыўся на сцэне актавай залы цэнтра, якая на некаторы час ператварылася ў сялянскую хату. Кожны малады хлопец станавіўся Цярэшкам і выбіраў сабе дзяўчыну, якая спадабалася. Усе пары гулялі жартоўнае вяселле з песнямі, танцамі. Старажытная гульня скончылася танцам-карагодам “Лявоніха”.

—  Я стараюся зрабіць так, — кажа Таццяна Ла­пёнак, — каб наша гульня дапамагла дзецям акунуцца ў тыя часы, імкнуся максімальна наблізіць сітуацыі і інтэр’ер да прататыпа тых часоў. Акрамя падрабязных экскурсій — а арганізоўваю я іх у сялянскія хаты знаёмых мне бабуль — расказваю пра лёс жыхароў тых часоў. Калі выступаем са сцэны, я даю парады дзецям уяўляць сябе старэнькімі бабулькамі. І дзяўчаты ўжываюцца ў вобраз.

Адметна тое, што і раней, і зараз вучні разам з педагогам не абмяжоўваюцца толькі развучваннем песень і танцаў, а паралельна з гэтым вывучаюць гісторыю роднага краю. Паглыбляючыся ў сэнс такіх народных песень, як “Каля майго церама”, “З-пад белага камушка”,  “Вяночак, паночак”, “Ой, каліна, ой, маліна”, “А ў лесе грыбы зара­дзілі”, яны даведваюцца пра мясцовыя сямейныя традыцыі, гісторыю свайго краю.

Беларускімі народнымі ці побытавымі танцамі навучэнцы дэманструюць свае навыкі перад бацькамі і іншымі вучнямі падчас правядзення такіх мерапрыемстваў, як конкурсна-гульнявыя праграмы “Запрашаем на вячоркі”, “Наш радавод”, забаўляльная праграма “Вясёлая сямейка”, каляндарна-абрадавае свята “Гуканне вясны”, “Свята Вялічка з красным яечкам”, пасяджэнне сямейнага клуба “Ачаг”. Заняткі і святы Т.В.Лапёнак праводзіць з запрашэннем мясцовых жыхароў-умельцаў, практыкуе  выязныя выступленні (сацыяльная палата бальніцы сястрынскага догляду аграгарадка Вялікія Дольцы, аддзя­ленне кругласутачнага знаходжання для адзі­нокіх пажылых людзей і інвалідаў аграгарадка Вяркуды).

Гэты кірунак работы прывёў Таццяну Віктараўну да значнага поспеху, а ансамбль “Танок”  з’яўляецца нязменным удзельнікам канцэртных праграм шматлікіх раённых мерапрыемстваў, якія ладзяцца ва Ушацкім цэнтры культуры і народнай творчасці.

Ганна Аляксандраўна Бабянок — майстрыха хоць і маладая, але вельмі таленавітая, лаўрэат шматлікіх конкурсаў і выстаў як у раёне, так у вобласці і краіне. Навучэнцы ходзяць за ёй чародамі — з такім педагогам не засумуеш! Пад яе кіраўніцтвам у творчай студыі “Залатая саломка” над праектам “Стары горад і яго насельнікі” дзеці знаёмяцца з рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, асвойваюць старадаўнія віды ручной творчасці, у прыватнасці саломапляценне. Педагог падтрымлівае і прымнажае культурныя традыцыі сваіх продкаў і тым самым фарміруе каштоўнасныя арыенціры ў маладога пакалення, спасцігаючы сакрэты саломапляцення.

Работу па фарміраванні каштоўнасных арыенціраў дзяцей  і падлеткаў на аснове адраджэння такога віду мастацтва, як саломапляценне, Ганна Бабянок пачала са стварэння інтэр’ера кабінета-музея, які фарміруе ні з чым не параўнальнае прадметна-развіццёвае асяроддзе. Тут і саламяная штора, і падвесныя саламяныя канструкцыі “павукі”, “бусел”, абярэг “падкова”, падвескі-калыскі, і саламяныя лялькі і конь, і беларускае адзенне, і макрамэ з ільну і фіранкі, і ва­дзянік з саломы, і сноп “дзед”, і чырвоны кут з іконамі, якія аплецены саломай (“акладам”) і г.д.

У залежнасці ад узросту і года навучання ў гуртках дзеці самі спрабуюць рабіць усё — ад простых зорачак і званочкаў да лялек і буслоў, а яшчэ праз такія заняткі вучацца любіць сваю малую радзіму, шанаваць абрады і традыцыі. У іх выхоўваецца працаві­тасць, самастойнасць, фарміруюцца традыцыйныя каштоўнасці беларусаў, такія як любоў і міласэрнасць, дабрыня і годнасць, патрыятызм і талерантнасць, працавітасць, прыгажосць, любоў да маці, да Радзімы.

Са сваіх навучэнцаў Ганна Аляксандраўна стварыла групу экскурсаводаў, якія самастойна змогуць правесці экскурсію ў кабінеце-музеі.

Ганна Бабянок шчодра дзеліцца сакрэтамі сваёй працы на майстар-класах. Яе вопыт прадстаўлены ў кнізе “ЗАБАВА: народная цацка і лялька Віцебшчыны”, якая ўбачыла свет у 2018 годзе. Напрамкі дзейнасці майстрыхі даволі шырокія. Аднак асноўная яе мэта — сфарміраваць адпаведныя адносіны да культурнай і прыроднай спадчыны, без чаго нельга выхаваць любоў да Радзімы.

Ганна Аляксандраўна на прыкладзе вырабаў з саломы расказвае дзяцям, што персанажы дзеляцца на добрых і злых. Сярод саламяных істот педагог вылучае жывёл (конь, пеўнік), чароўных герояў (ва­дзянік), бытавых персанажаў (дзед, баба). Яна вучыць не баяцца работы, дапамагаць таварышам ствараць найбольш цяжкія дэталі. У малодшых школьнікаў атрымліваюцца простыя вырабы (каласкі, павучкі, скарбонкі). Саламяныя вырабы Ганны Бабянок і яе выхаванцаў — народныя, фальклорныя, таксама гэта аўтарскія героі, бытавыя прадметы і многае іншае.

Педагогі цэнтра і іх навучэнцы зберагаюць культурна-гістарычную спадчыну роднага краю, бо яе выхаваўчая роля важнейшая за ролю атрыбутаў сучаснасці. Дзеці і моладзь, якія праходзяць навучанне па пра­грамах аб’яднанняў па інтарэсах дадзенага кірунку, хутчэй за ўсё будуць ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай, будуць імкнуцца прымнажаць яе здабыткі, а ў жыцці абавязкова выкары­стаюць багаты вопыт сваіх землякоў.

Алеся ФУТАРМАН,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.