Волатаўская вытрымка і імкненне да перамогі

Першыя адкрытыя спаборніцтвы па пажарным кросфіце “Волат” прайшлі ў Віцебску ў рамках акцыі МНС “Бяспека ў кожны дом!”.

Кросфіт… Малады від спорту з кожным днём набірае ўсё большую папулярнасць у нашай краіне. Стаўку на зацікаўленасць сучаснай моладзі элементамі цяжкай і лёгкай атлетыкі, гімнастыкі, паўэрліфтынга, гіравога спорту, якія спалучаюцца ў кросфіце, зрабілі і работнікі МНС. І не прагадалі. Першыя адкрытыя спаборніцтвы сярод навучэнцаў устаноў ССА ў Віцебску прайшлі на адным дыханні. Хлопцы і дзяўчаты захоплена пераадольвалі этапы сілавой эстафеты, спартыўным інвентаром у якой паслужыў рыштунак ратавальнікаў.

Старт незвычайным спаборніцтвам быў дадзены на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Ініцыятыву работнікаў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС правесці першыя адкрытыя спаборніцтвы па пажарным кросфіце адміністрацыя ўстановы адукацыі не проста падтрымала, нават пайшла насустрач па ўсіх арганізацыйных пытаннях. У каледжы былі створаны ўмовы для размяшчэння ўдзельнікаў, а таксама разбіта паласа перашкод на спартыўным стадыёне. Значную дапамогу аказалі таксама прадстаўнікі абласнога камітэта БРСМ і спонсары.

— З пачатку лютага ў краіне праходзіць рэспубліканская акцыя МНС “Бяспека — у кожны дом!”, — адзначыў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС А.Г.Клобук. — Адзін з яе этапаў накіраваны на правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый у студэнцкім асяроддзі. Правядзенне спаборніцтваў па пажарным кросфіце дазволіла нам ахапіць максімальную колькасць устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. Сёння тут сабраліся навучэнцы з Оршы, Полацка, Дуброўна, Талачына … Нам, безумоўна, прыемна, што ўдзел у пажарным кросфіце знайшоў такі станоўчы водгук у маладых людзей. Думаю, сёння дадзены старт не толькі спартыўным спаборніцтвам, але і добрай традыцыі праводзіць падобнага роду мерапрыемства штогод.

Нават у працэсе падрыхтоўкі была відавочнай моцная зацікаўленасць маладых людзей у спаборніцтвах. Штодня павялічвалася колькасць заяўленых удзельнікаў, якія пажадалі выпрабаваць сябе на трываласць і цягавітасць. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы ім аказалі раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях Віцебшчыны. У канчатковым выніку сапраўдная барацьба за першынство разгарнулася паміж 19 камандамі. У кожнай з іх — трое хлопцаў і адна дзяўчына ва ўзросце ад 16 да 21 года. Дарэчы, толькі Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж падаў заяўку на ўдзел трох сваіх каманд! І гэта стала сур’ёзнай заяўкай на поспех. Каманда полацкіх спартсменаў, якая, згодна з папярэдняй жараб’ёўкай, выйшла на старт паласы перашкод апошняй, у выніку паказала лепшы вынік. Як аказалася, нервы не здалі, не падвяла і воля да перамогі.

Стомленыя фізічна, але з самымі моцнымі ўражаннямі і радаснымі эмоцыямі, каманды праходзілі эстафету і дабіраліся да фінішу. Былі і тыя, каму не ўдавалася, напрыклад, выканаць апошні элемент эстафеты — кантаванне пакрышкі вагой каля 50 кг. Але гэта не псавала агульнага імпэту. Вялікая нагрузка лягла на плечы прадстаўніц прыгожага полу. Прычым дзяўчаты ні ў чым не саступалі напарнікам па камандзе і паспяхова спраўляліся з пастаўленымі перад імі задачамі. Па выніках спаборніцтваў была вызначана і адзначана прызам ад спонсараў лепшая спартсменка, якая паказала самы высокі вынік. Гэта Настасся Жукава з Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа.

А вынік наступны: каманды Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа, група № 1 і група № 2, занялі 1-е і 3-е месцы адпаведна. А 2-е месца дасталася гаспадарам поля — спартсменам з Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа.

Юлія ПАХОЛКІНА,
старшы інспектар Віцебскага УМНС.
Фота аўтара.