Віцебскія матывы

Выяўленчая дзейнасць адыгрывае значную ролю ў развіцці асобы навучэнцаў, спрыяе фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, выхаванню здольнасцей творча адлюстроўваць свае ўражанні ў мастацкай форме.


У мастацтве заўсёды ёсць тэмы, цікавасць да якіх застаецца нязменнай. Часу непадуладна змяніць значэнне вечных тэм. Наш родны Віцебск мае своеасаблівую аўру, яго называюць другім Парыжам. Тут стваралі свае шэдэўры Марк Шагал і Ілья Рэпін, Юдэль Пэн і Казімір Малевіч, Роберт Фальк, Васіль Кандзінскі, Эль Лісіцкі і Мсціслаў Дабужынскі.


У канцы кастрычніка ў гімназіі № 3 Віцебска прайшла тэматычная выстава мастацкіх работ вучняў 8—9 класаў “Вытокі”, прысвечаная Году малой радзімы. Адкрыццё выставы — гэта сапраўдная падзея для аўтараў, настаўнікаў, гледачоў і гасцей гімназіі. На выставе былі прадстаўлены работы навучэнцаў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі мастацка-эстэтычнага кірунку. Гледачам спадабаліся работы Ульяны Кухнавец “Горад над Дзвіной”, Дзяніса Шалухі “Залатая восень”, Аліны Посахавай “Сфера жыцця”, Таццяны Якушавай “Ваза з кветкамі”, Улада Кудраўцава “Родны Віцебск” і інш.


Сапраўды, карціна ў раме падобна на акно, якое расхінута для творчасці і фантазій дзяцей. Юныя мастакі прапанавалі глыбей, больш уважліва разгледзець усё, што мы бачым у нашым горадзе, што хвалюе нашы пачуцці. Можна смела сказаць, што ўдзельнікі выставы ўкладаюць у кожную работу часцінку сваёй душы. Як вынік — яна становіцца сапраўдным творам мастацтва.

Як адзначыў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў класах мастацка-эстэтычнай накіраванасці Валерый Барысавіч Трацэўскі, жывапіс выклікае адмысловыя эмоцыі, ён пераносіць нас у свет пачуццяў. Гледзячы на карціны юных мастакоў, атрымліваеш асалоду ад прыгажосці роднага горада, па-новаму ўспрымаеш яго. Гэта і ёсць магія вялікага мастацтва.


Вучні ў сваю чаргу выказалі словы падзякі настаўніцам Наталлі Анатольеўне Буянавай і Эльвіры Вільгельмаўне Трацэўскай за тое, што садзейнічаюць развіццю іх творчых мастацкіх здольнасцей.

Правядзенне тэматычных выстаў у гімназіі дае рэальную магчымасць далучыць дзяцей да свету мастацтва і духоўнай культуры.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара.