Веды. Талент. Прыгажосць

Менавіта такое трыадзінства характэрна для ўдзельніц конкурсу прыгажосці і творчасці “Міс адукацыя — 2018”, які прайшоў у Наваполацку ў рамках рэспубліканскай акцыі “Наваполацк — культурная сталіца Беларусі 2018 года”. Заснавальнікі конкурсу — аддзел адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкама, гарадская арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Палац дзяцей і моладзі Наваполацка.


Беларусь заўсёды славілася і славіцца сваімі жанчынамі-прыгажунямі, іх залатымі рукамі, духоўным багаццем. У гэтым чарговы раз пераканалі 26 навапалачанак ва ўзросце да 31 года, якія працуюць ва ўстановах адукацыі горада. Першыя моманты хвалявання ўдзельніцы конкурсу адчулі ўжо на завочным этапе — псіхолага-педагагічным тэсціраванні “Свет ведаў”. Гэта адказнае выпрабаванне, якое не толькі расставіла першыя балы, але і прадставіла кожную канкурсантку як знаўцу педагагічнага майстэрства, спецыяліста. Гісторыя педагогікі і псіхалогіі ў асобах і лічбах, сучасныя тэхналогіі і інавацыі, нарматыўна-прававая дакументацыя — асноўныя тэмы прапанаванага тэста. Але яны ніколькі не збянтэжылі педагогаў, якія толькі пацвердзілі свой высокі навукова-метадычны ўзровень.

А далей усё было яшчэ цікавей і прыгажэй. Праз тыдзень прафесійнае журы падводзіла вынікі фотаконкурсу. Кожная ўдзельніца прадставіла серыю з трох тэматычных фотаздымкаў: “У сэрцы маім — мой горад”, “Я і мая прафесія”, “Cэлфі ў стылі snapchat”. Уражвала не толькі якасць фота, але і бязмежная фантазія, уяўленне, творчы палёт прыгажунь. Усе фотаработы потым былі прадстаўлены на выставе, і госці маглі ацаніць іх ці проста атрымаць зарад станоўчых эмоцый.


Асноўныя святочныя мерапрыемствы адбываліся ў Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка на працягу двух дзён. Першымі сваё майстэрства прадставілі членам журы і гасцям выхавальнікі і педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі, а ў другі дзень галоўнымі гераінямі сталі настаўніцы, педагогі-арганізатары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, педагогі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Здавалася, амаль увесь горад прыйшоў падтрымаць канкурсантак. Яркія фарбы, прыгожая музыка, добрыя словы стваралі святочную атмасферу. Эпіцэнтрам свята былі самі ўдзельніцы. Для некаторых з іх гэта быў першы выхад у новым статусе на вялікую публіку.

Конкурс — напружанне інтэлектуальных, духоўных і фізічных сіл. Разам з тым ён і свята, вышыня і ўзлёт, натхненне і пачуццё гонару. Усё гэта давялося адчуць на сабе педагогам, праходзячы праз этапы конкурсу (напрыклад, візітная картка “Я такая розная”, творчы іспыт “Арт-талент”). Педагогі расказвалі пра сябе, сваю сям’ю, работу, дэманстравалі ўласныя дасягненні і майстэрства ў розных відах творчай дзейнасці. А яшчэ яны марылі і фантазіравалі на тэму “Калі б я была…”. І ў гэтых экспромтах канкурсанткі выказалі шмат добрых і значных ідэй для Беларусі і свайго роднага, любага Наваполацка. Адным з дамашніх заданняў быў праект па стварэнні сцэнічнага касцюма з выкарыстаннем кветкавага вобраза. Гэты відовішчны этап стаў самым яскравым і эмацыянальным. Падчас дэфіле “Кветкавая феерыя”, калі ўдзельніцы прэзентавалі свае сцэнічныя творы, у зале не змаўкалі апладысменты.


Конкурсныя выпрабаванні доўжыліся па некалькі гадзін, аднак здавалася, што ўсё праходзіла вельмі хутка. І вось прагучалі фінальныя акорды. Вядучыя запрасілі на сцэну ўсіх удзельніц і членаў журы. Хаця выпрабаванні засталіся ў мінулым, ад бязмежнага хвалявання нібыта трымцела паветра, прымушаючы хутчэй біцца сэрцы. Званне “Міс адукацыя — 2018” сярод педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі атрымала Вераніка Фулга, дэфектолаг ясляў-сада № 9; сярод педагогаў агульнаадукацыйных школ і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — Алёна Вашчанка, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 14. Першымі віцэ-міс прызнаны Наталля Літвінава, выхавальнік ясляў-сада № 5, і Ілона Захарэнка, настаўніца гімназіі № 2. Статус другой віцэ-міс атрымалі Алёна Паўліновіч, выхавальнік ясляў-сада № 25, і Кацярына Казлова, педагог дадатковай адукацыі Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка. Усе канкурсанткі былі адзначаны ў розных намінацыях. Кожная прыгажуня атрымала падарункі ад арганізатараў і спонсараў свята.
Конкурс стаў не толькі адной з форм маладзёжнага адпачынку, але і стварыў умовы для развіцця творчых здольнасцей, раскрыцця асобаснага, інтэлектуальнага патэнцыялу ўдзельніц. Яго задачы — захаванне і ўдаскаленне нацыянальных традыцый, культурнае і гуманітарнае выхаванне моладзі, фарміраванне яе актыўнай жыццёвай пазіцыі, бо ад маладых залежыць будучыня нашай Беларусі і кожнага яе куточка — малой радзімы.

Святлана АСТАШКІНА,
метадыст аддзела арганізацыйна-масавай работы Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*