Убачыць чароўнае ў звычайным

Пра тое, што ўшацкая зямля багата на таленты, напэўна, ведае кожны беларус, які хаця б крыху цікавіцца літаратурай і мастацтвам. Варта толькі згадаць імёны вядомага ўсяму свету пісьменніка Васіля Быкава ці акцёра тэатра і кіно Генадзя Гарбука — ужо будзе дастаткова на маленькі (менш за 15 тысяч насельніцтва) раён. Скарбонка таленавітых людзей Ушаччыны штогод папаўняецца. Прыбываюць у гэтай сям’і спевакі і музыканты, маладыя пісьменнікі, мастакі і рамеснікі.

Але сёння размова пойдзе пра педагога, якога з упэўненасцю можна назваць і мастаком, і майстрам, і рамеснікам. Ганну Бабянок лёс прывёў на Ушаччыну ў 2005 годзе, і літаральна праз некалькі гадоў яе імя стала вядома амаль кожнаму жыхару маленькага населенага пункта. “Бабянок Ганна Аляксандраўна? А, гэта тая майстрыха, што вырабляе прыгожыя пано з бяросты, шыкоўныя кветкі і букеты з саломы”, — так загаварылі праз некаторы час пасялкоўцы пра маладога спецыяліста. Зараз яна ўжо мае за плячыма чатырнаццаць гадоў педагагічнай дзейнасці, з якіх трынаццаць — ва Ушацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. І словы “Бабянок Ганна Аляксандраўна” цяпер асацыіруюцца з больш сталымі эпітэтамі: гаворым іх — і бачым прыгожыя, выкананыя з душой, разнапланавыя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у памяці ўсплываюць дзясяткі персанальных выстаў, выстаў-продажаў не толькі падчас раённых кірмашоў і свят, але і на Дзень беларускага пісьменства, падчас Міжнароднага фестывалю мастацваў “Славянскі базар у Віцебску”… Усе, хто ведае Ганну Бабянок, пагодзяцца, што яна няўрымслівы руплівец, таленавіты педагог, які карыстаецца бязмежнай дзіцячай любоўю і бацькоўскай павагай, дастойны пашаны чалавек. Менавіта так змагла зарэкамендаваць сябе Ганна Аляксандраўна за гады жыцця на Ушаччыне, дзе жанчыну лічаць сваёй, роднай.

Ганна Аляксандраўна з’яўляецца выдатным майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яна сама вырабляе прыгожыя рэчы і перадае сваім навучэнцам уменне ствараць сапраўдныя цуды з прыроднага матэрыялу — бяросты і моху, каменьчыкаў і пялёсткаў, сізалю і насення. Майстар працуе ў розных тэхніках: шыццё і фларыстыка, аплікацыя і вязанне, вышыўка і бацік, выпальванне і бісерапляценне. Але адзін з відаў традыцыйнага беларускага рамяства — саломапляценне — з дзяцінства захапіў Г.Бабянок, як кажуць, з галавой і дагэтуль не пакідае. Пра салому Ганна Аляксандраўна ведае, здаецца, усё: якія гатункі збожжавых культур найбольш падыходзяць для пляцення, якімі сродкамі лепш карыстацца для выбельвання і афарбоўкі гэтага прыроднага матэрыялу. Ведае розныя віды пляцення, умела іх камбінуе, уносіць аўтарскія адметнасці. А якія цуды выходзяць з-пад яе маленькіх рук! Тыдзень назад была гара саломы, а сёння…

У цудоўным кабінеце-майстэрні педагога можна ўбачыць разнастайныя вырабы. Саламяныя павукі, лялькі-абярэгі, велічныя паўліны і калядныя анёлы, вянкі і капелюшы, лялькі-беларусачкі і нават саламяны конь па пояс даросламу чалавеку — усімі гэтымі вырабамі могуць палюбавацца дзеці падчас заняткаў у гуртку. І як тут не загарэцца іскрынкай жадання самім зрабіць нешта падобнае!

Нядзіўна, што выхаванцы Ганны Аляксандраўны штогод з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі шматлікіх конкурсаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. “Лёд. Кветкі. Фантазія”, “Калядная зорка”, “Саматканы цуд”, “Прывітанне, свет!”, ІV Рэспубліканскі конкурс юных майстроў — гэта няпоўны пералік творчых спаборніцтваў, з якіх гурткоўцы прывезлі дыпломы рознай вартасці толькі ў 2017 годзе.

Ганне Бабянок дадзены незвычайны талент бачыць свет праз прызму прыгажосці, адчуваць гармонію выпадковых спалучэнняў звычайных прадметаў: “Люблю бываць у лесе. Ніколі не вяртаюся адтуль з пустымі рукамі — нясу ўсялякія карчы, галінкі, каменьчыкі, якія потым знойдуць новае жыццё ў маіх кампазіцыях”. “Люблю дзяцей. Яны такія цікаўныя, і ў кожным — іскра таленту”, — прызнаецца Ганна Аляксандраўна. Бясконца творчы i цікавы чалавек, яна кожны год, месяц, а можа, і штодзень узнімаецца на новыя вяршыні i не збіраецца спыняцца на дасягнутым.

Людміла ДАВЫДАВА,
дырэктар Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.