У прыроды ёсць сябры — гэта мы: і я, і ты

Адна з распаўсюджаных форм пазакласнай работы з навучэнцамі — правядзенне прадметных тыдняў. Такія мерапрыемствы добра зарэкамендавалі сябе, паколькі спрыяюць развіццю цікавасці да вучэбнага прадмета, фарміраванню навыкаў і ўстойлівай матывацыі да самастойнай працы. У нашай школе штогод з навучэнцамі 1—4 класаў праводзіцца экалагічны тыдзень пад назвай “Зялёны свет”, які ўключае розныя віды пазнавальнай і пошукавай дзейнасці дзяцей.

Так, сёлета з навучэнцамі 1-х класаў была праведзена гульня-падарожжа “Загадкі Лесавічка”. Першакласнікі сустрэліся з захавальнікам лесу Лесавічком і разам з ім адправіліся ў падарожжа. Як многа адкрыццяў чакала іх наперадзе! Перасоўваючыся ад адной станцыі да другой, навучэнцы з задавальненнем выконвалі заданні. Дзеці паказвалі добрае веданне алфавіта і складалі словы ў конкурсе “Алфавіт вакол нас”. Запісвалі словы, якія былі зашыфраваны ў выглядзе малюнкаў, назіралі за раслінамі, знаёміліся з жывёламі, для якіх лес — родны дом, адгадвалі лясныя загадкі, выпраўлялі памылкі, дапушчаныя Нязнайкам. А ў завяршэнне ўсе разам склалі правілы ветлівасці, якія трэба выконваць у прыродзе. Гульня прайшла весела, цікава і заўзята.

Навучэнцы 2-х класаў прынялі ўдзел у пазнавальнай гульні “Гэтыя дзіўныя расліны”, дзе сустрэліся 3 каманды: “Гарлачык”, “Рамонак”, “Бэз”. “Рамонкі” першымі склалі і прачыталі фразу “Беражы лес — наша багацце”, перамаглі ў конкурсе “Пра што кажуць лісцікі?”. А як многа розных слоў знайшлі школьнікі ў слове “жаўрук” падчас конкурсу “Знайдзі слова ў слове”! Працавалі над скорагаворкамі і стараліся вымавіць іх хутка-хутка. Атрымалася ў канкурсантаў таксама разгадаць крыжаванку пра жывёл “Хто што любіць” і прачытаць ключавое слова. А яшчэ ўдзельнікам трэба было пазнаць дрэвы па апісанні, адгадаць назвы кветак, пакаёвых раслін. Заданні суправаджаліся цікавымі фактамі са свету раслін, яркімі слайдамі і музыкай, што дапамагло стварыць неабходную атмасферу, акунуцца ў свет жывой прыроды, поўны таямніц і загадак.

Цікава была арганізавана рэкламная кампанія “Цуды роднага краю” сярод вучняў 3-х класаў, у ходзе якой дзеці больш падрабязна пазнаёміліся з гістарычнымі і прыроднымі асаблівасцямі Беларусі, яе культурнымі традыцыямі і прамысловым патэнцыялам. Навучэнцы пабывалі на завочнай экскурсіі на Аршанскі льнокамбінат, шклозавод “Нёман”, Жодзінскі аўтамабільны завод. Быў складзены спіс сямі цудаў Беларусі, у які ўключылі Крыж Ефрасінні Полацкай, Біблію Францыска Скарыны, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Нясвіжскі замак, Сынкавіцкую царкву-крэпасць, слуцкія паясы, Белавежскую пушчу.

Навучэнцы 4-х класаў змагаліся за званне лепшай каманды ў інтэлектуальным конкурсе “Свая гульня”. Ім неабходна было паказаць свае веды ў розных катэгорыях: “Казкі пра жывёл”, “Прырода роднага краю”, “Прыказкі”, “І жартам, і ўсур’ёз”, “Кемлівасць”. Удзельнікі гульні адгадвалі загадкі, складалі прыказкі, рашалі рэбусы і крыжаванкі. Навучэнцы загадзя падрыхтавалі паведамленні на тэму “Экалагічная роля птушак і насякомых”, у якія ўваходзілі лічбавыя даныя, загадвалі задачы ў вершах, з імпэтам выконвалі лагічныя заданні на кемлівасць. Жаданне адказваць было ва ўсіх. Як не скарыстаць такую выдатную магчымасць паразважаць, паспаборнічаць, пагуляць? Навучэнцы праявілі сябе ў конкурсах экалагічнага плаката, малюнкаў, вырабаў з прыродных, нетрадыцыйных і другасных матэрыялаў, у міжнароднай гульні “Каласок”. Кожны дзень школьнікі ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, якія маюць экалагічную тэматыку. А ў канцы тыдня на ўрачыстай цырымоніі закрыцця былі падведзены вынікі конкурсаў. Пераможцы і прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Удзельнічаючы ў мерапрыемствах, навучэнцы паказалі сваё ўменне працаваць у групе, а таксама творча падыходзіць да выканання заданняў. Але галоўнае, чаму ўдзялялі ўвагу педагогі, — каб кожны зразумеў, што ўсе мы дзеці прыроды. З малых гадоў чалавек павінен пазнаваць яе і абавязкова вучыцца любіць, берагчы, разумна карыстацца яе багаццямі.

Алена МАЗГО,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў
сярэдняй школы № 1 Лепеля.