У калейдаскопе будучых прафесій

Штогод у сакавіку ў Полацку больш за тысячу школьнікаў, будучых абітурыентаў, і іх бацькоў наведваюць Рэспубліканскую прафарыентацыйную выставу-прэзентацыю “Прафесійны калейдаскоп”. Арганізатарам мерапрыемства выступае рэсурсны цэнтр “Прафарыенцір” Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, які ў бягучым навучальным годзе праводзіў актыўную прафарыентацыю выпускнікоў школ у рамках сацыяльна значнага рэгіянальнага праекта “Паспяховы я — паспяховая краіна”.


Выстава — своеасаблівы і красамоўны вынік гэтай сур’ёзнай работы. Яна дае старшакласнікам Віцебскай вобласці аптымальную магчымасць вызначыцца з выбарам будучай прафесіі і, па ацэнках наведвальнікаў, з’яўляецца адным з найбольш запатрабаваных і змястоўных тэматычных праектаў у рэгіёне.

Будаўніцтва, медыцына, кулінарыя, гандаль, радыёэлектроніка, машынабудаванне, сельскагаспадарчая вытворчасць — шырокі спектр прафесій па гэтых і многіх іншых напрамках быў прадстаўлены на 48 стэндах вядучых устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі нашай краіны. На працягу чатырох гадзін работы выставы адказы на ўсе хвалюючыя пытанні наконт умоў паступлення і навучання, пераліку спецыяльнасцей і прахадных балаў давалі не толькі выкладчыкі, але і актыўныя студэнты і навучэнцы. Кожны наведвальнік мог атрымаць буклет, дзе адлюстраваны напрамкі, дасягненні ў навукова-даследчай рабоце, арганізацыя выхаваўчай работы і расклад дзён адкрытых дзвярэй той установы адукацыі, якая найбольш зацікавіла.

Прадстаўнікі маладзёжнага парламента Полацкага раёна і валанцёры аб’яднанняў па інтарэсах Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі накіроўвалі і суправаджалі наведвальнікаў да выставачных стэндаў. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў былі прадстаўленыя вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, Мінска, Пінска, Гомеля, Віцебска, Полацка найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, абсталяванне апошняга пакалення і інтэрактыўныя методыкі, якія выкарыстоўваюцца ў сістэме адукацыі.

Не меншую цікавасць выклікалі пляцоўкі, прадстаўленыя каледжамі полацкага рэгіёна і Віцебска. Пазнаёміцца з таямніцамі кухарскай справы можна было ў імправізаванай майстэрні Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа. Каля столікаў, дзе размяшчаліся майстэрні цырульніцкага мастацтва і дэкаратыўнай касметыкі, сабралася чарга з жадаючых змяніць свой вобраз.

Выстава прадаставіла вычарпальную інфармацыю аб навучальных установах рэспублікі, сарыентаваўшы выпускнікоў на выбар прафесіі, а таксама дала імпульс для развіцця сумеснай дзейнасці, новых форм супрацоўніцтва, накіраваных на ўдасканаленне прамых сувязей паміж універсітэтамі, інстытутамі і сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі.

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета
Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Фота аўтара.