Тыдзень сюрпрызаў і адкрыццяў

Вучыцца павінна быць цікава. Толькі тады вучэнне можа быць паспяховым. Важнай умовай развіцця дзіцячай дапытлівасці, патрэбы самастойнага пазнання навакольнага свету, пазнавальнай актыўнасці і ініцыятыўнасці з’яўляецца стварэнне развіццёвага адукацыйнага асяроддзя. Адной з форм развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў з’яўляецца правядзенне прадметных тыдняў. І якраз праз гэтую форму работы мы можам захапіць практычна ўсіх дзяцей, стварыць умовы, пры якіх уся пачатковая школа будзе на працягу пэўнага тэрміну паглыбляцца ў прапанаваную адукацыйную галіну, аб’ядноўваючы ў адзіным парыве ўсіх: настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў.


Удзел у прадметным тыдні дае магчымасць малодшаму школьніку праявіць свае інтэлектуальныя здольнасці, раскрыць шматграннасць сваіх інтарэсаў. Важна не пакінуць без увагі ні аднаго навучэнца, улічыць вучэбныя магчымасці ўсіх школьнікаў. Таму, згодна з планам работы сярэдняй школы № 1 Дуброўна, праводзіўся Тыдзень пачатковых класаў. Гэтая форма работы стала ўжо традыцыйнай. На пасяджэнні метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў быў складзены, абмеркаваны і зацверджаны план тыдня.

Тыдзень адкрыўся незвычайнай інсцэніроўкай, на якой малодшыя школьнікі даведаліся, што Баба Яга ператварыла школу ў хатку на курыных ножках. Каб вярнуць ранейшую сучасную школу, ім трэба будзе паказаць казкі Бабе Язе. Вучні 2-х класаў паказалі музычныя інсцэніроўкі з вядомых казак “Муха-цакатуха” і “Рэпка”. Баба Яга, вядома ж, вярнула школу, а на развітанне першакласнікі падарылі ёй зімовы танец “Белыя сняжынкі”. Аўторак стаў днём юнага эрудыта. У гэты дзень другакласнікі здзейснілі экалагічнае падарожжа “Таямніцы прыроды”. Лепшыя вучні змаглі паспрабаваць свае сілы ў алімпіядзе па матэматыцы. Для аматараў прыроды прайшла віктарына “У свеце жывёл”, а праявіць свой талент, працавітасць і характар змаглі ўсе жадаючыя на шахматным турніры.

Серада была прысвечана філалогіі. Алімпіяды па рускай мове, турніры знаўцаў, віктарыны, конкурсы на лепшы сшытак і дзённік так захапілі вучняў, што на ўроках усе вельмі стараліся акуратна пісаць, быць актыўнымі. Кожнаму дзіцяці хацелася, каб іх дзённік і сшытак назвалі лепшымі.

У чацвер, дзень юных даследчыкаў, прайшоў конкурс даследчых работ “Вернісаж”. Тэмы навучэнцы выбралі самыя разнастайныя: “Гульні праз пакаленні”, “Энергазберажэнне ў класе і школе”, “Выраб паперы ў хатніх умовах”, “Дубровенскія паясы”, “Кніга — крыніца ведаў”, “Таямніца імя”, “Мамін кухцік”, “Атрыманне электрычнасці з агародніны і садавіны”.

А далучыцца да гісторыі роднага краю і даведацца шмат новага аб сваёй школе навучэнцы змаглі пры наведванні гісторыка-краязнаўчага музея, якім кіруе Ларыса Андрэеўна Кабуш.

На працягу ўсяго тыдня працавала выстава творчых работ навучэнцаў “Творчасць не ведае меж”, на якой хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі свае вырабы, малюнкі, аплікацыі, калажы, выкананыя самастойна і разам з педагогамі і бацькамі. Не абышлося і без спартыўных спаборніцтваў. Цікавыя эстафеты прайшлі паміж вучнямі першых класаў, дзе пераможцамі сталі вучні 1 “Б” класа. У напружанай барацьбе сярод чацвёртакласнікаў перамаглі вучні 4 “Б” класа. Але ніхто не засмуціўся, бо ўсе ўдзельнікі засталіся задаволеныя падарункамі і атрыманым зарадам бадзёрасці і добрага настрою.

І, вядома ж, усе з нецярпеннем чакалі дня сюрпрызаў — пятніцу. Святочны канцэрт зарадзіў станоўчымі эмоцыямі ўсіх тых, хто сабраўся ў зале. Пераможцы і актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, якія прыйшлі за тыдзень, атрымалі падарункі, граматы і дыпломы.

Тыдзень пачатковых класаў прайшоў выдатна, на адным дыханні. Цяпер школьнікі з нецярплівасцю зноў чакаюць такіх жа цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Можна з упэўненасцю сказаць, што Тыдзень пачатковых класаў прайшоў у атмасферы творчасці, супрацоўніцтва, крэатыўнасці. Педагогі імкнуліся максімальна зацікавіць вучняў, прыцягнуць да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах. Кожнае дзіця мела магчымасць раскрыцца і рэалізаваць свае творчыя і інтэлектуальныя магчымасці, праявіць камунікабельнасць і ўменне супрацоўнічаць з аднагодкамі.

Тыдзень скончыўся. Якія ж яго вынікі? Па-першае, добры настрой, высокі эмацыянальны ўздым. Усмешкі не сыходзілі з твараў дзяцей. Па-другое, прадметны тыдзень даў магчымасць праявіць фантазію, індывідуальнасць і арыгінальнасць кожнаму дзіцяці. Па-трэцяе, пяць дзён сталі днямі псіхалагічнай разгрузкі і зняцця эмацыянальнага напружання ў вучняў. Агульны пазітыўны настрой навучэнцаў дае станоўчыя вынікі і ва ўзаемаадносінах з аднагодкамі, і ў вучэбнай дзейнасці. Няхай успаміны аб пачатковай школе будуць яркімі, радаснымі, шчаслівымі!

Алена ЗАЙЦАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці сярэдняй школы № 1 Дуброўна.