Творчае ўспрыманне казак А.С.Пушкіна

Сярод твораў вялікага паэта асаблівае месца займаюць чароўныя казкі.  Яны прыцягваюць увагу дзяцей сваім дынамічным сюжэтам, незвычайнымі падзеямі і сцэнамі, поўнымі цудаў. У гімназіі № 3 Віцебска ў рамках правядзення традыцыйных Пушкінскіх дзён прайшла выстава творчых работ навучэнцаў 2-х класаў па матывах казак А.С.Пушкіна “У майстэрні цудоўных казак”.

З цікавасцю прачыталі цудоўныя казкі вялікага паэта, стварылі выдатныя вырабы сваімі рукамі, аб’ёмныя кампазіцыі і прадставілі іх на выставе навучэнцы 2-х класаў. Шмат добра знаёмых нам казачных персанажаў можна было ўбачыць на выставе. Сярод творчых работ былі прадстаўлены Стары  і Залатая рыбка, цар Салтан і  Царэўна-лебедзь, Чорт і Балда, Русалка і Кот-вучоны. Правядзенне выставы спрыяла павышэнню цікавасці навучэнцаў да чытання казак А.С.Пушкіна, развіццю творчых здольнасцей.

У гімназіі дзейнічае Пушкінскі цэнтр пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры І.В.Бабенка. У рамках яго работы ў гімназіі прайшоў “Казачны марафон” пад назвай “Там, на невядомых дарожках”. Метадычныя матэрыялы для яго правядзення распрацавала  настаўніца рускай мовы і літаратуры А.М.Навіцкая. Перад правя­дзеннем марафону навучэнцы 5-х класаў атрымалі дарожныя лісты, а затым рушылі  па казачных станцыях.

Станцыя 1. “Куфэрак народнай мудрасці” (веданне загадак, прымавак, прыказак, якія выкарыстоўваліся ў  творах А.С.Пушкіна).

Станцыя 2. “Цу­доўныя казкі” (правядзенне віктарыны “Казкі Пушкіна”).

Станцыя 3. “На золотом крыльце сидели” (веданне рускіх народных казак).

Станцыя 4. “Казачная мазаіка” (выкананне творчага задання “Рассмяшы царэўну Несмяяну”).

Станцыя 5. “У гасцях у казкі” (паказ удзель­нікамі марафону тэатральных пастановак па матывах  казак А.С.Пушкіна).

Гімназічнае мерапрыемства “Казачны марафон” было цікавым, пазнавальным, таму што атрымаўся творчы саюз гімназістаў, класных кіраўнікоў, настаўнікаў рускай мовы і літаратуры.

У малюнках адлюстравалі сваё ўспрыманне казак вялікага паэта навучэнцы 3—5 класаў. У выніку ў гімназіі прайшла выстава “Пушкін вачыма дзяцей”. Прэзентуючы свае мастацкія работы, вучні чыталі на памяць урыўкі з упадабаных казак. Выстава працавала на працягу тыдня, і гэта дало магчымасць навучэнцам, бацькам і гасцям гімназіі паглядзець малюнкі, створаныя таленавітымі гімназістамі пад кіраўніцтвам настаўнікаў малявання А.Ф.Зайцавай, А.А.Бартош, Э.В.Трацэўскай і Н.А.Буянавай. Гэтыя настаўнікі выкарыстоўваюць эфектыўныя метады і формы правядзення факультатыўных заняткаў для  развіцця мастацкіх, творчых здольнасцей навучэнцаў.

Цікавасць да вывучэння творчасці А.С.Пушкіна захоўваецца і ў цяперашні час. Навучэнцы малодшага і сярэдняга ўзрост­у з задавальненнем чытаюць вершы, казкі вялікага паэта, бо яны вучаць дабру, народнай мудрасці, захапленню прыгажосцю прыроды.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара.