Тваё здароўе — у тваіх руках

Які сэнс укладвае цяперашняя моладзь у паняцце “здароўе”, што робіць для таго, каб яго захаваць, як клапоціцца пра сябе і сваю будучыню, вырашылі даведацца ў Аршанскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі на чарговым пасяджэнні брыфінг-клуба “Тваё здароўе — у тваіх руках”.

Чаму ж тэма здароўя такая папулярная ў наш час? Грамадства ўпэўнена рухаецца па шляху прагрэсу. Але разам з дасягненнямі навукі і тэхнікі, культуры чалавецтва атрымлівае і адмоўныя вынікі свайго развіцця. Стрэсы, гіпадынамія — маларухомы лад жыцця, напружанне вачэй, няправільнае хуткае харчаванне — усё гэта адмоўна ўплывае на стан здароўя. З іншага боку, развіццё прамысловасці, неабачлівае “заваяванне” прыродных рэсурсаў парушае экалагічную раўнавагу. Пералічаныя праблемы настолькі маштабныя, што, напэўна, абыякавых да іх людзей сёння няма. На пасяджэнні брыфінг-клуба 25 устаноў адукацыі Аршанскага раёна прадставілі 56 навучэнцаў, 24 педагогі і 13 членаў Маладзёжнай палаты. Акрамя таго, да работы актыўна далучыліся запрошаныя госці — псіхолаг сярэдняй школы № 4 Оршы Вольга Падаляк, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Таццяна Хаткевіч і Аляксей Талай, якога ўсе прысутныя віталі стоячы. Менавіта на гэтым моманце адкрытага дыялогу хочацца засяродзіць увагу. У СМІ Аляксея часта называюць беларускім Нікам Вуйчычам. Пасля трагічнай падзеі, выбуху міны часоў Другой сусветнай, ён ужо 18 гадоў без рук і ног. Многія спытаюць: чаму ж госцем сустрэчы, прысвечанай тэме здароўя, быў выбраны чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі? Найперш таму, што гэта надзвычай цікавы, уважлівы і эрудзіраваны суразмоўнік, багаты жыццёвы вопыт якога дапамагае знайсці адказы на хвалюючыя моладзь пытанні, выказаць іх у тактоўнай, нязмушанай форме. І таму, што, нягледзячы на цяжкасці, здолеў паверыць у сябе, свае сілы і простае чалавечае шчасце, на асабістым прыкладзе даказаў: здароўе кожнага — у яго ўласных руках. Аляксей Талай у свае 34 гады не толькі паспяховы бізнесмен, грамадскі дзеяч, бацька чацвярых дзяцей, але і член параалімпійскай зборнай Беларусі па плаванні, а нядаўна яму было прысвоена званне майстра спорту Рэспублікі Беларусь. Адным з самых яркіх і паказальных момантаў адкрытага дыялогу стала прызнанне навучэнца сярэдняй школы № 12 Оршы Андрэя Ката. Хлопец расказаў гісторыю сваёй бабулі: 75-гадовая жанчына, у якой вельмі балелі ногі, паглядзела прысвечаны Аляксею Талаю выпуск тэлеперадачы “Няхай гавораць” і так уразілася, што сур’ёзна ўзялася за сваё здароўе і… пачала бегаць. Нават пасля завяршэння сустрэчы маладыя людзі не жадалі развітвацца з Аляксеем: задавалі пытанні, фатаграфаваліся разам, проста падыходзілі і казалі дзякуй. Жадалі поспехаў у спартыўнай кар’еры, бо наперадзе ў спартсмена — нялёгкія старты і новыя перамогі. Параалімпійскі медаль у Токіа — справа часу і веры. Мы падзяляем гэтую ўпэўненасць! Здароўе кожны стварае самастойна — сваімі думкамі, перакананнямі, жаданнямі. Усё, што здаецца правільным знешне, не заўсёды бывае правільным знутры. Жыць сёння трэба так, каб мець шанс убачыць заўтра.

Вольга ШВАН,
загадчык аддзела сацыяльнай і інтэлектуальна-развіццёвай дзейнасці
Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*